Праграміст — эканаміст — навуковец

- 15:19Людзі адукацыі

Алесі Мазоль усяго толькі 26 гадоў, а яна ўжо не проста дыпламаваны спецыяліст і малады вучоны са званнем магістра. Сёння яна — старшыня савета маладых вучоных, асістэнт кафедры матэматычных метадаў у эканоміцы факультэта лічбавай эканомікі БДЭУ і даследчык, які дакладна ведае, як аптымізаваць пасевы і пашырыць знешні рынак спажыўцоў.

Шлях нашай гераіні да эканамічнай прафесіі пачаўся яшчэ ў школе, а дакладней, у сталічнай гімназіі № 33 (былой сярэдняй школе № 211).

З 5 па 8 клас яна захаплялася матэматыкай і актыўна ўдзельнічала ў індывідуальных і камандных алімпіядах. Аднак нечакана ў 9 класе яе зацікавіла праграмаванне. “Мне было вельмі цікава разабрацца ў нечым новым і нестандартным. Стаць удзельніцай алімпіяды па праграмаванні было падобна таму, як дзяўчыне “трапіць у армію”, бо там адны юнакі і да таго ж больш тэхнічна падкаваныя. Дзяўчат на алімпіядзе было вельмі мала, як і ў цэлым дзяўчат-праграмістаў, і гэты факт канчаткова паўплываў на мой прафесійны выбар. Я спынілася на спецыяльнасці, блізкай да праграмавання, у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Наконт факультэта і спецыяльнасці не сумнявалася ні хвіліны і ніякіх іншых варыянтаў нават не разглядала. Пасля конкурсу мяне залічылі на спецыяльнасць “Эканамічная кібернетыка (інфармацыйныя тэхналогіі ў эканоміцы)” факультэта менеджменту”, — расказала Алеся Мазоль.

Вучоба ва ўніверсітэце стала для яе па-сапраўднаму незабыўным часам. “Выкладчыкам асобны дзякуй не толькі за веды, якімі яны з намі дзяліліся, але і за тое, што навучылі нас знаходзіць выйсце са складаных сітуацый. Такім чынам мы, так бы мо­віць, прайшлі добрую школу жыцця, — дадала яна. — Я актыўна ўдзельнічала ў навуковай дзейнасці і міжнародных канферэнцыях, пуб­лікавала свае работы, стала ўладальніцай стыпендыі імя Францыска Скарыны і стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Скончыла магістратуру з прысваеннем звання магістра эканамічных навук, а затым і аспірантуру, маю дыплом даследчыка”.

Дарэчы, пасля заканчэння ўніверсітэта Алесі Аляксандраўне была прысвоена кваліфікацыя “кібернетык-эканаміст”. “Кібернетыка — гэта навука пра аптымальнае кіраванне сістэмамі. Таму эканамічная кібернетыка — аптымальныя суадносіны ведаў у галіне кіравання і эканомікі. Такі спецыяліст можа займаць кіруючыя пасады і працаваць у сферы аналітыкі, вырашаць бізнес-задачы з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій і матэматычных ма­дэлей, знаходзіць заканамернасці і сувязі ў вялікіх аб’ёмах даных, рабіць прагнозы і прапаноўваць аптымальныя рашэнні”, — патлумачыла яна.

Зараз А.А.Мазоль узначальвае савет маладых вучоных БДЭУ. Для яе такая пасада вельмі адказная. Яна адзначыла, што іх савет створаны для папулярызацыі навукі сярод моладзі, фарміравання навуковай палітыкі і інтэграцыі навукі і адукацыі: “Наш савет матывуе студэнтаў займацца навуковай дзейнасцю, дапамагае развіваць іх навуковы і творчы патэнцыял, садзейнічае іх прафесійнаму росту і актыўнаму ўдзелу ў фундаментальных і прыкладных навуковых даследаваннях, міжнародных праграмах і праектах, канферэнцыях, семінарах і конкурсах. Акрамя таго, мы прадстаўляем інтарэсы маладых вучоных універсітэта на розных узроўнях і абараняем іх сацыяльныя правы”.

Мая методыка прадугледжвае прагноз паказчыкаў ураджайнасці асноўных сельскагаспадарчых культур нашай краіны з выкарыстаннем нейрасеткавых тэхналогій.

Свае навуковыя работы Алеся Ма­золь прысвяціла праблемам прагназавання вытворчасці прадукцыі аграпрамысловага комплексу, што асабліва актуальна для сучаснага свету, для якога характэрны высокаканкурэнтныя рынкі, эканамічныя крызісы, зменлівыя ўмовы надвор’я і г.д.

“Неабходнасць наяўнасці ў менеджараў аграпрамысловых арганізацый разнастайных сродкаў кіравання актуалізавала выбар тэматыкі маёй работы і далейшую распрацоўку методыкі макраэканамічнага сярэднетэрміновага прагназавання аграпрамысловай вытворчасці нашай краіны. Мае даследаванні прысвечаны стварэнню комплексу эканоміка-матэматычных ма­дэлей абгрунтавання і распрацоўкі стратэгічных праграм развіцця АПК. Методыка прагназавання грунтуецца на выкарыстанні ўзаемазвязаных нейрасеткавых і аптымізацыйных мадэлей, што і дае вынікі з мінімальнымі хібамі. Праведзеныя мной даследаванні дазваляюць не толькі аптымізаваць пасевы розных культур у краіне, улічваючы розныя рызыкі, але і пашырыць знешні рынак спажыўцоў“, — акцэнтавала ўвагу даследчыца.

Па яе словах, у БДЭУ да навукі падыхо­дзяць вельмі сур’ёзна, а маладым вучоным дапамагаюць рэалізаваць свой творчы і навуковы патэнцыял. Прафесарска-выкладчыцкі склад і савет маладых вучоных заўсёды дапамагаюць студэнтам не толькі ў падрыхтоўцы работ, але і ў арганізацыйных пытаннях. Акрамя таго, у нашым універсітэце студэнты могуць скончыць магістратуру і аспірантуру па эканамічных спецыяльнасцях з прысваеннем адпаведных навуковых ступеней. Таму магу з гордасцю заявіць: у БДЭУ створаны ўсе ўмовы для развіцця навуковай дзейнасці!” — рэзюмавала А.А.Мазоль.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.