У паразуменні з вучнямі

- 8:00Людзі адукацыі

Кожны працоўны дзень настаўніка фізкультуры Цялушскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Бабруйскага раёна Аляксандра Гацко насычаны разнастайнымі падзеямі.

Аляксандр Іванавіч і заняткі, факультатывы праводзіць, і рыхтуе вучняў да спартыўных стартаў і алімпіяд, і спартыўна-масавыя мерапрыемствы ў школе арганізоўвае. Прычым, нейкага сакрэту, як усюды і ўсё паспяваць, у гэтага педагога няма.

— Трэба проста любіць тую справу, якой займаешся. У свой час я выбраў прафесію сэрцам. У педагогіку прыйшоў мэтанакіравана. Больш за тое, яшчэ з дзяцінства ведаў, што буду настаўнікам фізкультуры. Паўплываў на гэта мой школьны педагог — Анатоль Аляксандравіч Амега. Ён ураджэнец нашай вёскі Цялуша і ўсё сваё жыццё прысвяціў дзецям, — паведаміў А.І.Гацко.

Сваю дзіцячую мару Аляксандр Іванавіч ажыццявіў. Атрымаў настаўніцкі дыплом і вярнуўся на малую радзіму выкладаць у роднай школе. З таго моманту мінула ўжо звыш 30 гадоў. За гэты час А.І.Гацко здолеў выпрацаваць уласную сістэму паспяховага навучання.

— Гэта высокапрафесійны і вельмі творчы настаўнік. Ён мае асабісты педагагічны почырк, распрацаваў метадычныя прыёмы, якія дазваляюць дасягаць высокай эфектыўнасці ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, раскрыцці патэнцыялу вучняў, — так характарызуе свайго падначаленага дырэктар вучэбна-педагагічнага комплексу Аляксандр Валер’евіч Суровы.

Менавіта раскрыццё здольнасцей вучняў А.І.Гацко лічыць сваёй асноўнай педагагічнай задачай.

— У кожным навучэнцы імкнуся разгледзець асобу. І ўжо зыходзячы з гэтага, будую сістэму работы. Усе дзеці розныя, таму выкарыстоўваю методыкі і заданні, гледзячы на іх магчымасці і зацікаўленасці, — сказаў настаўнік.

На думку Аляксандра Іванавіча, менавіта цікавасць і захопленасць — самыя эфектыўныя матыватары ў далучэнні вучняў да заняткаў фізкультурай і спортам.

— Каб зацікавіць навучэнцаў, педагог павінен паказваць асабісты прыклад. Сучаснаму настаўніку фізкультуры трэба валодаць неабходнымі практычнымі навыкамі і падтрымліваць спартыўную форму. Бо навучыць іншых таму, чаго не можаш сам, проста немагчыма, — перакананы А.І.Гацко.

На ўрокі да Аляксандра Іванавіча вучні ходзяць з задавальненнем. На занятках у яго пануе дысцыпліна. Вучэбная паспяховасць — даволі высокая. І ўсё гэта — дзякуючы поўнаму паразуменню з дзецьмі.

— Аляксандр Іванавіч — добры і справядлівы настаўнік. У яго на ўроках не засумуеш, заўсёды цікава. Наогул, наш педагог — самы лепшы, — запэўнілі вучаніцы 8 і 9 класаў Валерыя Самак, Мілана Мамекіна, Сафія Чэрнік.

— А яшчэ ён нас ва ўсім падтрымлівае і разумее. Гэта дапамагае паказваць вынікі не толькі на занятках, але і падчас спаборніцтваў, алімпіяд, — дадаў сямікласнік Раман Мысліўчык.

Навучэнцы А.І.Гацко сапраўды паказваюць значныя вынікі ў вучобе. Штогод школьная каманда пад яго кіраўніцтвам становіцца пераможцай раённых спаборніцтваў і спартакіяд. Рэгулярна вучні выходзяць у пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімовых і летніх мнагаборствах “Здароўе”, “Абаронца Айчыны”. Бліскуча выступаюць яны і на ўсіх этапах Рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. У мінулым годзе Арцём Крывіцкі заваяваў на заключным этапе алімпіяды дыплом ІІІ ступені, а Аляксандра Верас стала абсалютнай пераможцай.

— Зараз падрастае новая змена алімпіяднікаў і юных чэмпіёнаў. Раман Мысліўчык, Валерыя Самак, Мілана Мамекіна, Сафія Чэрнік, Арцём Крычко, Ігар Чэрнік ужо праявілі сябе і ў алімпіядным руху, і ў шэрагу прэстыжных спартыўных стартаў, — расказаў Аляксандр Іванавіч. 

Дарэчы, за сваю плённую педагагічную дзейнасць А.І.Гацко неаднаразова адзначаўся ганаровымі граматамі рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй, мясцовых выканаўчых улад. І гэта нядзіўна, бо любую справу, за якую бярэцца, ён стараецца выконваць добрасумленна. Менавіта такое стаўленне да працы дапамагае яму і асабістых вышынь дасягаць, і прыводзіць да поспеху сваіх вучняў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.