У чым адметнасць праграмы «Адораныя дзеці», якая дзейнічае ў школе № 1 Докшыц

- 14:25Образование, Приложение, Псіхолаг у школе

У сярэдняй школе № 1 Докшыц Віцебскай вобласці дзейнічае праграма падтрымкі адораных навучэнцаў “Адораныя дзеці”. Удзельнічае ў рабоце са здольнымі і таленавітымі дзецьмі педагог-­псіхолаг школы Алена Гойгель, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Парасткі таленту

“Нарадзілася я ў Расіі, у Чыцінскай вобласці, у сям’і вайскоўцаў, таму сям’я мяняла месцы жыхарства, — пачынае свой аповед Алена Уладзіміраўна. — Бацька быў родам з Верхнядзвінскага ­раёна Віцебскай вобласці, таму прывёз сям’ю на радзіму, і з 18 гадоў я жыла ў Наваполацку. Па першай адукацыі я дырыжор хору, тэарэтык музыкі, скончыла Наваполацкі музычны каледж, доўгі час выкладала, працавала 22 гады кіраўніком дзіцячага хору “Званочкі” і настаўнікам сальфеджыа ў Фарынаўскай сярэдняй школе Полацкага раёна. Потым захацела атрымаць яшчэ адну адукацыю і завочна скончыла факультэт псіхалогіі Маскоўскай гуманітарнай акадэміі. Навучанне ў акадэміі можна лічыць значнай падзеяй у маім жыцці. Там я адчула, што псіхалогія — гэта менавіта тая галіна ведаў, у якой мне цікава спазна­ваць новае. Гэта той напрамак, якім бы я хацела займацца. У Докшыцах я ўжо 9 гадоў працую ў першай школе педагогам-псіхолагам”.

Алена Гойгель любіць працаваць з дзецьмі, у тым ліку з адоранымі навучэнцамі. У сярэдняй школе № 1 Докшыц шмат вучняў з сельскай мясцовасці. Работу з адоранымі дзецьмі тут пачына­юць, калі тыя яшчэ наведваюць дзіцячы сад. Пераемнасць працуе выдатна: педагогі школы ідуць у дзіцячы сад, і там выхавальнікі, педагог-псіхолаг расказваюць пра кожнага выхаванца, звярта­юць увагу на адораных дзетак. Таму ў школе ўжо добра ведаюць, якія дзеці прыйдуць у 1 клас. А ў пачатковай школе для выяўлення адораных навучэнцаў выдатна спрацоўвае метад назірання.

“Калі дзіця мае мастацкую адоранасць, яно нават на перапынках будзе штосьці маляваць у блакноце, — дзеліцца педагог-псіхолаг. — Пра матэматычную ці гуманітарную адоранасць паведаміць настаўнік пачатковых класаў, які бачыць, як дзіця працуе на ўроках. Акрамя таго, выявіць моц­ныя бакі дзіцяці дапамага­юць іх бацькі. З адоранымі вучнямі я праводжу дадатковую дыягностыку, гутару з іх бацькамі”.

Міленіум XXI стагоддзе

Адоранае дзіця — гэта дзіця, якое вылучаецца яркімі, відавочнымі, а часам і выдатнымі дасягненнямі (ці мае ўнутраныя перадумовы для такіх дасягненняў) у той ці іншай дзейнасці. Па меркаванні Алены Гойгель, дзіцячая адоранасць — гэта асаблівасці, якія абавязкова патрабуюць далейшага развіцця. Педагогам варта да­ваць адоранаму вучню большую нагрузку, далучаць яго да ўдзелу ў конкурсах. У сярэдняй школе № 1 Докшыц ёсць дзеці, якіх можна назваць высокаматываванымі.

З мэтай развіцця, самавызначэння, самарэалізацыі і выхавання навучэнцаў у 2011 годзе ва ўстанове адукацыі было створана добраахвотнае творчае аб’яднанне навучэнцаў — школьнае навуковае таварыства “Міленіум XXI стагоддзе”. Гэта было першае навуковае таварыства навучэнцаў ва ўстановах адукацыі Докшыцкага раёна. Ля яго вытокаў стаялі Іна Пятроўна Парцянка, Таццяна Паўлаўна Хамко, Ірына Расціславаўна Кірыенка. За 10 гадоў працы членамі таварыства сталі больш за 100 навучэнцаў. Прычым навучэнцы школы для паглыбленага вывучэння бяруць абсалютна розныя тэмы, часам нечаканыя.

“Напрыклад, летась я працавала з дзевяцікласнікам над работай “Як піва ўплывае на арганізм падлетка”, — дзеліцца Алена Ула­дзіміраўна. — Хлопчык з гэтай работай заняў 2-е месца ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Першыя крокі ў навуку”.

Педагогі ў школе вопытныя, самі вызначаюць адораных вучняў. Выдатна працуе з адоранымі навучэнцамі настаўнік матэматыкі Сяргей Іванавіч Камінскі, яму ўдаецца адразу знайсці ў класе групу здольных да матэматыкі навучэнцаў і мэтанакіравана праца­ваць з імі. Тое самае можна сказаць пра настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Марыну Вінальеўну Казлоўскую, у якой ужо былі два пераможцы заключнага этапу рэс­публіканскай алімпіяды.

Як педагог-псіхолаг можа ў гэтым плане дапамагчы настаў­ніку-прадметніку? Дзейснай будзе работа па зняцці стрэсу як у педагогаў, так і ў адораных навучэнцаў, якія адчуваюць вялікую нагрузку. Педагог-псіхолаг расказвае дзецям пра неабходнасць захавання рэжыму дня, рыхтуе для іх памяткі. Дзеці на такіх сустрэчах выконваюць дыхальныя практыкаванні, практыкаванні на стымуляцыю памяці, развіццё мыслення.

