Жыватворная крыніца

- 11:03Выхаванне, Выхаваўчая работа

Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі пачаў працаваць новы факультатыў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, мэта якога — фарміраванне гэтых якасцей у вучняў 5—6 класаў з дапамогай хрысціянскіх традыцый і нацыянальных каштоўнасцей нашага народа. 

Новы факультатыўны курс не толькі мае глыбокую, змястоўную праграму, але і забяспечаны неабходнай дапаможнай літаратурай. Пад агульнай яркай вокладкай вучэбна-метадычнага комплексу размясціліся прывабна аформленыя вучэбны дапаможнік, рабочы сшытак і слоўнік. Усе яны разнастайна ілюстраваны, маюць запамінальны фармат. Метадычны дапаможнік створаны і для настаўнікаў.Такога метадычнага забеспячэння не мае ніводны факультатыў выхаваўчай накіраванасці.

Работа дзяцей у час правядзення факультатыву пабудавана так, што яны ўвесь час знаходзяцца ў дзеянні. Заданні стымулююць іх думаць, абмяркоўваць, даказваць. У вучэбным дапаможніку шмат розных рубрык, тэм, якія адлюстроўваюць духоўна-маральныя традыцыі беларускага народа, асновы нацыянальнай культуры, евангельскія сюжэты.  Другая частка дапаможніка прысвечана вывучэнню тэм духоўнага краязнаўства, куды ўключаны віртуальныя экскурсіі, каб пазнаёміць школьнікаў  з нацыянальнымі здабыткамі нашай краіны і багатай спадчынай продкаў. 

Вера Васільеўна Мартынава, дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук,  прымала актыўны ўдзел у распрацоўцы факультатыву “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Яна лічыць, што ўвядзенне яго ў школах краіны набывае ў наш час адмысловую актуальнасць і значнасць. Фарміраванне маральнай асобы, патрыёта нашай Айчыны — прыярытэтная задача адукацыі. Вельмі важна, што факультатыў запрацаваў у школах ва ўмовах вялізнага патоку інфармацыі, які абрынуўся на нашых навучэнцаў, часта маніпулюючы іх свядомасцю праз сацыяльныя сеткі. У гэтых умовах факультатыўныя заняткі спрыяюць фарміраванню ў дзяцей практычных навыкаў у духоўнай ацэнцы рэальнасці. 

Пратаіерэй Фёдар Поўны, адзін з аўтараў факультатыву:
”Факультатыў дае нам магчымасць духоўна і маральна ўзбагачаць чалавека. Калі не будзе чыстай душы, не будзе маральнай асновы, мы не зможам гаварыць пра патрыятызм. Бо яго нельга прывіць па метадычцы, ён павінен нараджацца знутры”.

—На мой погляд, заняткі на факультатыве падахвочваюць вучняў да духоўнага самаразвіцця, — адзначае Вера Васільеўна. — Гэтаму спрыяюць усведамленне маральнасці, духоўнасці, патрыятызму праз выкананне навучэнцамі канкрэтных заданняў. Да ўласных разважанняў дзяцей таксама заахвочвае наяўнасць у змесце факультатыву мэтаўстановак для навучэнцаў, вылучэнне найважнейшых ідэй і меркаванняў. Я лічу, што вельмі карысным будзе падключаць да факультатыўнай работы і саміх бацькоў. Яны могуць удзельнічаць у экскурсіях, якія будуць арганізоўвацца для школьнікаў з мэтай азнаямлення з помнікамі хрысціянства Беларусі і з нацыянальнымі традыцыямі. 

З хрысціянскім светапоглядам

У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі для тых педагогаў, якія вядуць факультатыў. З некаторымі з іх мы сустрэліся.

