Для якіх мэт мы выкарыстоўваем заслужаны падзвіжніцкай працай педагога летні адпачынак? Давайце вырашым, што для таго, каб ярчэй убачыць светлыя бакі свету і ўласнай асобы. Як гэта зрабіць? Чалавецтва назапасіла нямала вопыту ў гэтым кірунку. Давайце пазнаёмімся з некаторай яго часткай. Магчыма, апісаныя спосабы дапоўняць асабісты вопыт нашых чытачоў, пасля прымянення якіх успрыманне будзе факусіравацца толькі на самых цудоўных карцінах жыцця.
Дыялог з чытачом
Ключ да жаданага — гэта набыццё спакою і гармоніі ў душы. Перавагі спакою відавочныя, і, здавалася б, за яго не трэба агітаваць. Але чамусьці ўсё часцей мы чуем выказванне: “Спакой нам толькі сніцца!” Аднак у спосабах здабывання спакою няма нічога такога, чаго б ужо не было вядома людзям. Многія прыклады падыходаў і тэхнік дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў. І хоць марна шукаць чарадзея ці лекара, які раз і назаўсёды пазбавіць нас ад страхаў, трывог і хваляванняў, усё ж кожны сам зможа нанова адкрываць для сябе сакрэты гармоніі і ўнутранай раўнавагі і прымяняць іх у жыцці. Азнаёмімся з часткай сакрэтнай палітры і выберам фарбы для стварэння ўласнай карціны асабістага спакою і гармоніі.
Фарба першая — аскеза. У перакладзе з грэчаскай азначае “практыкаванне”. Менавіта так мы гэтую фарбу будзем разумець, не апускаючыся да вузкай трактоўкі, якая падразумявае наўмыснае самаабмежаванне, якое часам уключае самакатаванне. Рэкамендуючы аскезу, мы прапаноўваем хутчэй нейкае пераразмеркаванне ці перанакіраванне рэсурсаў у больш значнае рэчышча шляхам разумнага невялікага абмежавання. Напрыклад, прафесія педагога прадугледжвае наяўнасць шматлікіх камунікацый. У адпачынку мы можам дазволіць сабе паспрабаваць Практыку Маўчання.
Маўчанне — сур’ёзная тэхніка кіравання свядомасцю, нават лекі ад некаторых хвароб. Нездарма, калі мы стомленыя ці нездаровыя, размаўляць не хочацца. Арганізм уключае гэтую практыку для захавання перарасходаваных рэсурсаў. Маўчанне зберагае энергію, дапамагае кантраляваць эмоцыі, прыводзіць да ўнутранага спакою і яснасці розуму.
Паспрабуйце эксперыментаваць у гэтым кірунку. Прыкрыйце вокны, каб не было чуваць шуму з вуліцы, па магчымасці адасобцеся, сядзьце зручней, заплюшчыце вочы, прыміце расслабленую позу і пастарайцеся стаць не дзеячам, а сузіральнікам. Моўчкі назірайце за сабой і тым, што адбываецца, без якіх-небудзь задач і патрабаванняў. Паспрабуйце памаўчаць 10—15 хвілін, потым гадзіну, потым увесь вечар. Падчас нашага маўчання можа ўсплыць самы галоўны падвох — наша ўнутранае маўленне. Унутраны дыялог — гэта інструмент, пры дапамозе якога чалавек стварае і фіксуе сваю карціну свету, гэта робіць яго слабаўспрымальным да новай інфармацыі, а галоўнае, да кантакту з рэальнасцю. Таму час ад часу неабходна спыняць наш унутраны дыялог. Каб спыніць унутраны дыялог, яго трэба ўсвядоміць. Паспрабуем. Вы ўжо сядзіце зручна з заплюшчанымі вачыма, вам удалося расслабіцца. Звярніце ўвагу на гукі навокал… Сканцэнтруйце ўвагу на сваіх думках. Паспрабуйце агучыць іх самі сабе, як калі б вы гаварылі ўслых… Як гучыць ваш голас пры гэтым? Высокі ён ці нізкі? Жаночы ці мужчынскі? Ці пазнаяце вы яшчэ каго-небудзь у гэтых інтанацыях? Каго яны вам нагадваюць? Ці не гаварылі так вашы мама, тата, бабуля ці яшчэ хтосьці са сваякоў ці знаёмых? Старайцеся пераключыць мысленне на ўспрыманне, сузіранне.
Акрамя думак у выглядзе слоў, у нас маюцца думкі ў выглядзе вобразаў, якія таксама час ад часу трэба спыняць. Паспрабуем выканаць практыкаванне “Спыні свой кінатэатр”.
