Радасць свята — кожнаму дзіцяці

- 11:58Нашы дзеці

На Магілёўшчыне днямі пачнецца рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Штогод яна дорыць шчаслівыя ўсмешкі, радасць і веру ў цуд тысячам хлопчыкаў і дзяўчынак.

Падчас навагодніх і калядных свят кіраўніцтва мясцовых выканаўчых улад, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў будуць з падарункамі навед­ваць інтэрнатныя ўстановы, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзяцей з апякунскіх і прыёмных сем’яў, цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. 

— Значнай падзеяй рэалізацыі акцыі ў нашым рэгіёне стане адкрыццё чарговага дзіцячага дома сямейнага тыпу. Сярод адметных мерапрыем­стваў — калядны кадэцкі баль, баль для навучэнскай і студэнцкай моладзі, абласная навагодняя ёлка, якая аб’яднае звыш 600 дзяцей. Маштабнае свята будзе арганізавана таксама для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, выхаванцаў ЦКРНіР. Сотні магілёўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак стануць удзельнікамі рэспубліканскіх навагодніх мерапрыемстваў, — расказала намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Алена Клімянкова.

Традыцыйна ў рамках акцыі будзе праходзіць і дабрачынны марафон “Сагрэем дзіцячыя сэрцы”, ініцыятарам якога выступае магілёўскае аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду. Марафон закліканы прыцягнуць увагу жыхароў вобласці і садзейнічаць аказанню матэрыяльнай дапамогі дзецям з малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў, дзецям-сіротам, дзецям-інвалідам і дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

— Акцыя “Нашы дзеці” заўсёды аб’ядноўвае мноства неабыякавых людзей, матывуе на дабрыню, міласэрнасць і суперажыванне. Агульнымі аб’яднанымі намаганнямі атрымліваецца падарыць радасць свята кожнаму маленькаму жыхару рэгіёна, — адзначыла Алена Клімянкова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва аўтара.