Марафон добрых спраў

- 9:20Нашы дзеці

Рэспубліканская навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” стартавала на Аршаншчыне.

На ўрачыстасць ля навагодняй ёлкі з яркай канцэртна-забаўляльнай праграмай, Дзедам Марозам, Снягуркай і іх казачнымі памочнікамі запрасілі выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і прыёмных сем’яў, дзе выхоўваюцца трое і больш дзяцей-сірот і (або) непаўналетніх, пакінутых без апекі бацькоў.

Мерапрыемства было арганізавана ў будынку ўпраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама. З надыходзячымі Новым годам і Калядамі дзяцей павіншаваў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. Ганаровы госць пажадаў героям свята шчасця, здароўя, ажыццяўлення ўсіх жаданняў і ўручыў салодкія падарункі.


Незвычайны старт рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” далі на Чашніччыне.

У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці 14 снежня адбыўся “Дабрачынны кірмаш Дабра”. Напярэдадні Новага года і Каляд Дзед Мароз са Снягуркай сабралі сваіх памочнікаў — дарослых, якія ўзялі на сябе важную місію наведаць з падарункамі і найлепшымі пажаданнямі кожную ўстанову, дзе іх з нецярплівасцю чакаюць дзеці. Удзел ва ўрачыстасці прынялі старшыня Чашніцкага райвыканкама Леанід Пляшко, кіраўніцтва раёна. Пасля адкрыцця сакрэтных навагодніх канвертаў прадстаўнікі працоўных калектываў атрымалі ад казачных персанажаў “Адрасы Дабра”, дапамозе і клопату аб якіх у ходзе акцыі будзе ўдзелена асаблівая ўвага іх прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, каб навагоднія і калядныя святы засталіся ў дзіцячых сэрцах светлымі ўспамінамі на доўгія гады. Незабыўны настрой радасці, надзеі і надыходу казкі падчас дабрачыннага марафону падтрымалі сваімі творчымі нумарамі лепшыя самадзейныя калектывы раёна.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота  прадастаўлена ўпраўленнем па адукацыі Аршанскага райвыканкама.