Успомніце, як вы глядзелі захапляльны фільм у кінатэатры, перажывалі за падзеі на экране, хаця разумелі, што сядзіце ў крэсле і бачыце карцінку, якая праецыруецца з плёнкі. Так і ва ўласным мазгавым кінатэатры мы аўтаматычна пракручваем свае фільмы. Неабходна навучыцца заўважаць такое ныранне і выцягваць сябе з гэтай віртуальнай рэчаіснасці, скіроўваючы ўвагу на рэальныя аб’екты. У выніку ўзнікае нейкая адасобленасць, праяснёнасць, празрыстасць, з’явіцца ўменне не толькі захоўваць часовае маўчанне без намагання, а нават здольнасць атрымліваць ад яго задавальненне, набываючы спакой і ўнутраны баланс. Штодзень праводзьце 15—30 хвілін у максімальна магчымай цішыні. Пры рэабілітацыйным антыстрэсавым рэжыме, а водпуск такім і можна лічыць, увядзіце практыку маўчання на працягу цэлага дня (раз у месяц ці два тыдні, а пры перагрузках і раз у тыдзень).
Прымянімая ў водпуску і практыка адасобленасці. Адзінота — натуральны стан чалавека. У нейкі момант здорава застацца аднаму ў далечыні ад мітусні і чужой увагі. Менавіта ў адзіноце лепш спасцігаецца і больш яскрава ўсведамляецца, што быць важней, чым мець, і што мы значым больш, чым вынікі нашых намаганняў.
Фарба другая — катарсіс. У розных відах псіхатэрапіі пад катарсісам разумеюць працэс вызвалення псіхаэмацыянальнай энергіі, эмацыянальнай разрадкі, якая садзейнічае памяншэнню ці зняццю трывогі, унутрыасобаснага канфлікту праз вербалізацыю (прагаворванне) ці экспрэсію (маляванне, музіцыраванне, прайграванне ролі), якія вядуць да псіхатэрапеўтычнага эфекту і лепшага разумення сябе.
Арт-тэрапія, музыкатэрапія — гэта віды псіхалагічнай гарманізацыі чалавека пры дапамозе выяўленчай творчасці, музыкі, якія дазваляюць перажыць катарсіс. Эфектыўнасць арт-тэрапіі можна даследаваць не адкладваючы. Вазьміце акварэльныя фарбы ці каляровыя алоўкі і паперу. Пачніце маляваць свае пачуцці і адчуванні, якія ўзнікаюць у гэты момант. Важны працэс малявання, уменне маляваць не мае значэння. Спантанна выплюхвайце ў малюнку бягучы эмацыянальны стан. Можаце проста наносіць звычайныя штрыхі, выкарыстоўваючы колеры, якія падыходзяць для вашых эмоцый. Не старайцеся, каб было прыгожа, каб спадабалася іншым. Імправізуйце, малюйце першае, што прыйдзе ў галаву. Пасля таго як жаданне маляваць згасне, пастарайцеся знайсці зацікаўленага тактоўнага слухача (ім можаце быць і вы самі) і раскажыце аб тым, што вы адлюстравалі ў сваім малюнку. У якасці наступнага кроку вы можаце асвоіць адбіткі фарбы з далоняў на паперы, маляванне пальцамі на мокрай паперы, аплікацыю, калаж, лепку з гліны і інш.
Магчыма камусьці больш жаданай за арт-тэрапію падасца музыкатэрапія, якая дапамагае фарміраваць гарманічныя адносіны да сябе і навакольнай рэчаіснасці. Падбіраючы музычныя творы, можна дабіцца патрэбнага эфекту расслаблення ці павышэння актыўнасці. Танальныя ці рытмічныя малюнкі аказваюць уплыў на каардынацыю, раўнавагу, цялесны рытм, выклікаюць крэатыўныя ці эстэтычныя рэакцыі, а таксама мадэлююць розныя адценні настрою. У ходзе эксперыментаў устаноўлена, што пэўным чынам падабраная музыка пашырае аб’ём увагі, садзейнічае запамінанню, зніжае стрэс, садзейнічае самавыяўленню, стымулюе асацыятыўныя рэакцыі і вобразы фантазіі. Музыкатэрапію можна практыкаваць у дзвюх формах — актыўнай (музычная дзейнасць — аднаўленне, імправізацыя) і рэцэптыўнай (успрыманне музыкі). Музыкатэрапія дапамагае і пры бяссонніцы.
