Псіхалагічная і сацыяльная работа з дзецьмі, якіх забіраюць з сям’і, — гэта не пра меркаванні і пачуцці. Гэта пра давер, кантакт і правільнае размеркаванне прыярытэтаў: мы хочам, каб дзецям было добра ці каб вінаватым было дрэнна?
Пра тое, які фармат работы з дзецьмі з нядобранадзейных сем’яў найбольш правільны і як ім дапамагаць, каб гэта было з асаблівым клопатам і беражліва, расказвае педагог-псіхолаг гімназіі № 3 Баранавіч Наталля СВІРЫДАВА.
— Якія праблемы бачаць псіхолаг, сацыяльны педагог, працуючы з дзецьмі, якіх забралі з сям’і?
— Нягледзячы на тое, што сям’я ў выхаванні дзіцяці адыгрывае першасную ролю, не ўсе бацькі імкнуцца стварыць дзецям добрыя ўмовы для жыцця і паўнавартаснага развіцця. Не ўсе дарослыя спраўляюцца з выхаваннем. У нядобранадзейных сем’ях парушана структура, абясцэньваюцца ці ігнаруюцца асноўныя сямейныя функцыі. У такіх сем’ях назіраецца недастатковая псіхолага-педагагічная дасведчанасць бацькоў, жорсткія адносіны з дзіцем.
Дзіця з нядобранадзейнай сям’і можа сутыкацца з цяжкасцямі ў міжасобасных адносінах, яно адчувае сябе адрынутым. Разам з гэтым у такога дзіцяці можа з’явіцца жаданне дамініраваць у калектыве, яно становіцца агрэсарам.
Працуючы з адпаведнымі сем’ямі, звяртаю ўвагу на жыццё кожнага дзіцяці, на яго адносіны да сям’і і навакольных. Але вельмі часта, жадаючы дапамагчы дзіцяці, мы сутыкаемся з супраціўленнем з яго боку. У дзяцей з нядобранадзейных сем’яў назіраецца нізкая самаацэнка, дрэнная паспяховасць, парушэнне дысцыпліны і нежаданне вучыцца.
Самая вострая праблема, з якой сутыкаецца псіхолаг ці сацыяльны педагог, працуючы з дзецьмі з нядобранадзейных сем’яў, гэта недавер да спецыяліста. Такім непаўналетнім складана ісці на кантакт, і нават тады, калі здаецца, што даверныя адносіны наладжаны, дзіця баіцца раскрывацца, бо думае, што здраджвае сваім бацькам. Часта, размаўляючы пра сям’ю, дзіця гаворыць, што мама і тата не ўжываюць спіртныя напіткі, не сварацца. Так адбываецца, бо многія бацькі пужаюць малога, гаворачы, што прыйдзе псіхолаг і сацыяльны педагог, забяруць яго і аддадуць у дзіцячы дом, калі будзе нешта расказваць.
Адбіранне дзіцяці з сям’і — гэта апошняя мера, на якую ідуць спецыялісты. Часта бацькі, калі дзетак забіраюць з сям’і, прымаюць усе меры, якія неабходны, каб вярнуць малых. Падчас адбірання дзіцяці мы ў першую чаргу разглядаем варыянты, каб яго ўзялі да сябе сваякі. Гэта дапаможа не параніць дзіцячую псіхіку.
— Што павінен зрабіць спецыяліст, каб дзеці не баяліся гаварыць, адкрывацца?
— Да дзяцей, якія замыкаюцца і падманваюць, кажучы, што ў сям’і ўсё добра, у мяне існуе асаблівы падыход. Я не стараюся навязваць ім сваю прысутнасць, але паказваю, што заўсёды гатова прыйсці на дапамогу. У дзяцей ёсць мае нумары тэлефонаў, яны ведаюць, што могуць у любы дзень і час пазваніць, і я дапамагу. Я ім заўсёды кажу, што не трэба баяцца, трэба тэлефанаваць, бо толькі разам мы знойдзем выйсце з цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Часта, калі адносіны паміж мамай і татам у сям’і пагаршаюцца, калі яны пачынаюць злоўжываць алкаголем, дзеці падыходзяць і цікавяцца, што будзе, калі іх забяруць з дому. Такая цікавасць сведчыць аб тым, што сітуацыя пагоршылася. Дзеці любяць сваіх бацькоў любымі, таму першы час пасля адбірання вінавацяць у гэтым спецыялістаў.
