“З апошнім школьным званком сувязь з вучнямі не перапыняецца”. Класны кіраўнік 11 “Б” сярэдняй школы № 12 горада Віцебска імя Л.М.Філіпенкі Аляксандр ПУЧАК расказаў пра стратэгію і тактыку стварэння дружнага дзіцячага калектыву.
Аляксандр Мікалаевіч выкладае геаграфію. Па яго біяграфіі прадмет таксама можна вывучаць — настолькі багата ў ёй розных мясцін і краін. Аднак гэтая гісторыя яшчэ і пра тое, як непрадказальны настаўніцкі журавель аднойчы паклікаў… афіцэра Узброеных Сіл.
— Нарадзіўся на Гродзеншчыне, у Слоніме, — расказвае пра сябе класны кіраўнік сённяшняга 11 “Б”. — У Мінскім палітэхнікуме набыў першую прафесійную адукацыю. Потым былі школа малодшых ваенных спецыялістаў у літоўскім горадзе Укмерге і Ленінградскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча супрацьпаветранай абароны імя Ю.У.Андропава, дыплом якога даў права выкладаць шэраг агульнаадукацыйных прадметаў — уключаючы геаграфію. У Беларусь пераехаў з Тамбова, у запас пайшоў у званні маёра. Калі пачынаў працаваць у школе, грамадства ўступіла ў складаны перыяд: сумнавядомыя 1990-я, развал Савецкага Саюза. Між тым настаўніцтва захоплівала мяне ўсё больш. Неабходнай для работы падрыхтоўкі, жыццёвага вопыту хапала. Але галоўнае ў нашай справе, на маю думку, любіць дзяцей і з павагай адносіцца да іх, незалежна ад узросту, заўсёды быць з імі сумленным. Убачаць гэта ў настаўніку навучэнцы — значыць, усё ў яго атрымаецца выдатна і вернецца шматразова, бо праца педагога вельмі ўдзячная. Радуе, што з апошнім школьным званком сувязь з вучнямі не перапыняецца: трымаем кантакт дыстанцыйна, перыядычна збіраемся разам; хтосьці ўжо сваіх дзяцей у школу прыводзіць. Прыемна, калі праз некалькі гадоў пасля выпускнога выпадкова ўбачыш на вуліцы вучня, які раней патрабаваў павышанай педагагічнай увагі, быў схільны палайдачыць і пасваволіць, а ў таго ўсмешка на ўвесь твар. Вітаецца здалёк, спяшаецца падысці і пагаварыць, таму што для яго гэта важна. Літаральна нядаўна сустракаўся з выпускнікамі, каму за 40 гадоў. Лёсы розныя, прафесійныя сферы ад сілавых структур да ІТ. Агульнае адно: добрыя людзі, за кожнага з іх не сорамна.
Варта дадаць, пакуль Аляксандр Мікалаевіч вёў дапрызыўную падрыхтоўку, у яго да пяці чалавек з паралелі выбіралі ваенныя спецыяльнасці. Зараз некаторыя маюць званне, вышэйшае за маёра — пераўзышлі настаўніка, чым той ганарыцца. Яшчэ больш сярод выпускнікоў педагогаў. Наш герой сябруе са спортам і дзяцей да гэтага прывучае: у прыватнасці, кіруе вельмі папулярнай у школе валейбольнай секцыяй. Летась на абласным першынстве пад эгідай Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў камандзе раёна па валейболе выступаў разам з былымі сваімі вучнямі — цяперашнімі настаўнікамі. “Першамайцы” заваявалі лідарства і склалі аснову каманды Віцебшчыны, якая заняла 2-е месца ў рэспубліканскім фінале.
Па словах дырэктара школы Святланы Траццяковай, дасягаць высокіх педагагічных паказчыкаў Аляксандру Пучаку дапамагае нацэленасць на найвышэйшую планку ў любой вучэбнай ці выхаваўчай справе. Настаўнік заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу калегам, актыўна працуе ў метадычным аб’яднанні класных кіраўнікоў школы. Грунтоўна ведае псіхалогію, умее эфектыўна арганізаваць адукацыйны працэс і работу ў камандзе. Яго вучні радуюць поспехамі на Рэспубліканскай алімпіядзе па геаграфіі: штогод атрымліваюць дыпломы на раённым і абласным этапах, прымерваюцца да заключнага. Адзін з нядаўніх пераможцаў — дзевяцікласнік, другі вучыцца ў 11 “Б”. Характэрна, што толькі сёлета пераможцамі розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды, пачынаючы з раённага, сталі 8 чалавек. Якасць ведаў перавышае 90 працэнтаў, чатыры выпускнікі прэтэндуюць на медалі. Навучэнцы вынікова ўдзельнічаюць у конкурсах, канферэнцыях і фестывалях грамадска-патрыятычнай, даследчай, спартыўнай, мастацкай накіраванасці, у эстафетах добрых спраў. Калі браць за пункт адліку раённы ўзровень, то, бадай, усе маюць на сваім рахунку перамогі. Нямала іх і на міжнародным узроўні.
На рэспубліканскім “Апошнім званку” свой 11 “Б” і школу разам з класным кіраўніком прадстаўляе выпускніца Настасся Лосева.
— Выпускны абяцае ператварыцца ў зорны парад, — жартуе настаўнік. — Запытайцеся ў мяне, хто з нашых адзінаццацікласнікаў дастойны таго, каб пра яго надрукавалі артыкул у СМІ, і я адкажу: кожны. Прычым матэрыял адназначна будзе моцны і цікавы. Паступаць мае выпускнікі збіраюцца ў асноўным на спецыяльнасці фізіка-матэматычнага і хіміка-біялагічнага профіляў, многія нацэлены ў медуніверсітэт. Дзеці цудоўныя, але з характарамі. Прама скажам, з такімі навучэнцамі, якія ўмеюць ставіць перад сабой мэты і імкнуцца іх дасягнуць, дастаткова складана працаваць, затое цікава, насамрэч адчуваеш задавальненне ад работы з імі. Я гэтых дзяцей ведаю з 6 класа, у якасці класнага кіраўніка бліжэй пазнаёміўся ў профільным. Найперш неабходна было іх згуртаваць. У фарміраванні калектыву, як і ў цэлым у выхаваўчай дзейнасці, самая выніковая стратэгія — добрым словам і асабістым прыкладам плюс індывідуальны падыход. Адносіны да дзяўчат у хлопцаў павінны быць рыцарскія, я гэтага патрабую абавязкова. Узаемныя дапамога і падтрымка — ключавы складнік для калектыву. Пазнаёміўся з бацькамі — яны нашы першыя памочнікі. У нас мультыпрофіль: для навучання гэта аптымальная форма, а вось пастаяннага ўзаемадзеяння ў вучэбны час мала, бо на ўроках дзеці займаюцца па групах. Зрабілі стаўку на сумесныя справы. На розныя мерапрыемствы — заўсёды разам. Рэалізуючы прынцып “роўны навучае роўнага”, наладзілі цеснае ўзаемадзеянне з віцебскімі дзіцячым домам і школай-інтэрнатам, дзе нашы старшакласнікі займаліся з дзецьмі. Акрамя таго, у школе падрыхтавалі сабе змену ў валанцёрскім атрадзе “Хто, калі не мы?”: навучылі малодшых асновам валанцёрскага руху, перадалі эстафету. Сярод традыцый класа прыжыліся паходы і экскурсіі, наведванне выстаў і музеяў, знаёмства са славутымі мясцінамі вобласці і рэспублікі. Поспехі класа не засталіся без увагі. Так, 9 мая на ўрачыстым парадзе, што традыцыйна праходзіць на цэнтральнай гарадской плошчы, нам даверылі ісці ў першым радзе прадстаўнікоў устаноў адукацыі Першамайскага раёна.
Больш за тры дзясяткі гадоў у любімай прафесіі, амаль чвэрць стагоддзя класнага кіраўніцтва, паспяховыя вучні, заслужаная павага калег — можна гаварыць аб сапраўдным педагагічным прызванні.
У пацвярджэнне слоў Аляксандра Мікалаевіча прывяду ў прыклад дасягненні толькі адной зорачкі з яркага класнага сузор’я. У скарбонцы Настассі Лосевай — перамогі на рэспубліканскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі” ў 2022 годзе, міжнародным конкурсе даследчых работ “Зямля — наш агульны дом”, міжнароднай канферэнцыі “Экалогія.ru”, абласной даследчай канферэнцыі “Эўрыка” і конкурсе біёлага-экалагічных работ, абласных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі (тройчы) і рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” (двойчы). На рэспубліканскім “Апошнім званку” дзяўчына прадстаўляе свой 11 “Б” і школу разам з класным кіраўніком.
“Адносіны да дзяўчат у хлопцаў павінны быць рыцарскія, я гэтага патрабую абавязкова. Узаемныя дапамога і падтрымка — ключавы складнік для калектыву”.
Настаўнік — паняцце значна шырэйшае за вызначэнне спецыяльнасці. Людзі, якіх мы называем настаўнікамі з вялікай літары, ёсць у кожным лёсе. Калі пашчасціла сустрэцца з імі на парозе даросласці, то вядомы выраз “школьныя гады цудоўныя” становіцца не проста прыгожым радком песні, а жыццёвай праўдай.
Таццяна БОНДАРАВА.