Трэцяя фарба — метаноя. Старажытныя грэкі лічылі, што шлях да ўдасканалення ляжыць праз працэс метаноі, якая азначае перамену розуму, перамену думкі, іншымі словамі, пераасэнсаванне. У выніку метаноі адбываецца праясненне, можна ўбачыць свае памылкі і больш спрыяльныя магчымасці. Так у свой час працавалі над сабой Міхаіл Ламаносаў, Аляксандр Сувораў, Аўраам Лінкальн, Бенджамін Франклін. Цікавы фрагмент апісання вопыту метаноі Б.Франклінам: “Я ўзяў за правіла ўстрымлівацца ад яўных пярэчанняў на выказаную кімсьці думку і ад якіх-небудзь катэгарычных сцвярджэнняў са свайго боку. Я забараніў сабе ўжыванне такіх слоў, якія ўтрымліваюць катэгарычныя ноткі, як “канечне”, “несумненна” і таму падобныя, і замяніў іх у сваім лексіконе выразамі “ўяўляю сабе”, “дапускаю”, “мне гэта ўяўляецца такім чынам”. Калі хтосьці сцвярджаў нешта безумоўна памылковае з майго пункту гледжання, я адмаўляў сабе ў задавальненні рашуча пярэчыць і неадкладна паказаць абсурднасць яго меркаванняў, пачынаў гаварыць аб тым, што ў некаторых выпадках ці пры пэўных акалічнасцях яго думка магла б аказацца правільнай, але ў дадзеным выпадку яна мне здаецца крыху неадпаведнай. Хутка я пераканаўся ў карысці гэтай змены ў манерах: гутаркі, у якіх я ўдзельнічаў, сталі працякаць больш спакойна. Сціплая манера, у якой я выказваў думкі, садзейнічала таму, што іх прымалі без пярэчанняў. Памыліўшыся, я не апынаўся цяпер у такім сумным стане, як раней, а, меўшы рацыю, значна лягчэй браў верх над памылковай думкай іншых тым, што прызнаваў і за сабой іх памылкі”.
Як рэалізаваць працэс метаноі? Мудрацы Старажытнай Грэцыі раяць: займі метапазіцыю, зрабі крок убок, выйдзі з патоку. Як калі б вавёрка ў коле задумалася, куды яна бяжыць і навошта круціць сваё кола. У гэтым выпадку прымянення метаноі вавёрка можа і спыніць свой халасты бег і не рэагаваць на ацэнкі родзічаў аб тым, што яна няўдачніца, вар’ятка ці не з гэтага свету. Яшчэ А.Эйнштэйн казаў, што ніякую праблему нельга вырашыць на тым жа ўзроўні, на якім яна ўзнікла. Набыць метапазіцыю — гэта як быццам бы зірнуць на лабірынт не знутры, знаходзячыся ў палоне афекту, а зверху, з вялікай перспектывай агляду і бачання. Метапазіцыя — гэта калі мы здольныя ўспрыняць з’яву ў кантэксце прычынна-выніковых сувязей і мяняць прычыны. Мысленне — гэта стваральны інструмент пры правільным ужыванні і разбуральны пры неадэкватным. Жыццё на 10% складаецца з таго, што з намі адбываецца, і на 90% — з таго, як мы на гэта рэагуем.
Фарба чацвёртая — фізічныя метады аднаўлення спакою. Гэтыя метады добра вядомыя ўсім нам. Наша задача сёння нагадаць пра іх, паколькі няма лепшага часу, чым лета, каб прымяніць іх да сябе, садзейнічаць узнікненню карысных патрэб і звычак. Ва ўсе часы адукаваныя людзі цанілі спорт і разумную фізічную нагрузку, бо заўважалі, што з іх дапамогай цела разгружаецца не толькі ад лішняй энергіі, напружання, мышачных заціскаў, але і ад эмацыянальнага гнёту. Не варта забываць і аб расслабленні, рэлаксацыі, паколькі ёсць такая заканамернасць: чым мацнейшае эмацыянальнае напружанне, тым больш выражана напружанне шкілетнай мускулатуры.
Летні сезон спрыяльны для гідратэрапіі. Гідратэрапія — гэта ванны, душы, абліванні, абціранні, абгортванні. Не ўспусціце гэтую цудоўную магчымасць. Змывайце негатыў, які назапасіўся ў душы, у лазні, саўне, хамаме, тэрме. Вада здольная аднавіць не толькі наша цела, але і душу. Гідратрэнінг уключае плаванне рознымі стылямі, гімнастычныя практыкаванні, расслабленне ў вадзе і дайвінг. Эфектыўная водная гімнастыка, карысны бег трушком па калена ў вадзе.
Дарагія чытачы, у каго няма проціпаказанняў да бегу, расцяжак, масажу, выкарыстайце і гэтыя рэсурсы для гарманізацыі ўласнай асобы.
Мы апісалі сёння многія рэсурсы для набыцця раўнавагі і пазітыўнага бачання свету чалавекам, і ўсё ж некаторыя магчымасці засталіся за рамкамі нашага апісання. Самастойны пошук і адкрыццё новых напрамкаў гарманізацыі сябе, а значыць, упрыгожвання ўласнага жыцця, яшчэ ў вас наперадзе. З часам і жаданнем у летнім водпуску не павінна быць праблем. Уступайце на гэты шлях, і вы вельмі хутка заўважыце вынікі, якія спадабаюцца не толькі вам, але і вашым знаёмым і сябрам. Бо жыццё — гэта не маёмасць, якую трэба абараняць, а дар, які трэба раздзяліць з іншымі людзьмі.
Святлана РАДЗЬКОВА.