Кадэцкі баль распачаў чаргу святочных мерапрыемстваў акцыі “Нашы дзеці” на Гомельшчыне.
Пад гукі паланэза ў выкананні камернага аркестра Гомельскай абласной філармоніі ўвайшлі ў Палац культуры чыгуначнікаў Гомеля вытанчаныя дзяўчаты і строгія падцягнутыя юнакі. Афіцэрскі вальс, кадрыль, мазурка, полька… Гэтыя танцы былі ўключаны ў бальную карту вечара, які сабраў 160 юнакоў і дзяўчат з Гомельскага кадэцкага вучылішча.
Строгія юныя кадэты імкнуцца трымаць твар і спіну. Дзяўчаты ў доўгіх сукенках хвалююцца — як тая Наташа Растова на сваім першым балі. Над іх вобразамі папрацавалі цырульнікі і візажысты. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей нагадвае, што 3 гады назад у Гомелі ўпершыню прайшоў абласны кадэцкі баль, які зачараваў і закружыў галаву не толькі яго ўдзельнікам, але і шматлікім гасцям:
— Мы з захапленнем назіралі, якія грацыёзныя юныя пары, слухалі цудоўную музыку вялікіх класікаў і мімаволі ўяўлялі сябе на месцы танцуючых. Мне б хацелася, каб тут, як і на старажытных балях, вяліся цікавыя інтэлектуальныя гутаркі на розныя тэмы. Каб з’явілася рэальная альтэрнатыва для правядзення вольнага часу без тэлефонаў і камп’ютараў. Дарагія юнакі і дзяўчаты, вы займаеце актыўную пазіцыю, атрымліваеце выдатную адукацыю, генерыруеце цікавыя інавацыйныя ідэі. На вас ускладаюцца вялікія надзеі. Таму што ваш час — гэта тая светлая будучыня, асновы якой фарміруем мы, а вам яе развіваць і ўмацоўваць. Шчыра жадаю, каб імкненне да перамог, рух наперад, ідэі канструктыўнага развіцця дзяржавы ў цэлым і нашага рэгіёна ў прыватнасці назаўсёды замацаваліся ў вашых галовах і сэрцах.
На балі кадэтаў Паліну Шведаву і Аляксандра Віткоўскага ўзнагародзілі за выдатныя поспехі ў вучобе. Серафіма Архіпенку, Артура Вайзберга, Злату Ларкову, Арыну Саўчанка, Данііла Шыленкова, Вадзіма Чубукова, Арыну Кукушкіну, Дар’ю Слесараву адзначылі за ўдзел у алімпіядным руху, а Ягора Люцікава — за поспехі ў спорце.
* * *
Зусім хутка на абласны баль у Гомельскі палацава-паркавы ансамбль прыедзе таленавітая моладзь з усіх раёнаў паўднёва-ўсходняга рэгіёна.
Тут уручаць штогадовыя прэміі Гомельскага аблвыканкама. На галоўную ёлку рэгіёна ў Гомельскі дзяржаўны цырк запросяць 1,5 тысячы дзяцей з усіх раёнаў.
Упершыню на Гомельшчыне пройдзе рэспубліканская акцыя “Калядная ёлка — нашы дзеці” для дзяцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У Гомельскім дзяржаўным цырку святочны настрой падораць 790 хлопчыкам і дзяўчынкам з Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай, Гомельскай абласцей.
На навагодняе дабрачыннае свята ў сталічны Палац Рэспублікі з Гомельшчыны адправіцца дэлегацыя са 100 школьнікаў рэгіёна. На рэспубліканскім балі ў Палацы Незалежнасці вобласць прадставяць 26 чалавек, якія маюць асаблівыя поспехі ў вучобе, творчасці і спорце. А ў Палац Незалежнасці прыедуць 50 юных жыхароў рэгіёна на свята для дзяцей з мнагадзетных, прыёмных сем’яў, сацыяльна небяспечных катэгорый.
Навагоднія ранішнікі, дабрачынныя святы пройдуць і ва ўсіх 1165 установах адукацыі, падкрэсліў Руслан Смірноў:
— Кожнае дзіця чакае цудаў пад Новы год. Падарыць іх можам мы — дарослыя. На правядзенне навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” выдзелена каля Br90 тысяч з бюджэту Гомельскай вобласці. Фінансуецца акцыя як за кошт мясцовых бюджэтаў, так і з пазабюджэтных крыніц.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.