Гуляем і вучымся

- 10:06Адукацыйная прастора, Дашкольная адукацыя

Прадметна-­прасторавае асяроддзе ў дзіцячым садку вызначае развіццё кожнага выхаванца. Прыгожыя клумбы, разнастайныя гульнявыя пляцоўкі, сэнсавае напаўненне кожнага кутка ў садку, творчае самавыяўленне супрацоўнікаў і імкненне кіраўніка да развіцця — складнікі паспяховасці ясляў­сада № 15 Жлобіна.

Яшчэ каля веснічак загадчыца сада Людміла Чарнагаева звярнула ўвагу на кветнікі з цікавымі архітэктурнымі формамі і тэматычныя беларускамоўныя лавачкі. Распрацоўкай і рэалізацыяй першых займаецца намеснік па гаспадарчай частцы, а рабочыя праяўляюць творчасць пры афармленні лавачак, вырабе драўляных архітэктурных форм і гульнявога надворнага абсталявання. Тут нават вартаўнік з багатай творчай фантазіяй і адпаведнымі ўменнямі: лялькі з газетных трубачак упрыгожваюць не адну лакацыю дзіцячага садка. Людміла Анатольеўна ўмела падбірае персанал.

У дашкольнай установе вядзецца актыўная работа па фарміраванні цікавасці і павагі да нацыянальнай культуры, мастацтва і традыцый народа, пачуцця гордасці за гісторыю Радзімы. “Шмат увагі ўдзяляем развіццю беларускага маўлення ў нашых дзетак. І робім гэта праз адраджэнне сямейных і каляндарных абрадавых свят. Гэты напрамак актыўна развівае наш педагог Ганна Новікава. Акрамя традыцыйных Каляд і Масленіцы, праводзілі такія мерапрыемствы, як “Уваход у новую хату”, “Дажынкі” і нават “Хрэсьбіны”. Акцэнтуем увагу дзяцей на пэўных культурных традыцыях і здабытках. Напрыклад, у 2022 годзе нашай цэнтральнай тэмай была выцінанка. Дзеці не толькі вучацца яе выразаць, але і даведваюцца пра гісторыю выцінанкі, тэхнікі яе выканання. Вядома, увесь матэрыял адаптуем для ўспрымання дзяцей дашкольнага ўзросту”, — расказала Людміла Анатольеўна.

А затым дзеткі разам з музычным кіраўніком Ганнай Віктараўнай Новікавай паказалі нам старадаўні беларускі танец. А каб падкрэсліць тэматыку выцінанкі, нават касцюмы для танцаў ёй упрыгожылі. Атрымалася прыгожа, а ў выхаванцаў садка такая візуалізацыя фарміруе пазнавальную цікавасць.

“Эфектыўнасць і якасць выхавання ў значнай ступені залежаць ад правільнай арганізацыі асяроддзя ўстановы. Мы пачалі работу з яго ўзбагачэння і з пашырэння ведаў пра Беларусь, жывёл Чырвонай кнігі, пісьменнікаў. Для гэтага, у прыватнасці, правялі з бацькамі конкурс кніг “Наша спадчына”, зробленых сваімі рукамі. Кнігі атрымаліся прыгожыя, розныя па форме, памеры і аздабленні.

Затым выхавальнікі падабралі метадычны матэрыял для правядзення заняткаў па развіцці маўлення і наладжвання маўленчых зносін, сабралі картатэку мастацкай літаратуры для дзяцей дашкольнага ўзросту, падабралі беларускія лічылкі, прыказкі, прымаўкі, дыдактычныя і  рухавыя беларускія гульні. Далей мы зрабілі лэпбукі па тэме “Мая малая радзіма”, якія дапамагаюць пазнаёміць дзяцей з памятнымі месцамі роднага горада, яго архітэктурай, са знакамітымі  і ганаровымі людзьмі, з прыродай і гісторыяй Жлобіншчыны”, — працягнула загадчыца садка.   

Гэтая дзейнасць дапамагла калектыву адкрыць музей сучаснай кнігі. Для больш эфектыўнай работы ў нашым садку створаны міні-музей “Спадчына”. Цяпер выхаванцы ведаюць, як выглядаюць старадаўнія рэчы: лапці, відэльцы, чыгун і г.д. Разам з тым, яны знаёмяцца і з работамі сучасных умельцаў. А нядаўна ў дзіцячым садку, дзякуючы агульным намаганням бацькоў і выхавальнікаў, з’явілася батлейка — яшчэ адзін культурна-гістарычны аб’ект, які наблізіць усіх удзельнікаў выхаваўча-адукацыйнага працэсу да вытокаў.

“Зялёная школа”

Удзел у праекце “Зялёная школа” сведчыць пра разнастайнасць і разнапланавасць дзейнасці ясляў-сада № 15 Жлобіна. Праект дапамагае фарміраваць экалагічную культуру выхаванцаў, дае прастору для рэалізацыі іх пазнавальных, даследчых і творчых здольнасцей, выхоўвае беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя, жывёльнага і расліннага свету.  

“Любое мерапрыемства немагчыма правесці без падтрымкі, таму сваю дзейнасць ажыццяўлялі ў цесным супрацоўніцтве з бацькамі, раённым цэнтрам краязнаўства і інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Разам вызначалі план дзеянняў, абменьваліся вопытам, — адзначыла загадчыца. — За перыяд удзелу ў праекце мы пастараліся арганізаваць адукацыйны працэс на аснове мадэлі фарміравання экалагічных кампетэнцый. На тэрыторыі былі створаны месцы для даследаванняў і сезонных назіранняў, тэматычныя пляцоўкі і веранды для заняткаў і свят, інфармацыйны куток па “зялёнай школе”, экалагічная сцежка, агарод лекавых і агароднінных культур, клумбы, альпійскія горкі.

