Гульня ў рулетку 

- 9:48Падзеі, Сацыяльны ракурс

“Самаму малодшаму пацыенту было 10 гадоў”. Загадчык адзінага ў краіне наркалагічнага аддзялення для падлеткаў Людміла Алікаўна Шпакоўская аб прычынах і наступствах ужывання псіхаактыўных рэчываў.

 Усвядоміць праблему

— Якія асноўныя задачы ставяць перад сабой спецыялісты аддзялення? 

— Па-першае, каб падлеткі, апынуўшыся ў складанай жыццёвай сітуацыі, не баяліся ісці да нарколага. Вельмі часта менавіта ён становіцца тым адзіным чалавекам, які можа аказаць рэальную дапамогу. Калі хлопец альбо дзяўчына прыходзяць да нас самі, наша работа скіравана на тое, каб падключыць бацькоў, якія часам нават не здагадваюцца, што іх дзіця ўжывае наркотыкі. Часта такія дзеці трапляюць да спецыялістаў, калі іх затрымала міліцыя, ці яны апынуліся ў полі зроку інспекцыі па справах непаўналетніх, ці трапілі ў бальніцу з алкагольным або наркатычным атручэннем. І, хутчэй за ўсё, у іх ужо сфарміравалася залежнасць. Сярод нашых пацыентаў такія таксама ёсць. Мы ставім іх на ўлік і выдаём накіраванне ў стацыянар.

Дзеці, якія звяртаюцца ў кабінет нарколага для падлеткаў да таго, як іх затрымала міліцыя ці супрацоўнікі па справах непаўналетніх, атрымліваюць дапамогу бясплатна і ананімна. Спецыялісты працуюць пазменна, таму прыйсці да іх можна ў той час, калі няма заняткаў у школе. 

— Упэўнена, прафілактычныя меры прымаюцца. Раскажыце пра іх. 

— На такую работу прыходзіцца больш за 60 працэнтаў усіх нашых намаганняў. Аснова яе — цеснае ўзаемадзеянне з установамі адукацыі горада. Нарколагаў запрашаюць у школы для правядзення гутарак з навучэнцамі, урачы праводзяць круглыя сталы для педагогаў, удзельнічаюць у бацькоўскіх сходах. Ладзім анлайн-канферэнцыі для настаўнікаў, школьных псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, на якія запрашаем супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх, прадстаўнікоў міліцыі, нарколагаў, псіхолагаў. Калі з’яўляюцца новыя псіхаактыўныя рэчывы, абавязкова папярэджваем педагогаў, расказваем пра прыкметы ўжывання. І ведаеце, вельмі часта менавіта настаўнікі першымі заўважаюць, што дзіця пачынае ўжываць наркотыкі. Мы вельмі ім удзячны за іх неабыякавасць. 

— На вялікі жаль, актуальнасць праблемы “падлеткі і наркотыкі” з цягам часу не зніжаецца. Чаму?

— Таму што з’яўляюцца ўсё новыя і новыя псіхаактыўныя рэчывы. І моладзь пачынае іх спрабаваць. У такія моманты назіраецца ўсплёск. За ўсе гады існавання аддзялення пік быў зафіксаваны ў 2013—2014 гадах, калі былі распаўсюджаны спайсы. Звычайна ў нас на ўліку знаходзяцца не больш за 20 падлеткаў, тады іх было 158. З іх 137 атрымлівалі дапамогу ананімна. 

На занятках “Школы зносін з дзецьмі” бацькі атрымліваюць рэкамендацыі, як паладзіць з падлеткамі, на што звяртаць увагу ў іх паводзінах, як устанавіць з імі кантакт. Наведаць такія сустрэчы можна кожны аўторак з 17 да 19 гадзін па адрасе: вул. Кунцаўшчына, 22, кабінет № 220.

— “Паспрабую адзін раз, нічога страшнага не здарыцца”, — разважаюць многія з эксперыментатараў. 

— Гэты першы раз можа аказацца і апошнім. Пацвярджэнняў гэтага дастаткова. Трое падлеткаў набылі праз інтэрнэт дозу, прынялі, аднаго з іх выратаваць не змаглі. Яшчэ прыклад: малады чалавек пасля першай пробы ўпаў у кому і праз два месяцы, не прыходзячы да прытомнасці, памёр. Трэба заўсёды памятаць: ужыванне наркотыкаў — гэта заўсёды гульня ў рулетку, гульня са смерцю. І залежнасць можа наступіць нават пасля аднаго разу. 

— Наколькі ўзаемазвязаны псіхіятрыя і наркалогія? 

— Вельмі цесна. Сучасныя наркотыкі адносяцца да разраду псіхастымулятараў, яны вельмі хутка разбураюць нервовую сістэму. І спецыялістам бывае цяжка разабрацца, што ж было першым — псіхіятрыя, і на гэтым фоне дзіця пацягнула да наркотыкаў, ці залежнасць стала штуршком для развіцця псіхіятрычнага расстройства. У нашай практыцы сустракаюцца абодва варыянты. 