Пасля адбірання малыя перажываюць двайную траўму. З аднаго боку, гэта адмоўныя адносіны ў сям’і і негатыўны жыццёвы вопыт. З другога — сам факт разрыву з сям’ёй. Такую вымушаную разлуку дзіця ўспрымае амаль як смерць родных. Традыцыйныя ўяўленні, што дзіця нічога не разумее, хутка ўсё забудзе і што яму ўсё роўна, памылковыя. Малыя гэтак жа, як і дарослыя, балюча ўспрымаюць страту, але ў іх з-за ўзросту намнога менш магчымасцей абараняцца. Ёсць яшчэ адзін памылковы погляд: думаць, што дзіця не можа любіць тых, хто з ім дрэнна абыходзіцца. Тым не менш прывязанасць да бацькоў з’яўляецца адной з прыкмет нармальнага дзіцяці. Патрэба любіць і быць любімым з’яўляецца натуральнай для кожнага чалавека.
— Што ў сябе ўключае першасная псіхалагічная дапамога дзіцяці, якога толькі забралі з сям’і?
— Спачатку трэба знайсці словы суцяшэння — яны заўсёды дарэчы. Тлумачэнні, тактыльны кантакт, трыманне за руку ці проста маўчанне ў цішыні таксама дапамагаюць дзіцяці, крышачку паляпшаюць яго эмацыянальны стан. Калі праз нейкі час размаўляла з дзецьмі, якіх забірала з сям’і, яны гаварылі, што ў той момант адчувалі, што патрэбны толькі мне.
— Чаго ні ў якім разе нельга гаварыць дзецям, якіх вымушана разлучылі з бацькамі?
— Ніколі нельга гаварыць дзіцяці, што яго бацькі дрэнныя, што яны алкаголікі і не змогуць вылечыцца. Гэта вельмі траўміруе малыша. Такіх размоў трэба пазбягаць, лепш гаварыць, што бацькі яго любяць і будуць старацца вылечыцца, выправіцца і забраць малога дадому. Таксама гавару, што буду дапамагаць яго бацькам у гэтым. Дзецям вельмі важна чуць такія словы. Калі яны давяраюць, бачаць усё на свае вочы і вераць — гэта поспех у рабоце.
Калі пасля адбірання з сям’і дзіця не мяняе школу, я, калі яго няма на занятках, прыходжу да яго ў клас. Дзеці ў любым выпадку ведаюць, што іх аднакласнік знаходзіўся ў сацыяльна небяспечным становішчы і быў забраны з сям’і. Размаўляючы з дзецьмі, варта сказаць, што нічога незвычайнага не адбылося, проста іх сябру трэба крышачку больш увагі, больш удзелу ў яго жыцці, бо цяпер ён знаходзіцца ў цяжкай для яго сітуацыі. Усе — псіхолаг, сацыяльны педагог, класны кіраўнік і аднакласнікі — павінны знаходзіцца побач з дзіцем, не даваць яму ўпасці ў адчай, падтрымліваць. Гэта важна зрабіць на тым этапе, пакуль бацькі спрабуюць знайсці выйсце з сітуацыі, у якой апынулася іх сям’я.
Самая вострая праблема, з якой сутыкаецца псіхолаг ці сацыяльны педагог, працуючы з дзецьмі з нядобранадзейных сем’яў, гэта недавер да спецыяліста. Нават тады, калі здаецца, што даверныя адносіны наладжаны, дзіця баіцца раскрывацца, бо думае, што здраджвае сваім бацькам.
— Як павінна будавацца работа з гараваннем у дзіцяці?