Мікалай Міхайлавіч Іваненка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце вілейскай гімназіі № 2, адзначыў, што да правядзення факультатыву “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” педагогі былі дастаткова падрыхтаваны. Справа ў тым, што ва ўстанове больш за 15 гадоў дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні і традыцыях беларускага народа, наладжана цеснае супрацоўніцтва з прыходамі Беларускай Праваслаўнай Царквы, рэалізуюцца інавацыйныя праекты духоўна-маральнай накіраванасці. Штогод праводзяцца факультатыўныя заняткі па асновах праваслаўнай культуры, сямейнага жыцця, іншыя выхаваўчыя мерапрыемствы на аснове хрысціянскага светапогляду. Працуе метадычнае аб’яднанне, створаны творчыя групы педагогаў, якія займаюцца тэматыкай духоўна-маральнага выхавання ў сучаснай школе.

—Праграма факультатыву прадумана такім чынам, што ў ёй арганічна спалучыліся ўсе неабходныя кампаненты духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання, — лічыць М.М.Іваненка. —  Гэта веданне Святога Пісання ў тых аспектах, якія могуць быць зразумелымі для вучняў 5—6 класаў, гэта вера як рэлігійная аснова ментальнасці народа, гэта святыні роднага краю, гераічная гісторыя, святы і традыцыі, гістарычныя асобы, паэтычны вобраз роднага краю, культурныя асаблівасці і гісторыя свайго роду ў кантэксце гісторыі ўсёй краіны.

Змест праграмы, працягвае Мікалай Міхайлавіч, пабудаваны на аснове культуралагічнага прынцыпу, у адпаведнасці з якім асаблівасці беларускай культуры (шматнацыянальнасць, полікультурнасць, поліканфесійнасць) раскрываюцца як сплаў традыцый, духоўных і маральных каштоўнасцей, норм свецкай і рэлігійнай маралі. Асабліва адзначана шматканфесійнасць у гістарычным адзінстве беларусаў, што садзейнічае выхаванню талерантнасці, узаемаразумення і ўзаемапавагі. Праграма не змяшчае складаных багаслоўскіх і рэлігіязнаўчых пытанняў. Усе паняцці і вытрымкі са Святога Пісання лагічныя ў кантэксце разбіраемых тэм, зразумелыя вучням і павучальныя. Дапаможнік, рабочы сшытак і слоўнік утрымліваюць мноства ілюстрацый, што робіць іх больш прывабнымі для дзяцей і палягчаюць работу настаўніка. Кожная тэма факультатыву адкрывае шырокія магчымасці для выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Гэта робіць заняткі жывымі, змястоўнымі і цікавымі для сучасных дзяцей і падлеткаў. Праграма шмат у чым будуецца на міжпрадметных сувязях і дазваляе выкарыстоўваць веды, уменні і навыкі, атрыманыя на занятках па вучэбных прадметах, спрыяе ўзаемаабагачэнню і станоўчай матывацыі вучэбнай дзейнасці ў цэлым.

Асноўная праблема выкладання гэтага і іншых факультатыўных курсаў выхаваўчай накіраванасці, звязаных з фарміраваннем хрысціянскага светапогляду, заключаецца ў засваенні прадметнага зместу педагогамі. 

—Настаўнік павінен ведаць хаця б азы праваслаўя і іншых традыцыйных рэлігій, каб не скажаць іх сутнасць, — падкрэслівае Мікалай Міхайлавіч. — Для гэтага неабходна актывізаваць работу спецыяльных курсаў па падрыхтоўцы настаўнікаў на базе абласных інстытутаў развіцця адукацыі і АПА. 