 

Усё пачынаецца з сям’і

— За столькі гадоў вы размаўлялі з сотнямі падлеткаў. Як яны адказваюць на пытанне, чаму сталі ўжываць наркотыкі? 

— Часцей гавораць, што ім было цікава, ці пайшлі на гэта за кампанію. Часам чую ў адказ: “А вы самі спрабавілі? Не. Тады нам з вамі няма аб чым размаўляць”.  Падлеткі — асаблівая катэгорыя, з імі складана знайсці агульную мову. Іх цяжка пераканаць. Тлумачыш ім пра наступствы такой звычкі, а яны выдаюць: “Ну і што, калі я памру. Жыццё не мае сэнсу. Бацькам нават лепш будзе, калі мяне не стане. Ад мяне толькі адны праблемы”. 

— На ваш погляд, што на самай справе штурхае дзяцей у гэтую яму? 

— Калі пачынаем размаўляць з падлеткамі, на першы план выходзяць праблемы бацькоўска-дзіцячых адносін. Усё пачынаецца з сям’і. Сучасныя бацькі, на жаль, любяць перакладаць адказнасць за сваіх дзяцей на настаўнікаў. І ад гэтага вельмі сумна. Калі дарослыя жывуць інтарэсамі дзіцяці, вядуць з ім дыялог, імкнуцца падтрымаць, дастаткова прафілактычных мер. Аднак ёсць сем’і, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі жывуць самі па сабе, бацькі ўпэўнены, што іх галоўны абавязак — накарміць і адзець. І гэтага дастаткова. У нас як атрымліваецца? Пакуль сын ці дачка маленькія, з імі носяцца як з пісанай торбай. У малодшай школе таксама шмат увагі да дзіцяці. А падлеткаў бацькі лічаць самастойнымі. Да таго ж у гэтым узросце пачынае зніжацца паспяховасць, таму што арганізм перабудоўваецца. Бацькі разважаюць: “Вучыцца стаў горш, няхай кідае гурткі, больш часу для ўрокаў застанецца”. Але ўжо даўно даказана: чым большая нагрузка, тым лепш падлетак вучыцца размяркоўваць свой час. Як толькі знікаюць дадатковыя заняткі, з’яўляецца вольны час, які неабходна чымсьці запоўніць. І тут на першы план выходзяць кампаніі на вуліцы ці сацыяльныя сеткі. А потым высвятляецца: мама ўпэўнена, што дзіця толькі паспрабавала адзін раз, а яно ўжо год ужывае наркотыкі. 

Аддзяленне з’яўляецца філіялам Мінскага гарадскога клінічнага наркалагічнага цэнтра. Размяшчаецца на базе гарадской дзіцячай паліклінікі № 5 па вул. Кунцаўшчына, 22. Тут вядуць прыём урачы-нарколагі шасці раёнаў сталіцы, працуе аддзяленне дзённага знаходжання, у штаце якога ёсць псіхатэрапеўты і псіхолагі. Наркалагічныя кабінеты для падлеткаў астатніх трох раёнаў сталіцы — на базе 11-й дзіцячай паліклінікі. У іншых гарадах краіны з непаўналетнімі працуюць нарколагі для дарослых. 

— Аб чым трэба задумацца дарослым?

— Галоўнае — быць неабыякавымі да сваіх дзяцей. Некаторыя нашы падапечныя шмат гадоў адчувалі дрэнны настрой, перажывалі дэпрэсію і расказвалі пра гэта бацькам. Але тыя не звярталі ўвагі, гаварылі, што ўсё пройдзе. У падлеткавым узросце сітуацыя пагаршаецца, і дзеці самі шукаюць, як палепшыць свой настрой. І знаходзяць — у наркотыках. Іншыя спосабы патрабуюць намаганняў, а тут прыняў дозу — і адразу стала лепш. Але бяда ў тым, што мозг патрабуе яшчэ і яшчэ. У жыцці чалавека будзе толькі адна мэта — атрымаць новую дозу. Любой цаной. Самы маленькі пацыент, які апынуўся пад нашым назіраннем, паспрабаваў псіхатропныя рэчывы ў 10 гадоў. Бацькі разыходзіліся, і дзіця намагалася звярнуць на сябе ўвагу. На жаль, заўважылі яго толькі ў 14 гадоў, калі з кватэры знікла золата, а падлетак паспрабаваў усё — і траўку, і таблеткі, і ўнутрывенныя ін’екцыі. 

Не так даўно да нас прыходзіла дзяўчынка, у якой анарэксія. Сяброўка пазычыла ў яе грошы, а вярнуць вырашыла дозай. Паспрабаваўшы адзін раз, дзяўчынка пры яе дэпрэсіўным стане адчула эмацыянальны пад’ём і пачала далей ужываць наркотыкі. Калі бацькі пра гэта даведаліся, яна хацела скончыць жыццё самагубствам. Слава богу, не паспела.

Калі вы бачыце, што з вашым дзіцем штосьці не так, у вас не атрымліваецца наладзіць з ім кантакт, не губляйце час, звяртайцеся па дапамогу. 

Марына ЖДАНАВА.