Як са школьнай лаўкі падрыхтаваць сабе дастойную змену, як выхаваць вучня, які зробіць свядомы выбар на карысць настаўніцкай прафесіі, — ведаюць у сярэдняй школе № 6 Мінска, што ў Фрунзенскім раёне сталіцы.

З 2015 года ў школе на старшай ступені агульнай сярэдняй адукацыі дзейнічаюць профільныя педагагічныя класы. Сёлета, дарэчы, адбыўся сёмы набор у іх. Адметна, што ў 10 педагагічны клас прыйшлі навучэнцы, якія прайшлі дапрофільную падрыхтоўку з 5 класа. Акрамя вывучэння профільных прадметаў на павышаным узроўні, яны асвойваюць факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. За два гады вывучэння гэтага курса яны праходзяць чатыры вучэбныя модулі, кожны з якіх уключае ў сябе педагагічныя пробы — выпрабаванні, якія мадэлююць сітуацыі педагагічнай дзейнасці. Так, пры наведванні ўрокаў педагогаў, арганізацыі выхаваўчых мерапрыемстваў, удзеле ў даследчай дзейнасці, рабоце валанцёрскіх атрадаў у вучняў фарміруюцца ўяўленні аб прафесіі настаўніка.
Галіна Гетманчук, дырэктар сярэдняй школы № 6 Мінска:
— Займаючыся ў профільным класе педагагічнай накіраванасці, вучні не толькі атрымліваюць карысныя псіхолага-педагагічныя веды, больш глыбока вывучаюць профільныя прадметы, але і атрымліваюць вопыт у сямейнай педагогіцы, у педагогіцы зносін паміж людзьмі. Дзякуючы факультатыўным заняткам, якія надаюць упэўненасці і разнявольваюць, навучэнцы не баяцца аўдыторыі, лёгка і спакойна выступаюць перад публікай. Да канца 11 класа школьнікі канчаткова вызначаюцца з выбарам прафесіі. У выніку выпадковыя людзі ў педагогіку не трапляюць.
— Педагагічныя пробы — гэта адзін з перспектыўных практычных метадаў навучання будучых педагогаў, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ала Віктараўна Фядосава. — Яны арганізоўваюцца па трохузроўневай мадэлі. Для проб першага ўзроўню ад школьнікаў патрабуюцца першасныя веды і ўменні, якія выкарыстоўваюцца ў выхаваўчай рабоце ў пачатковай школе. Дзеці павінны ведаць змест гульняў і навучыцца іх арганізоўваць. Першыя пробы могуць праводзіцца як прайграванне сітуацый з аднакласнікамі. Пробы другога ўзроўню носяць творчы характар і прадугледжваюць правядзенне выхаваўчых мерапрыемстваў спачатку на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а потым і ў 5—9 класах. Паступова вучні пераходзяць да самастойнай дзейнасці. Да проб трэцяга ўзроўню можна аднесці работу ў якасці памочнікаў выхавальнікаў, важатых у школьных лагерах, правядзенне фрагментаў урокаў, агульнашкольных мерапрыемстваў і г.д. Усе педагагічныя пробы завяршаюцца рэфлексіўным асэнсаваннем вынікаў, ацэнкай педагога і самаацэнкай, а таксама намячаюцца дзеянні па карэкцыі траекторыі навучання.
Назапашаныя практычныя і тэарэтычныя матэрыялы вучняў заносяцца ў партфоліа “Я — педагог”. Напрыканцы года ў вучняў адбываецца адкрытая абарона партфоліа, на аснове чаго лепшым выпускнікам выдаюцца рэкамендацыі педагагічнага савета школы. Акрамя таго, усе вынікі работы навучэнцаў фіксуюцца ў заліковых кніжках, якія ўрачыста ўручаюцца на цырымоніі пасвячэння ў педагагічную прафесію.
6-я школа мае статус школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Адным з напрамкаў яе работы з’яўляецца стварэнне эксперыментальна-інавацыйнага асяроддзя. Сёлета тут завяршаецца работа над рэспубліканскім інавацыйным праектам “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. У ім задзейнічаны 13 педагогаў. Па выніках праекта яго ўдзельнікі рыхтуюць сцэнарыі адкрытых мерапрыемстваў, урокаў, майстар-класаў па тэмах навуковых даследаванняў, праводзяць адкрытыя мерапрыемствы. Так, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Ламака падзялілася вопытам работы з інтэлект-картамі з маладымі педагогамі школы і раёна.
Мікіта Брылёў, вучань 10 педагагічнага класа:
— На канікулах у нас былі педагагічныя пробы: мы дапамагалі важатым у школьным аздараўленчым лагеры. Для мяне гэта быў зусім новы вопыт. Узаемадзейнічаць з дзецьмі, наладжваць з імі кантакт, тлумачыць незразумелае, дапамагаць ствараць вырабы. Перад тым як ісці да дзяцей, мы рабілі пэўныя нарыхтоўкі, распрацавалі шэраг сцэнарыяў мерапрыемстваў і экскурсій. Гэта было сапраўды цікава і пазнавальна. Вучыцца ў педагагічным класе мне падабаецца. Магчыма, стану настаўнікам матэматыкі і фізікі.
Пачынаючы з 5 класа ў кожнай паралелі выбіраецца клас, у якім ажыццяўляецца дапрофільная педагагічная падрыхтоўка. Для вучняў праводзяцца факультатыўныя заняткі, накіраваныя на дзейнасць у сістэме “чалавек—чалавек”. У 8—9 класах ладзяцца першыя педагагічныя пробы. Школьнікі распрацоўваюць і праводзяць мерапрыемствы ў паралелі з аднакласнікамі, у пачатковай школе. Псіхолаг Людміла Русаковіч штогод адсочвае зацікаўленасць вучняў такіх класаў у працягу сваёй вучобы ў іх.
— Тут вельмі вялікая роля адводзіцца класным кіраўнікам, — заўважае Ала Фядосава. — Мы падбіраем іх так, каб яны былі для дзяцей узорам ва ўсім. Яны ўлюбляюць у сябе вучняў і вядуць за сабой. Напрыклад, сур’ёзную работу праводзяць настаўніцы Вольга Хлябко і Ларыса Гарбацэвіч. Сёлета яны атрымалі грант Мінгарвыканкама на конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” і стварылі турыстычна-валанцёрскую суполку. Педагогі вядуць работу ў гуртках, дзе вучаць школьнікаў тонкасцям турысцкай дзейнасці, у тым ліку і арганізацыі экскурсій па мікрараёне Сухарава.
Удзельнікі інавацыйнага праекта адзначаюць, што стварэнне класаў дапрофільнай падрыхтоўкі дае свой плён. З кожным годам усё больш і больш вучняў паступаюць у профільны 10 клас. У цэлым жа каля 30 працэнтаў выпускнікоў педкласа паступаюць у педагагічныя УВА. А тым вучням, якія выбіраюць іншую дарогу, несумненна, набытыя веды і вопыт будуць карысныя для іх далейшай паспяховай сацыялізацыі.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.