— Разлука з сям’ёй — гэта прызнанне, што быць любімым сваімі бацькамі немагчыма. Усе дзеткі з нядобранадзейных сем’яў хочуць, каб іх мама і тата былі добрымі, любячымі, каб клапаціліся аб дзіцяці. Страта сям’і, нават самай дрэннай, прыносіць крыўду і боль. Прычым дзеці крыўдзяцца не толькі на бацькоў, але і на спецыялістаў школы, на ўсіх, хто ў момант адбірання знаходзіўся побач. Разам з гэтым дзеці думаюць, што яны самыя дрэнныя і нікому не патрэбны. Яны ўпэўнены, што на дарослых нельга разлічваць, бо яны могуць пакінуць у любы момант, а ў тым, што іх забралі з сям’і, вінаваты яны самі. Глыбокія эмацыянальныя сувязі са значнымі людзьмі служаць асновай і крыніцай жыццёвых сіл для кожнага з нас, а дзецям яны проста неабходны. Менавіта таму страта сям’і суправаджаецца гараваннем. Боль і страта — гэта рэальныя складнікі жыцця. Дзеці, якія страчваюць сям’ю, адчуваюць гэта вельмі рана. Такая страта аказвае разбуральнае ўздзеянне на ўсе ўзроўні жыцця маленькага чалавека: фізічны, псіхалагічны, сацыяльны.
Што тычыцца працэсу пражывання гора, то ён дастакова доўгі. Асаблівасці яго працякання маюць індывідуальны характар. Спачатку ў дзіцяці наступае шок, трывога і заміранне. Гэтая стадыя можа доўжыцца ад некалькіх гадзін да некалькіх тыдняў. У гэты момант, дзякуючы абарончай рэакцыі псіхікі, дзіця можа не адчуваць болю. Яно адмаўляе сітуацыю, думае, што ўсё часова, што праз некалькі дзён бацькі яго забяруць.
Пасля гэтага наступае адчай, боль, агрэсія. У гэтай фазе гора абрушваецца на дзіця ўсім цяжарам. Чым больш месца ў жыцці займалі бацькі, тым цяжэй у гэты перыяд дзіцяці. Асабліва цяжка, калі бацькі не наведваюць яго. Калі малыш знаходзіцца ў прытулку, прыходзіць да яго можна два разы ў тыдзень, а таксама на выхадных. Калі мама не прыходзіць, малышу становіцца цяжка, ён плача, пачынае праяўляць агрэсію і можа ўпасці ў адчай, апатыю.
Праз некаторы час наступае заціхальная стадыя, аднаўленчая. Дзіця прывыкае да таго месца, дзе жыве, да тых людзей і дзяцей, якія знаходзяцца побач. А таксама разумее, што такіх, як яно, многа.
Калі дзіця знаходзіцца ў сваякоў, то праходзіць гэтыя стадыі намнога хутчэй. Прычым яны не заўсёды настолькі адкрытыя і яркія, бо асабліва нічога ў жыцці дзіцяці не змянілася: яно жыве з бабуляй, цёткай, якія яго любяць, а яно гэта бачыць.
Працуючы з дзецьмі, якія трапілі ў прытулак, заўсёды расказваю пра тое, дзе яны знаходзяцца, якія правілы дзейнічаюць у гэтым месцы. Стараюся клапаціцца аб іх, падысці на перапынку ў школе, спытаць, як справы, і пачаставаць цукеркай. Калі дзіця захоча пагаварыць са мной аб сваёй сям’і, заўсёды падтрымаю, бо мне вельмі важна, каб яно размаўляла са мной і давярала. Часам дзіцяці больш неабходна, каб яго выслухалі, чым давалі парады. Таксама важна, каб з малым, якога забралі з сям’і, былі тыя рэчы, якімі ён даражыць. Гэта могуць быць цацкі, кнігі і г.д.
Увогуле, ступень гаравання не залежыць ад узросту дзіцяці, яны ўсе без выключэння — і малышы, і падлеткі — маюць патрэбу ў любві бацькоў, іх цеплыні.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА