Пашыраць межы даследаванняў

- 13:02Выхаванне, Краязнаўства

Мінула ўжо 77 гадоў, як скончылася Вялікая Айчынная вайна. Але і да сённяшняга часу юныя краязнаўцы разам з педагогамі ўстанаўліваюць імёны герояў, адкрываюць новыя факты пра падзеі вогненных 40-х.

У гэтым чарговы раз пераканала рэспубліканская навукова-даследчая канферэнцыя навучэнцаў “Вялікая Айчынная вайна: гісторыя і памяць”. Яе ­ўдзельнікі даследавалі малавядомыя старонкі ваеннай гісторыі роднага краю, вывучалі подзвігі землякоў, знаёміліся з дзейнасцю партызанскіх атрадаў і падпольных груп.

Вучань сярэдняй школы № 41 Гомеля Арцём Чэркас (па выніках канферэнцыі атрымаў дыплом І ступені ў секцыі “Летапіс партызанскага і падпольнага руху”) даследаваў дзейнасць партызанскага атрада “Бальшавік”. Выбар тэмы хлопец растлумачыў тым, што ў мастацкай літаратуры, даведніках, энцыклапедыях, зборніках дакументаў даецца толькі невялікая інфармацыя пра дзей­насць гэтага атрада. А вось сістэмны падыход адсутнічае. Да таго ж у крыніцах шмат неадпаведнасцей па датах, падзеях, лічбах.

Разам са сваім кіраўніком Наталляй Анатольеўнай Чыгіравай хлопец знайшоў аж чатыры даты стварэння атрада: 15, 17, 19 і 20 жніўня 1941 года. Цалкам лагічна паўстала пытанне: якая дата дакладная? Такая ж сітуацыя аказалася і з колькасным складам атрада на момант яго ўтварэння. Адны крыніцы давалі лічбу 37 чалавек, іншыя — 42, а трэція — 51 чалавек. У момант перайменавання атрада ў брыгаду даюцца звесткі і пра тысячу, і пра 500 партызан. Аўтарства назвы атрада таксама прыпісваецца розным людзям. Дарэчы, пра назвы. Арцём высветліў, што на месцы дыслакацыі атрада была “партызанская крынічка”. Існуе нават прыгожая легенда, маўляў, хтосьці паспрабаваў з яе смачную сцюдзёную ваду і сказаў: “Добрая вадзіца з партызанскай крыніцы”.

Юным краязнаўцам была праведзена вялікая пошукавая работа. Устаноўлена, што за 27 месяцаў барацьбы партызанскага атрада “Бальшавік” на акупіраванай тэрыторыі знішчана каля 10 тысяч гітлераўцаў, 15 складоў боепрыпасаў і снарадаў, 8 чыгуначных мастоў, 150 варожых эшалонаў, 515 аўтамашын. З лагераў выведзена больш за 8 тысяч ваеннапалонных, 5 тысяч савецкіх грамадзян выратавана ад нямецкага рабства. Нягледзячы на маштаб праведзеных даследаванняў, па-ранейшаму застаецца шмат белых плям у гісторыі партызанскага атрада, таму работа над праектам працягваецца.

Кацярына Раменчык, вучаніца гімназіі № 1 Любані (дыплом І ступені ў секцыі “Па старонках гісторыі маёй малой радзімы): 
“Ідуць гады, праходзяць дзесяцігоддзі, але Вялікая Айчынная вайна не сціраецца з памяці людзей. Мы не павінны забываць пра трагічныя падзеі. Мы вывучаем і даследуем, захоўваем, бо мы адзіная сям’я, у якой няма месца забыццю”.

Сярод прызёраў секцыі ”Па старонках гісторыі маёй малой радзімы” — Ганна Вайткун (дыплом ІІ ступені) з Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна. Яна даследавала трагічную гісторыю мясцовага гета. Асаблівы акцэнт у даследаванні дзяўчына зрабіла на лёсах людзей, якія атрымалі званне “Праведнік народаў свету”. Гэтая тэма асабліва блізкая для вучаніцы, паколькі яе родныя выратавалі ад смерці яўрэйскую дзяўчынку, якой удалося ўцячы з лідскага гета. Пра гэты выпадак Ганна даведалася, калі складала разам з бацькамі радавод.

Тэма Халакосту на Радуншчыне грунтоўна не вывучалася, разглядалася толькі настаўнікам Радунскай школы вядомым края­знаўцам Іванам Іванавічам Фясенкам. Ра­зам з Францішкай Францаўнай Габіс і Аксанай Віктараўнай Вайткун вучаніца на аснове ўспамінаў былых вязняў аднавіла карціну жыцця ў гета, прасачыла лёс чатырох яўрэяў з 33, якія пазбеглі расстрэлу ў маі 1942 года. Сапраўднай краязнаўчай удачай можна наз­ваць той факт, што дзяўчыне ўдалося знайсці сваякоў праведніка Антонія Гаўрылкевіча. Ганна разам з педагогамі наладзілі перапіску з яго сынам Янам. А яшчэ пашчасціла ўстанавіць новае імя праведніка — Ганны Бікевіч, былой жыхаркі вёскі Лебеднікі. Адпаведныя матэрыялы перада­дзены ў Воранаўскі райвыканкам, і імя жанчыны ўключана ў спіс праведнікаў раёна.

— Мая даследчая работа — гэта даніна павагі светлай памяці прапрабабулі Анелі, прапрадзеду Феліксу і прадзеду Браніславу Матонісам. Я разглядаю пажоўклыя фатаграфіі ў нашым сямейным альбоме, трапятліва трымаю ў руках медаль “Праведнік народаў свету”… Гэтыя рэліквіі захоўваюць маўклівую праўду пра мінулае маёй сям’і і абуджаюць жаданне зразумець той страшны час і тых людзей, якія падарылі мне будучыню. За выратаванне яўрэйскай дзяўчыны маім родным у 2000 годзе прысвоена званне праведнікаў народаў свету. Яны ніколі не лічылі сябе героямі. Свой учынак тлумачылі тым, што сапраўдныя хрысціяне ні пры якіх умовах не пакі­нуць у бядзе блізкага, — падзялілася дзяўчына.

Вялікая Айчынная вайна — гэта не толькі маштабныя бітвы, наступальныя аперацыі, пра якія мы даведваемся з падручнікаў па гісторыі. Вайна — гэта ў першую чаргу лёсы мільёнаў лю­дзей. “Гісторыя вайны ў асобах” — так называлася трэцяя секцыя, ­удзельнікі якой якраз і даследавалі біяграфіі землякоў. Арсеній Кручынскі з сярэдняй школы № 2 Асіповіч (па выніках канферэнцыі атрымаў дыплом ІІІ ступені) вывучаў пад кіраўніцтвам Наталлі Мікалаеўны Шчарбачэні і Святланы Васільеўны Панчук гісторыю вайны на аснове франтавых лістоў Івана Іванавіча Койпіша. Захоўваюцца лісты ў фондах Асіповіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

На аснове 18 лістоў удалося прасачыць удзел Івана Іванавіча ў складзе разведвальнай роты ў бітве на Курскай дузе, Арлоўскай, Гомельска-Рэчыцкай, Праскураўска-Чарнавіцкай, Львоўска-Сандамірскай, Карпацка-Дуклінскай, Сандаміра-Сілезскай, Верхне-Сілезскай наступальных аперацыях. Цікавымі ў лістах з’яўляюцца запісы пра адносіны салдата да мірнага жыцця, успаміны аб даваенным жыцці, ацэнка баявых дзеянняў, стаўленне да праціўніка, апісанне бытавых умоў на фронце. Прыцягва­юць увагу запісы, дзе Іван Іванавіч вызначае жыццё як найвышэйшую каштоўнасць.

Па словах Арсенія, салдацкія лісты з’яўляюцца важнай крыніцай па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Аднак трэба ўлічваць суб’ектыўны характар прыве­дзенай там інфармацыі. Таму ў рэканструкцыі гістарычнага працэсу трэба падыходзіць да такіх лістоў як да крыніц комплексна, у спалучэнні з іншымі дакументамі. Франтавыя лісты — гэта дакументы вялізнай маральнай сілы, якія нікога не пакіда­юць абыякавым. Яны абуджаюць цікавасць да гісторыі сваёй сям’і, а значыць, і гісторыі Айчыны, тым самым садзейнічаюць сувязі пакаленняў, захаванню гістарычнай памяці.

Па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны напісаны сотні манаграфій, тысячы навуковых артыкулаў і даследчых работ. Але ўсё роўна кожны год старонкі ваеннага летапісу дапаўняюцца новымі фактамі. Пакуль юныя края­знаўцы даследуюць мінулае, памяць пра подзвіг народа будзе захоўвацца.

 

 

Слова журы

— Не першы год удзельнічаю ў рабоце журы. Канечне, кардынальна змяніўся ўзровень навукова-даследчых праектаў, ён значна павысіўся, змяніліся і ўмовы, у якіх вы сёння вучыцеся і ў якіх працуюць вашы настаўнікі. Калі яшчэ нядаўна, каб атрымаць тую ці іншую інфармацыю, трэба было наведваць архівы, кудысьці ехаць, то цяпер шмат інфармацыі даступна анлайн. Ствараюцца інтэрактыўныя карты, дзейнічае платформа “Патрыёт.by”, працу­юць тэматычныя сайты. Нягледзячы на тое, што многія факты вядомы, шмат адкрыццяў яшчэ напера­дзе. Самае галоўнае, што вынікі вашай работы запатрабаваны, бо той прадукт, які вы ствараеце, можа выкарыстоўвацца не толькі ў адукацыйным працэсе, але і ў сферы турызму, краязнаўстве, — звярнуўся да юных даследчыкаў старшыня журы вучоны сакратар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Павел Анатольевіч Трубчык.

Высокі ўзровень навукова-даследчых работ навучэнцаў — у тым ліку вынік плённага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у прыватнасці, Інстытута гісторыі. Па словах намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяны Анатольеўны Сіманоўскай, правядзенне падобных канферэнцый стымулюе педагогаў, стварае выдатныя ўмовы для пошукаў. Важна не пакідаць такую дзейнасць, працягваць яе, пашыраць межы даследаванняў. Тое, наколькі гэтыя даследаванні будуць паспяхова праводзіцца, ужо залежыць ад педагогаў, кіраўнікоў праектаў. “За кожным навучэнцам стаяць таленавітыя неабыякавыя педагогі. Дзякуючы ім і нараджаюцца даследчыя праекты”, — адзначыла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ула­дзіміраўна Ануфровіч.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.