“У сваёй рабоце мы выкарыстоўваем дыдактычныя гульні па фарміраванні экалагічных уяўленняў, эмацыянальна-каштоўнасных адносін да прыроды, гульні па далучэнні выхаванцаў да экалагічна арыентаванай дзейнасці, святы, забавы, гульні-падарожжы. Шырока выкарыстоўваем экскурсіі на прыроду, назіранні, доследы, працоўныя даручэнні.

Любімымі формамі работы для выхаванцаў і бацькоў сталі розныя акцыі, лабараторыі, выступленні дзяцей па прынцыпе “роўны навучае роўнага”, а таксама перад бацькамі. На жаль, з-за спецыфікі ўстановы мы не змаглі вырашыць некаторыя задачы ў поўным аб’ёме (зрабіць штучнае возера або пралічыць формулу спажывання вады ці электраэнергіі), але мы пастараліся дапоўніць напрамкі праекта іншымі мерапрыемствамі”, — падключылася да размовы выхавальніца Людміла Васькова.

Людміла Уладзіміраўна актыўна развівае праект у садку. Заўважу, што гэтая дзейнасць падабаецца і ёй, і дзецям, і бацькам. Фарміраванне экалагічнай культуры — важны і актуальны складнік выхаваўча-адукацыйнага працэсу дашкольнай установы.

Гульнявыя тэхналогіі 

Педагогі-выхавальнікі ясляў-сада актыўна прымяняюць на занятках з дзецьмі розныя гульнявыя тэхналогіі. Яны ахвотна дзеляцца назапашаным вопытам з калегамі (паспяхова ўдзельнічаюць у выставах, семінарах, майстар-класах рознага ўзроўню) і з такой жа ахвотай едуць да калег, каб узяць на ўзбраенне нешта новае. Так было, напрыклад, з тэхналогіяй В.В.Васкабовіча (вынаходнік дзіцячых гульняў з Санкт-Пецярбурга). Выхавальнікі ездзілі на семінар у ГАІРА, а затым пабывалі ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Магілёва, дзе ўбачылі, як гэтая тэхналогія працуе на практыцы.

У сваёй рабоце мы выкарыстоўваем дыдактычныя гульні па фарміраванні экалагічных уяўленняў, эмацыянальна-каштоўнасных адносін да прыроды, гульні па далучэнні выхаванцаў да экалагічна арыентаванай дзейнасці, святы, забавы, гульні-падарожжы. Шырока выкарыстоўваем экскурсіі на прыроду, назіранні, доследы, працоўныя даручэнні.

Цяпер яна ўкараняецца трыма педагогамі-выхавальнікамі: Таццянай Юр’еўнай Ключнікавай, Таццянай Антонаўнай Дубковай і Таццянай Мікалаеўнай Міхайлавай. Так тры Таццяны захапіліся і ўзяліся рэалізоўваць эфектыўны метадычны напрамак.

Аўтарская тэхналогія В.В.Васкабовіча інтэгруе адразу некалькі тэхналогій: гульнявыя тэхналогіі, элементы ТРВЗ, праблемнае навучанне, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, а развіццёвыя гульні з’яўляюцца часткай любых заняткаў і выконваюць ролю дэманстрацыйнага або раздатачнага матэрыялу. На занятках і ў свабоднай дзейнасці з дапамогай адной гульні педагогі могуць вырашаць вялікую колькасць адукацыйных задач, а з іншага боку, адну задачу можна вырашаць з дапамогай розных гульняў. 

Напрыклад, “Квадрат Васкабовіча, ці Вечнае арыгамі” — гэта 32 цвёрдыя трохвугольнікі, наклееныя на гнуткую аснову з двух бакоў. Квадрат лёгка трансфармуецца ў розныя плоскасныя і аб’ёмныя фігуры. Дзякуючы казцы пра таямніцу крумкача Метра, квадрат можа ажываць і ператварацца ў домік, вожыка, самалёцік, мышку, кацяня і г.д. Квадрат можна пэўным чынам разрэзаць, што дае магчымасць ствараць незвычайныя аб’ёмныя фігуры або маніпуляваць асобнымі элементамі.

“Гэта тэхналогія з “адкрытым кодам”, таму асартымент гульняў, матэрыялы для іх вырабу пастаянна ўдасканальваюцца, мяняюцца. Многія гульні мы зрабілі самі. Названая тэхналогія дазваляе не толькі вырашыць мноства адукацыйных задач, прадугледжаных вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, але і эфектыўна развіваць увагу, памяць, мысленне, уяўленне, актывізаваць маўленне дзяцей”, — заўважыла Т.Ю.Ключнікава. 

Увогуле педагагічны калектыў ясляў-сада № 15 Жлобіна творчы і самабытны. Усё задуманае яму ўдаецца рэалізоўваць, бо існуе вялікая падтрымка бацькоў, што, канечне, вельмі каштоўна. Дарэчы, фарміраваць карпаратыўнае адзінства дапамагае фальклорны ансамбль “Паванькі”, які складаецца з супрацоўнікаў садка. Яго кіраўнік Людміла Чарнагаева не стамляецца паўтараць, што творчасць узбагачае, выхоўвае і дапамагае пазбегнуць прафесійнага выгарання. Дарэчы, “Паванькі” двойчы пацвярджаў сваё майстэрства на абласным этапе фестывалю “Новыя імёны Беларусі” і двойчы станавіўся дыпламантам міжнароднага конкурсу “Новыя вяршыні”. 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.