Раман з тэатрам

- 23:53Выхаванне, Дадатковая адукацыя

На мінулым тыдні ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшлі фінальныя мерапрыемствы VII адкрытага міжнароднага фестывалю-конкурсу “Творчасць без меж” у намінацыі “Тэатральная творчасць”.

Крыху статыстыкі

Сёмы адкрыты фестываль-конкурс праводзіўся Міністэрствам адукацыі і НЦМТДіМ з 14 снежня мінулага года. У завочным туры прынялі ўдзел 570 тэатральных калектываў і індывідуальных выканаўцаў з Азербайджана, Расіі, Казахстана, Лівана, а таксама з усіх рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце ад 6 да 25 гадоў. Для іх гэта гісторыя поспеху і расчараванняў, памылак і нечаканага трыумфу. У фінале фестывалю-конкурсу, які прайшоў у вочнай і дыстанцыйнай форме, выступілі лепшыя выканаўцы. Давайце пазнаёмімся з некаторымі фіналістамі бліжэй.

Больш эмоцый!

Трапіць на спектаклі-фіналісты было цяжка з-за школьнікаў, якія ў дні канікул наведвалі тэатральныя паказы. Але варта было праціснуцца міма дзятвы ў фае ­НЦМТДіМ, і тэатральны форум прывітаў яркімі фарбамі. Што ні кажы, а закуліссе вабіць людзей, не далучаных да свету тэатра, нават больш, чым сцэна. Што там, на адваротным баку акцёрскага жыцця, рэпетыцыях? Каб убачыць на ўласныя вочы, адчыняю дзверы ў спартыўную залу, дзе ідзе фінальны прагон. Артысты ўзорнага тэатральнага калектыву “Прэм’ера” з Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэпеціруюць сцэну. Да іх кожную хвіліну падбягае кіраўнік калектыву і добра пастаўленым голасам, ад якога дрыжаць шыбы ў вокнах, папраўляе:

— Больш эмоцый! Пакажы, як ты стамілася раз за разам паўтараць яму адно і тое ж! Вось тут я яшчэ б нагамі патупала! Табе гэта надакучыла! 

На заднім плане нудзяцца ў тэлефонах юнакі. Што ж, адцягнуць дзіцячую ўвагу ад мабільнікаў — святы абавязак кожнага дарослага. Гэтыя “прэм’ераўцы” на фестывалі не ўпершыню. Кірыл Фамін заўважае, што тэатральны форум — гэта цудоўны спосаб адпачыць і назапасіць новых уражанняў:

— Падчас майго дэбюту дзяўчынка, якая іграла ў пары са мной, забыла тэкст, ад хвалявання я таксама ўпаў у ступар. Мы прыкладна хвіліну стаялі на сцэне моўчкі, нерухома, толькі наш кіраўнік гучна падказвала рэплікі. З вопытам я навучыўся імправізаваць. Магу прыдумаць і замяніць фразу на ляту. Майстэрства за шэсць гадоў заняткаў тэатральнай дзейнасцю вырасла, але я ў прынцыпе такая асоба, якая заўсёды будзе незадаволена вынікам. Нават калі праглядаю відэа са сваіх ранейшых спектакляў, мне падаецца, што тады я ўкладваў у свае дзеянні больш душы. Вядома, быў малым, не ўвайшоў яшчэ ў той узрост, калі чалавеку ўжо ўсё надакучыла, нічога яго больш не здзіўляе…

Сцэна лечыць. Яна дае магчымасць прымерыць іншае жыццё, адчуць сябе ў скуры другога чалавека.

Раман яго калегі Максіма Котава з тэатрам таксама пачаўся не адразу. Спачатку Макс саромеўся і не ведаў, куды сябе падзець. Затое пасля першага выхаду на сцэну зразумеў, што гэта — прызванне: “Перад выступленнямі я заўсёды моцна хвалююся, рукі становяцца халоднымі і мокрымі, я адчайна іх грэю, але падчас спектакля страх пакідае мяне. Магчымасць адчуць сябе ў ролі іншага непараўнальная ні з чым!”

Забягаючы наперад, скажу, што Максім атрымае на фестывалі прыз за лепшую мужчынскую ролю ў змешанай узроставай катэгорыі. На жаль, для іншых удзельнікаў “Прэм’еры” гэты сезон аказаўся не такім удалым, як мінулы: трэція месцы ў намінацыі “Тэатральная творчасць” і “Драматычны тэатр”.

Кіраўнік тэатра Наталля Міхайлаўна Шлімакова адзначае:

— Які б ні быў спектакль, колькі б ні прайшло рэпетыцый, дзеці іграюць заўсёды па-рознаму. Таму што мы выходзім на сцэну ў розных станах: пасля хваробы, пасля сваркі, у мандражы. Такое, я ўпэўнена, бывае і з прафесійнымі акцёрамі, бо ўсе мы жывыя лю­дзі! Вядома, я тлумачу юным артыстам, што на ўсіх першых месцаў не хапае, усе дзеці хочуць атрымаць прызнанне, сабраць сваю долю ўзнагарод. Няўдачы таксама патрэбны, яны прымушаюць ісці далей. Галоўная задача сцэны не ў гэтым — яна дае магчымасць прымераць на сябе іншае жыццё. Не ва ўсіх жа складваюцца адносіны ў соцыуме. Часам баць­кі прыводзяць дзяцей у тэатр проста для сацыялізацыі. І я заўсёды кажу: “Вось, дзеці, мы з вамі дасталі кавалак замарожанага пластыліну. Адразу мы з яго нічога не вылепім, спачатку трэба аддаць яму шмат цяпла”. Вялікае задавальненне атрымліваю, калі ў гэтых ціхіх сціплых дзяцей штосьці атрымліваецца, для мяне гэта шыкоўная сітуацыя поспеху. Магчыма, для гледача яна і незаўважная. Ну, іграе хлопчык і іграе, але мы ж з ім ведаем!

