Дзе б чалавек ні быў, куды б ні паехаў, ён заўсёды хоча вярнуцца ў дарагія яго сэрцу мясціны. Любоў да Радзімы грунтуецца на яе пазнанні, а пазнанне і веданне — на краязнаўчай дзейнасці.
У нашай школе працуюць самаадданыя, творчыя настаўнікі, якія захоўваюць памяць пра свае карані, пра сваё мінулае. Амаль палова педагагічнага калектыву — гэта былыя выпускнікі нашай школы. Кожны настаўнік удзяляе вялікую ўвагу навучанню дзяцей гісторыі роднай зямлі, якая адлюстроўвае этнічную спецыфіку і мастацкія традыцыі беларусаў. Лагойшчына — край з багатай гісторыяй, дзе шмат помнікаў старажытнасці і архітэктуры, дзе захаваліся рэшткі старажытных гарадзішчаў, курганныя могільнікі, адзіночныя курганы. Лагойшчына — гэта партызанскі край.
На базе нашага вучэбна-педагагічнага комплексу дзейнічае краязнаўчы музей, які можна лічыць своеасаблівай лабараторыяй краязнаўчай гісторыі. Вучні школы пад кіраўніцтвам настаўнікаў гісторыі Любові Ваўчок, Вольгі Тарасевіч сабралі цікавы матэрыял па гісторыка-культурнай спадчыне. Аналiз работы школьнага музея паказаў, што для фарміравання творчага асяроддзя і развіцця сацыяльнай кампетэнцыі вучняў неабходна арганізаваць даследчую дзейнасць. Таму некалькі гадоў назад пачалася работа над педагагічным праектам “Развіццё даследчых уменняў навучэнцаў праз іх уключэнне ў дзейнасць па вывучэнні гісторыі малой радзімы”.
Вучні вучыліся аналізаваць краязнаўчыя матэрыялы, каб умець творча пераасэнсоўваць і выкарыстоўваць iх у сваіх даследчых работах з улікам уласнага вопыту. Былі праведзены розныя мерапрыемствы з выкарыстаннем матэрыялаў музея, арганізавана работа зменных экспазіцый. Дзеці адпраўляліся і на экскурсіі па малой радзіме, каб лепш яе ведаць. На працягу года школьнікі наведвалі землякоў, якія жывуць і працуюць у вёсках.
Асабліва значнымі для навучэнцаў сталі сустрэчы з выпускніком нашай школы, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, цымбалістам Аляксандрам Лявончыкам. Вядомы саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі з дапамогай спрадвечнага беларускага інструмента, якім ён віртуозна валодае, знаёміў навучэнцаў з беларускімі шэдэўрамі сусветнай музычнай культуры.
Кіраўнік гуртка “Музеязнаўства” Любоў Ваўчок удзельнічала ў краязнаўчых чытаннях педагогаў “Мае славутыя землякі” з работай “Ад настаўніка да дыпламата. Міхаіл Абрамавіч Фарфель”, у конкурсе музеяў баявой славы “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем”, выставе-конкурсе “Ганарымся мінулым, працуем над будучыняй”, грамадзянска-патрыятычным марафоне, прысвечаным 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, “Гэта трэба не мёртвым! Гэта трэба жывым!”.
У рамках рэалізацыі праекта дзеці і настаўнікі аформілі куток у музеі, прысвечаны вядомаму музыканту і яго настаўніку Веньяміну Бурковічу, заслужанаму артысту БССР, таксама нашаму земляку.
Члены гуртка “Музеязнаўства” з дапамогай настаўнікаў гісторыі распрацавалі і пачалі праводзіць для вучняў Лагойшчыны і іх бацькоў экскурсіі “Наш край у даваенны час”, “Вялікая Айчынная вайна ў нашым краі”, “Нашы славутыя землякі”, “Гісторыя Калачаўскай школы”.
Матэрыялы, здабытыя падчас краязнаўчай дзейнасці, ляглі ў аснову работ, з якімі нашы вучні ўдзельнічалі ў розных раённых і абласных конкурсах. Такіх як Тышкевіцкія чытанні, “Скарбонка краязнаўчых знаходак”, “Я гэты край Радзімаю заву”, “Зямля пад белымі крыламі”, прысвечаны 90-годдзю У.Караткевіча, конкурс юных чытальнікаў “Жывая класіка”, “Лірнік Міншчыны”, дыстанцыйны конкурс дзіцячай творчасці “Роднаму краю часцінку душы прысвячаю”, конкурс Нацыянальнай бібліятэкі да 15-годдзя музея кнігі “Музей кнігі — мой музей” і інш.
Павышаючы педагагічнае майстэрства, настаўнікі таксама ўдзельнічаюць у конкурсах краязнаўчага характару. Яны распрацавалі метадычны кейс па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, прэзентавалі даследчую работу “Прыродна-геаграфічныя, эканамічныя і культурна-гістарычныя асаблівасці рэгіёна ўздоўж беларускіх рэк Выпрата, Мышкаўка, Сліжанка Лагойскага раёна”.
У Год гістарычнай памяці для кожнага настаўніка нашай школы менавіта краязнаўства з’яўляецца вельмі важным сродкам выхавання грамадзянскасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці. Таму найважнейшай задачай кожны настаўнік, а асабліва былы выпускнік нашай школы, лічыць выхаванне ў вучняў пачуцця гордасці за свой народ, дзяржаву і адказнасці за тую мясціну, дзе ён нарадзіўся.
Аляксандр ШЫЛА,
дырэктар Калачаўскага
дзіцячага сада — сярэдняй школы Лагойскага раёна.