Права на памылку

Пытаюся ў Алены Уладзіміраўны, якія праблемы зведваюць высокаматываваныя дзеці. Па яе словах, у многіх з іх заніжаная самаацэнка, таму што дарослыя ад іх вельмі многага патрабуюць, і дзеці баяцца зрабіць памылку.

“Ім страшна ад таго, што нейкае заданне выканаць не атрымаецца, — працягвае Алена Гойгель. — Ад іх чакаюць поспехаў — настаўнікі, бацькі. У гэтых дзяцей высокі ўзровень трывожнасці — яны баяцца не паказаць поспех. Канфліктных сітуацый з адоранымі дзецьмі ў нашай школе не назіраецца, іх патрэбы тут разумеюць. Калі дзеці рыхтуюцца да алімпіяды, я праводжу з імі заняткі з трэнінгамі: збіраемся і прагаворваем праблемныя моманты, якія іх хвалююць. Апошняя такая сустрэча была на тэму “Грані майго Я”, дзе дзеці расказвалі пра сябе, свае пачуцці, пра тое, што для іх алімпіяда, як прахо­дзіць падрыхтоўка да яе, пра чаканыя вынікі алімпіяды і тое, чаму алімпіяда іх навучыць. Дзеці ма­юць магчымасць выгаварыцца, здзейс­ніць самарэфлексію эмацыянальнага настрою, паразважаць, што ім можа дапамагчы. Я даю ім псіхалагічныя рэкамендацыі, што рабіць, калі стаміліся вочы, як абстрагавацца, якое месца павінна адводзіцца заняткам і якія прадукты ўжываць у ежу.

З малодшымі дзецьмі право­джу гульні на развіццё крэатыў­насці, мыслення, увагі. Усе маленькія дзеці — фантазёры, таму мы гуляем і развіваем іх пазнавальную цікавасць. Напрыклад, дзеці перадаюць адно аднаму мяч, і кожны раз спосаб перадачы павінен быць новым. Так фармі­руюцца ўвага і фантазія”.

Памятка настаўнікам ад Алены Гойгель

  • Задавайце дзіцяці “праблемныя” задачы, якія не маюць адназначнага спосабу рашэння.
  • Ніколі не крытыкуйце дзіця за тое, што яно робіць нешта не так, як астатнія.
  • Не патрабуйце ад дзіцяці, каб яно было лепшым ва ўсім і заўсёды.
  • Дэманструйце пазітыўны ўзор творчых паводзін.
  • Не гаварыце аб адоранасці дзіцяці ў яго прысутнасці, не перахвальвайце яго.
  • Памятайце, што вы павінны прыстасавацца да дзіцяці, а не яно да вас.
  • Дайце дзіцяці быць самастойным.
  • Не захапляйцеся спаборніцкімі метадамі: калі адно дзіця заўсёды будзе пераможцам, іншыя могуць яго за гэта зненавідзець.
  • Дапамагайце дзіцяці спраўляцца з праблемамі ва ўзаема­адносінах з равеснікамі і дарослымі.
  • Стварайце ўмовы для пераймання творчых паводзін.

Часам бацькі адораных дзяцей дапускаюць адну і тую ж памылку: мараць пра тое, каб дзіця зрабіла нешта, што не атрымалася ў свой час у іх. Знаёмая сітуацыя, напэўна, для кожнага з нас. Бывае, што бацькі ўпэўнены: “Хочам, каб сын стаў урачом-стаматолагам”. Так яны рэалізуюць асабістыя мары. Алена Уладзімі­раўна расказвае, як ёй давялося працаваць з мамай адной з адораных навучэнак. Жанчына ў сваім дзяцінстве вельмі хацела танцаваць, але ў яе не атрымалася гэта зрабіць. Калі ў яе нарадзілася дачушка, мама вырашыла здзейс­ніць праз дзіця сваю мару пра танцы. Жанчына прыклала максімум намаганняў, каб зрабіць з дачкі танцорку. А дзіця… скажам так, не мела асаблівага таленту да танцаў і жадання таксама.

“Дзяўчынка прасіла мяне са слязамі на вачах: “Пагаварыце з мамай, я не хачу танцаваць, а хачу маляваць”. А малявала дзяўчынка проста фантастычна! З мамай у школе была праведзена работа, яна пачула нас і сваю дачку. І зараз дзяўчынка ўдзельнічае ў мастацкіх конкурсах і займае там высокія месцы”, — гаворыць педагог-псіхолаг.

Быць крыніцай дапамогі

Зараз шмат гаворыцца пра месца педагога-псіхолага ў жыцці школы. Якое яно, гэтае месца, у псіхолага Алены Гойгель?

“У адносінах да калег я свое­асаблівая “камізэлька”, у якую можна паплакаць. Для мяне звычайная сітуацыя, калі настаўнік прыходзіць да мяне і расказвае аб праблеме, якая ў яго з’явілася, а часам і пашуміць, і пакры­чыць у маім кабінеце. Выпусціць пару. Скажу шчыра: мне падабаецца слухаць калег і дапамагаць ім. Ім важна выказацца, важна, каб хтосьці іх пачуў. Такім чынам у маім кабінеце настаўнікі здымаюць стрэс і заспакоенымі ідуць дамоў. Для навучэнцаў я — крыніца дапамогі і магчымасць выказацца. Мне цікава працаваць з высокаматываванымі дзецьмі, бо яны разважаюць, шмат веда­юць, ім усё цікава. І яны адгукаюцца на работу з імі з удзяч­насцю”, — падагульняе Алена Уладзіміраўна.

Наталля КАСТЭНКА