З цеплынёй і дабрынёй

- 11:53Актуальна, Апошнія запісы, Нашы дзеці

У краіне стартавала навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Сімвалічную кнопку старту ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі сталіцы націснуў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Ва ўрачыстасцях прыняў уд зел старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка.

“Акцыя “Нашы дзеці” — ініцыятыва нашага Прэзідэнта, якая ўпершыню адбылася ў 1995 годзе. На працягу чвэрці стагоддзя штогод дарослыя робяць цуд для нашых дзяцей. Таму сёння мы сабраліся ў адрамантаваным Нацыянальным цэнтры дзіцячай творчасці — гэта адзін з падарункаў нашым дзецям да Новага года”, — сказаў віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка.

Паводле яго слоў, вельмі важна, што з кожным годам да ўдзелу ў дабрачыннай акцыі далучаецца ўсё больш арганізацый і ўстаноў. “Гэта неабходна для таго, каб выканаць запаветную мару дзяцей, каб іх жаданні спраўджваліся, каб яны задумвалі, кім ста ць. Мы ствараем усе неабходныя ўмовы, каб яны атрымалі добрую адукацыю”, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

“Наша задача, каб цеплыню і дабрыню, якую дораць дарослыя, дзеці перадавалі сваім аднагодкам, у цяжкую хвіліну маглі добрым словам, добрай справай, учынкам падтрымаць сваіх знаёмых і сяброў. Для нас гэта вельмі важна. На працягу месяца неабходна арганізавана правесці тэматычныя мерапрыемствы па ўсёй краіне, каб кожнае дзіця, дзе б яно ні пражывала — у вялікім горадзе, сталіцы, абласным цэнтры ці маленькай вёсачцы, атрымала навагодні падарунак і яго жаданне ажыццявілася”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.

На адкрыццё акцыі ў Нацыянальны цэнтр дзіцячай творчасці былі запрошаны дзеці з усіх рэгіёнаў краіны. На сцэну выходзілі пераможцы алімпіяд, турніраў, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, а таксама дзеці з сацыяльных прытулкаў, апякунскіх, прыёмных сем’яў. Усе яны атрымлівалі арыгінальныя падарункі і білеты на рэспубліканскую навагоднюю ёлку ў Палац Рэспублікі.

Напрыклад, выхаванцы Ваўкавыскага дзіцячага дома (на здымку) атрымалі сертыфікат на наведванне сядзібы Дзеда Мароза ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча”. Сертыфікат уручыў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук. Старшыня Федэрацыі хакея Беларусі, Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, алімпійскі прызёр Аляксандр Багдановіч павіншаваў прадстаўнікоў Віцебскай вобласці. На сцэну вышлі прызёры рэспубліканскай алімпіяды.

Падчас святочнага канцэрта на сцэну выходзілі як прафесійныя артысты, так і юныя выканаўцы, танцоры — удзельнікі калектываў з розных куткоў нашай краіны. Акрамя таго, падключаліся прадстаўнікі ўсіх абласцей, якія віншавалі са святам з экрана.

Акцыя “Нашы дзеці” працягнецца да 14 студзеня 2022-га. Падчас акцыі кіраўнікі міністэрстваў і іншых органаў дзяржкіравання, мясцовых улад, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый наведаюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем’і, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны павіншуюць дзяцей з Новым годам, Калядамі, уручаць падарункі, акажуць дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем.

Да дабрачыннай акцыі далучацца больш за 90 дзяржаўных арганізацый, якія наведаюць звыш 150 устаноў і арганізацый аховы здароўя, сацыяльнай абароны. Плануецца, што агульная колькасць дзяцей, якія паўдзельнічаюць у акцыі, будзе налічваць каля мільёна. Асобная ўвага — дзецям медыцынскіх работнікаў, якія былі задзейнічаны ў аказанні дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй.

Традыцыйна ў межах акцыі ў сталіцы адбудуцца Галоўная ёлка краіны, дабрачынныя святы ў Палацы Рэспублікі і Палацы Незалежнасці, баль для навучэнцаў і студэнтаў — пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў і алімпіяд. У Мінск будуць запрошаны каля 4500 дзяцей. Акрамя таго, у кожнай вобласці пройдуць святы для дзяцей з удзелам губернатараў.

Як адзначылі ў Міністэрстве адукацыі, усё будзе арганізавана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя да правядзення масавых мерапрыемстваў падчас кавіду.

Сёлета адметнай асаблівасцю акцыі “Нашы дзеці” стане правядзенне дабрачыннага збору грашовых сродкаў, якія будуць накіраваны на паляпшэнне ўмоў знаходжання дзяцей у арганізацыях аховы здароўя, установах адукацыі, сацыяльнай абароны. Магчымасць падтрымаць марафон добрых спраў ёсць у любога жадаючага. Аказаць матэрыяльную падтрымку дзецям можна, пералічыўшы грашовыя сродкі на разліковы рахунак Беларускага дзіцячага фонду. Уся патрэбная інфармацыя размешчана на сайце арганізацыі www.bcf.by.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.