Актуальнасць праблемы бяспекі жыццядзейнасці чалавека прызнана ва ўсім свеце. Свет, у якім мы жывём, поўны небяспек. Галоўная мэта курса “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” ў тым, каб сфарміраваць у навучэнцаў свядомае і адказнае стаўленне да пытанняў асабістай бяспекі, навучыць іх распазнаваць і ацэньваць патэнцыяльныя небяспекі, умець аказваць дапамогу ў выпадку неабходнасці сабе і іншым.
Выкарыстанне інфармацыйных камп’ютарных тэхналогій на ўроках АБЖ, на мой погляд, — самая магутная крыніца актывізацыі пазнавальнай дзейнасці. І адным са сродкаў павышэння ІКТ-кампетэнтнасці настаўніка, думаю, якраз можна лічыць стварэнне настаўніцкага блога.
Блог (ад англ.) — дзённік, сеткавы часопіс аднаго або некалькіх аўтараў, арганізаваны ў адваротна храналагічным парадку (апошнія запісы знаходзяцца ўверсе). Гэта выдатная пляцоўка для супрацоўніцтва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу: настаўніка, навучэнцаў і бацькоў.
Для таго каб урок быў наглядны, маляўнічы, інфарматыўны, інтэрактыўны, эканоміў час настаўніка і навучэнца, мной распрацаваны блог па АБЖ.
На старонках блога размешчаны нарматыўныя дакументы па прадмеце, тэсты, гульні, фільмы, мультфільмы, загадкі, прыказкі, мастацкія творы, памяткі, карысныя спасылкі. Кожны тыдзень праводзіцца бліц-конкурс для ўсіх жадаючых. Тут таксама можна прагледзець відэа па пытаннях бяспекі, адгадаць крыжаванкі і анлайн-тэсты.
Розныя спосабы арганізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў на ўроках і па-за ўрокамі актывізуюць працэс авалодання імі культурай бяспекі жыццядзейнасці, асабістай бяспекі, самазахавання. Абавязковымі ўмовамі выніковасці гэтых заняткаў з’яўляюцца прадуманая і дакладна арганізаваная работа: чытанне твораў мастацкай літаратуры на тэмы бяспекі жыццядзейнасці з абмеркаваннем прачытанага, рашэнне тэстаў, разгадванне крыжаванак, рэбусаў, прагляд фільмаў і мультфільмаў і г.д. Займальныя задачы, галаваломкі, загадкі, гульні, пытанні і практыкаванні паглыбляюць разуменне навучэнцамі тэм прадмета, уцягваюць іх у актыўнае супрацоўніцтва з настаўнікам, абуджаюць цікаўнасць, павышаюць назіральнасць. Яны ствараюць на ўроку клімат, спрыяльны для з’яўлення ў дзяцей зацікаўленага стаўлення да прадмета, прыводзяць да ўстанаўлення на ўроках творчай атмасферы. Просты вучэбны матэрыял не зацікавіць навучэнца так, як гэта зробіць яркі прыклад з мастацкага ці літаратурнага твора.
Урыўкі з апавяданняў, казак і вершаў, размешчаныя на “Літаратурнай старонцы” блога, ажыўляюць матэрыял, абуджаюць і падтрымліваюць цікавасць навучэнцаў да ўрока АБЖ. Вобразныя, яркія мастацкія тэксты павышаюць эмацыянальнасць успрымання, садзейнічаюць эстэтычнаму выхаванню навучэнцаў. Літаратурныя творы дапамагаюць назіраць за дзеяннямі людзей у надзвычайных сітуацыях, заўважаць іх заканамернасці. Павышаецца ўвага і пазнавальная актыўнасць навучэнцаў, пашыраецца іх кругагляд. Нагляднасць мастацкіх сродкаў робіць працэс навучання больш яркім.
Для праверкі практычных навыкаў, атрыманых навучэнцамі ў працэсе вывучэння праграмы АБЖ, распрацоўваюцца тэсты па тэмах і класах. Пытанні ўключаюць: праверку дзеянняў навучэнцаў у выпадку ўзнікнення розных небяспечных і надзвычайных сітуацый; праверку ўменняў па аказанні першай медыцынскай дапамогі тым, хто пацярпеў; праверку ўменняў карыстацца сродкамі індывідуальнай і калектыўнай аховы. Тэставыя праграмы дазваляюць хутка ацэньваць вынік работы, дакладна вызначыць тэмы, у якіх ёсць прабелы ў ведах.
Гэтыя заданні ў блогу могуць прымяняцца на любых этапах урока: пры тлумачэнні новага матэрыялу і замацаванні вывучанага, пры падвядзенні вынікаў. Выкарыстанне разнастайных практыкаванняў, гульняў, рэбусаў, тэстаў робіць урок АБЖ эфектыўным, цікавым.
Блог дапамагае навучэнцам атрымаць больш інфармацыі па тэме, якая вывучаецца, павялічвае цікавасць да працэсу навучання, адкрывае новыя магчымасці для работы ў класе і за яго межамі.
Такім чынам, блог (sh16sva.blogspot.com.by) з’яўляецца дынамічнай і дзейснай формай узаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. З дапамогай блога можна вырашаць шэраг задач: ажыццяўляць інфармацыйную падтрымку вучэбнага працэсу, весці пазакласную работу па прадмеце, публікаваць творчыя работы навучэнцаў.
Валянціна СТЭЛЬМАХ,
настаўніца геаграфіі і АБЖ сярэдняй школы № 16 Гродна.