Дацягнуцца да духоўнасці 

У жыцці Людмілы Антонаўны Захарэвіч, настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Смаргоні, праваслаўе прысутнічала з дзяцінства. Яна нарадзілася ў сям’і вернікаў з глыбокімі каранямі. Таму прапанову ад кіраўніцтва школы весці факультатыў “Асновы праваслаўнай культуры” Людміла Антонаўна ўспрыняла як своеасаблівы знак. Але было і пачуццё трывогі: ці справіцца? Адна справа — выкладаць канкрэтны прадмет, праз адказы выхаванцаў даведвацца пра іх узровень засваення матэрыялу. А як вучыць духоўнасці? Якімі шалямі ўзважваць яе пранікненне ў душу дзіцяці?  І колькі патрэбна на гэта часу? Адно добра ведае цяпер Людміла Антонаўна: заняткамі факультатыву можна толькі дакрануцца да духоўнасці, а спазнаць яе глыбока, прапусціць праз сябе і ўзрошчваць у сваёй душы — для гэтага патрэбна ўсё жыццё. У такім меркаванні настаўніцу падтрымаў святар Аляксандр Дзяшук, які і ўсяліў упэўненасць: Людміла Антонаўна  на правільным шляху. І яна  з натхненнем узялася спасцігаць духоўную адукацыю. 

—Кірункі работы праваслаўнага факультатыву я пабудавала з улікам перапляцення рэальных і духоўных асноў і таго, як яны спалучаюцца ў нашым жыцці, — адзначае Людміла Антонаўна. — На занятках я не пайшла па шляху “сухой інфармацыі”. Патрэбны былі жывыя эмоцыі, якія звычайна ўзнікаюць ад сустрэч з новымі людзьмі, пры правядзенні канкрэтных мерапрыемстваў, падчас зносін з вернікамі, якія прайшлі праз цяжкую працу душы і ўспрымаюць духоўнасць не толькі на слых.

Людміла Антонаўна дапоўніла  факультатыўныя заняткі сустрэчамі са святарамі, экскурсіямі ў храмы і манастыры. Яе выхаванцы пабывалі ў знакамітых Жыровічах, Сынкавічах, Свята-Елісавецінскім манастыры, жаночым манастыры ў в.Багушы, храмах Смаргоншчыны. Праводзяцца  класныя гадзіны на духоўна-маральную і патрыятычную тэматыку, у школе  дзейнічае ШАГ, праводзяцца праваслаўныя чытанні.

— Усе гэтыя кірункі звязаны паміж сабой і нацэлены на фарміраванне асобы нашых дзяцей, стварэнне таго духоўнага стрыжня, без якога немагчыма  выхаваць сапраўднага грамадзяніна, — адзначае Людміла Антонаўна. —Фарміруючы ў нашых дзяцей гэтыя якасці, мы замацоўваем іх у рэальным жыцці. Менавіта гэтаму прысвечана валанцёрская праваслаўная дзейнасць. Мы працуем з сацыяльным прытулкам для дзяцей-сірот, сацыяльным цэнтрам “Цёплы дом”, сацыяльным прытулкам для састарэлых у в.Бялкоўшчына і в. Лылойці і інш. Нашы дзеці арганізуюць дабрачынныя канцэрты, удзельнічаюць у акцыях па дапамозе інвалідам, мнагадзетным сем’ям, сіротам і састарэлым людзям.

Вынікам работы па духоўным выхаванні школьнікаў сталі шматлікія дыпломы і ўзнагароды.Сярод іх — прэмія імя героя Беларусі Мітрапаліта Філарэта, дыплом І ступені “За выхаванне духоўнасці і патрыятызму”. Не менш каштоўнай з’яўляецца задаволенасць бацькоў і саміх дзяцей. У гэтым безумоўная заслуга ўсяго педагагічнага калектыву ўстановы. 

Асаблівыя словы падзякі Людміла Антонаўна выказвае аўтарам і складальнікам падручніка “Духоўнасць і патрыятызм”, які стаў для педагогаў сапраўдным памочнікам, а дзецям дае магчымасць атрымаць духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне, якое так неабходна падрастаючаму пакаленню. Падручнік вельмі спадабаўся бацькам, якія ўбачылі ўсю паўнату і значнасць новага факультатыву. Хацелася б папрасіць аб выданні гэтага падручніка для ўсіх жадаючых навучэнцаў беларускіх школ. 

Ала КЛЮЙКО.