Лёгка не будзе!

Што ж, кожная гісторыя поспеху асаблівая. Часта яна не ў атрыманых узнагародах, а ў тым шляху, які мы дзеля іх прайшлі. Аб гэтым не па чутках ведаюць у аб’яднанні па інтарэсах “Чароўнае слова” сярэдняй школы № 11 Брэста і тэатры-студыі “Маскі” Шматпрофільнага цэнтра дзяцей і моладзі Брэста. Аб’ядноўвае ўсіх гэтых дзяцей настаўніца Святлана Барысаўна Гаўрыленка, педагог-дэфектолаг, якая працуе з асаблівымі дзецьмі ўжо шмат гадоў:

— Усе дзеці, з якімі мы прыехалі на форум, маюць даволі складаныя дыягназы. Я займаюся з імі з першага класа. І прагнозы спачатку былі вельмі дрэнныя. Але, бачыце, час усё расставіў па сваіх месцах: сёння пяць нашых выхаванцаў з васьмі вязуць дамоў спецыяльныя прызы ад членаў журы. Спадзяюся, далей — толькі больш. Мы паглядзелі ўжо, на што трэба зрабіць акцэнт, і наступны раз прыедзем максімальна падрыхтаванымі. Нам тут спадабалася! 

Вядома, гэта толькі гучыць лёгка: прыехалі, выступілі, перамаглі. Калі Святлана Барысаўна пачынала працаваць з гэтымі дзецьмі, ёй гаварылі, што з такімі сур’ёзнымі парушэннямі маўлення і слыху на вынікі разлічваць не прыходзіцца, дзяцей чакае спецшкола. Першы год заняткаў быў, бадай, самым складаным.

— Асабліва цяжка было з Алінай Сацутай, — дзеліцца Святлана Барысаўна. — Яна не чуе, носіць слыхавы апарат, у першым класе магла крыху гаварыць, але вельмі незразумела. Мы многа працавалі вочы-ў-вочы, каб яна бачыла маю міміку, паўтаралі, выстуквалі, выплясквалі, але сапраўдны прагрэс атрымалі, калі дзяўчынка пачала чытаць. Наогул, для дзяцей з парушэннямі маўлення чытанне — выдатны сродак развіцця. Яно паляпшае памяць і пільнасць. І вядома, нам вельмі дапамагла сцэна: неабходнасць сабрацца, вывучыць тэкст, прыстойна выступіць. Гэта іншы ўзровень адказнасці. Я з самага пачатку настройвала дзяцей, што яны такія ж, як і ўсе, ніякіх патуранняў не будзе. Магчыма, у гэтым і заключаецца сакрэт поспеху. Не трэба іх шкадаваць: яны павінны ра­зумець, што ў жыцці лёгка не бу­дзе, а значыць, трэба шмат працаваць ужо сёння.

Ажыўшыя лялькі

“Серабро” павезла дадому Салігорская дзіцячая школа мастацтваў. Яе педагог і мастацкі кіраўнік лялечна-драматычнага тэатра “На далоні” Ганна Віктараўна Бярозка расказвае, што яны ўвогуле ехалі не за месцам, а паглядзець на тое, чым дыхае сёння дзіцячы тэатр. Паспрабаваць, як гэта — выступаць на вялікую аўдыторыю. 

— У Салігорску мы прывыклі да маленькіх камерных залаў, да выступленняў у дзіцячых садах, дзе дзеткі могуць дакрануцца да лялек, сфатаграфавацца з імі. А тут мы набіраліся вопыту. Лялечнік — гэта складаная прафесія. Калі звычайны артыст выходзіць на сцэну, ён кіруе сам сабой, яму трэба толькі выву­чыць тэкст, а лялечнік павінен зрабіць усё тое ж самае, але пры гэтым яшчэ і ўдыхнуць жыццё ў ляльку. Гэта ўсё роўна, што кіраваць аўтамабілем і паралельна чытаць маналог з “Навальніцы”. Экстравертам неверагодна цяжка засвоіць гэтае майстэрства. Яны прывыклі паказваць сябе, ім цяжка перанастроіцца на тое, што яны не на першым плане. Інтравертам, наадварот, псіхалагічна лягчэй: яны могуць схавацца за цацкай і свае пачуцці, свае эмоцыі праз яе трансліраваць у глядзельную залу, — гаворыць Ганна Віктараўна.

Паглядзеўшы на канкурэнтныя спектаклі, салігарчане сваім узроўнем засталіся задаволены: 

— Я ўбачыла, што мы ідзём у правільным кірунку, працягваем традыцыі класічнага лялечнага тэатра. Ва ўсялякім разе, не зай­маемся лялькаматляннем, якім грашаць нават многія прафесійныя тэатры: акцёр з лялькай працуюць паралельна, і калі забраць з рук жывога артыста штучнага, наогул нічога не зменіцца. У руках нашых дзяцей лялькі жы­вуць, дзеці кіруюць, дыхаюць праз іх. Таму, напэўна, нас вельмі добра прынялі маленькія гледачы: мы прывезлі ім зразумелы спектакль, з выразнай ідэяй аб тым, што трэба прымаць сябе такімі, якія мы ёсць.

Што ж, менавіта гэтаму і ву­чыць нас сапраўднае мастац­тва…

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота аўтара.