Вучымся разам

- 14:25Выхаванне, Выхаваўчая работа

Як прыцягнуць бацькоў у школу? Як стварыць такія ўмовы, каб ім захацелася супрацоўнічаць з настаўнікам? Як арганізаваць бацькоўскі сход, каб ён не выклікаў негатыўных эмоцый, а прыносіў карысць?

На гэтыя пытанні ўдзельнікі мерапрыемства паспрабавалі адказаць з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 36 Мінска Веранікай Юхноўскай, якая прадэманстравала прадукцыйныя формы работы з бацькамі. Адной з іх з’яўляецца бацькоўскі клуб. 

— Неяк на каардынацыйным савеце школы падчас гутаркі з бацькамі прагучала: “А нас не вучылі быць бацькамі. Гэта вы ведаеце, як правільна вучыць, выхоўваць — вас гэтаму вучылі ў педуніверсітэтах. А нас ніхто гэтаму не вучыў”. Тут жа ўспомніліся словы, пачутыя ў іншай сітуацыі з іншымі бацькамі: “Мы хочам зрабіць лепш, але не ведаем як. Мы стараемся, а ў нас не атрымліваецца”. І тут “запалілася лямпачка”! Ідэя! Трэба вучыць не толькі дзяцей, але і бацькоў, і самім у іх вучыцца. Так і ўзнікла ідэя стварэння бацькоўскага клуба па інтарэсах “Вучымся разам”, які ў нашай школе дзейнічае трэці год, — адзначыла Вераніка Мікалаеўна. — Сярод задач клуба — дапамагчы бацькам стаць кампетэнтнымі: ведаць мэты выхавання і шляхі іх дасягнення, навучыць татаў і мам аналізаваць свае выхаваўчыя дзеянні на дзіця і іх наступствы, навучыць бацькоў правільна ўспрымаць сваіх дзяцей, не праецыраваць на іх уласныя эмоцыі, пачуцці, чаканні. 

На базе сталічнай сярэдняй школы № 36 прайшоў Рэспубліканскі фестываль метадычных ідэй EDU challenge. Мерапрыемства сабрала ініцыятыўных педагогаў з усёй краіны. Адбыўся абмен вопытам і ведамі ў сферы адукацыйных інавацый і ўдасканалення якасці адукацыі. 
У межах фестывалю былі арганізаваны некалькі дзясяткаў майстар­класаў, на якіх разглядаліся тэхналогія перавернутага ўрока, актыўная ацэнка, змешанае навучанне, гейміфікацыя і інш.

Па словах В.М.Юхноўскай, бацькоўскі клуб арганізоўваецца выключна па інтарэсах, па асабістым жаданні. Бацькі загадзя папярэджаны аб даце і тэме сустрэчы, а таксама аб тым, якія пытанні будуць на ёй разгледжаны. І, каму гэта цікава, запісваюцца загадзя. Усе сустрэчы праходзяць у фармаце гутарак, дзелавых гульняў, трэнінгаў. Да кожнай сустрэчы, акрамя запрашэнняў, рыхтуюцца раздатачныя матэрыялы (буклеты, памяткі, рэкамендацыі), якія будуць карысныя бацькам, прадумваюцца інтэрактыўныя формы. Такія трэнінгі праходзяць ва ўтульным пакоі (кабінеце псіхолага), за круглым сталом, з чаем, пачастункамі, у свабоднай нязмушанай атмасферы. І кожная сустрэча пачынаецца з вырашэння надзённых пытанняў.

Як правіла, спачатку бацькі насцярожана ставяцца да запрашэнняў на такія сходы, а потым і самі прапануюць тэмы для абмеркавання, чакаюць з нецярпеннем наступнай сустрэчы. “Гатоўнасць дзіцяці да школы”, “Адаптацыя дзяцей”, “Залежнасць ад гаджэтаў”, “Ад гіперапекі да поўнай самастойнасці — дзе мяжа?”, “Чытанне з захапленнем” — вось тэмы сустрэч бацькоўскага клуба. На іх настаўніца дэманструе цікавыя прыёмы па тым ці іншым пытанні. Напрыклад, прысутным было наглядна паказана, як бацькі ўплываюць на настрой і матывацыю дзіцяці, што адбываецца з дзіцем, калі бацькі не даюць яму ніякай свабоды і самастойнасці. 

Практыка паказвае, што сістэма работы педагога па ўзаемадзеянні з бацькамі дае свой плён. На сустрэчах бацькоўскага клуба пануе атмасфера даверу, жаданне даведацца штосьці новае, падзяліцца і павучыцца адно ў аднаго.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.