Пад стрэхамі прадзедаў

- 9:44Выхаванне, Краязнаўства

Спадчына… Які глыбокі сэнс у гэтага пявучага слова. Гэта і месца, дзе нарадзіўся, і духоўны скарб, назапашаны стагоддзямі, і прадметы побыту нашых продкаў.

Драўляны і гліняны посуд, саматканыя ручнікі і посцілкі, калыска для дзіцяці, а яшчэ абразы ў чырвоным куце… Усё гэта захоўваецца ў музеі народнага побыту “Пад стрэхамі прадзедаў” сярэдняй школы № 17 Барысава, заснаваным у сакавіку 1999 года Святланай Міхайлаўнай Крэнь. Нядаўна пачаўся новы этап гісторыі музея — пад кіраўніцтвам дырэктара школы Андрэя Валер’евіча Волкава выконваюцца рамонтныя работы. У музеі стала больш цёпла і ўтульна, і гэта яшчэ толькі пачатак, бо настаўнікі маюць яшчэ шмат ідэй.

Кожны раз цешыцца сэрца, калі бацькі навучэнцаў прыносяць старыя прылады, медалі, кошыкі, ручнікі. Пры гэтым вочы дзіцяці напаўняюцца гордасцю і адказнасцю за кавалачак скарбу, знойдзенага і захаванага яго сям’ёй.

З вялікай падзякай да тых, хто пачаў і хто працягвае ўпарадкаванне музейных каштоўнасцей, працуе настаўнік беларускай мовы і літаратуры Максім Уладзіміравіч Давыдзенка. Настаўніцы пачатковых класаў Святлана Іванаўна Шышла, Алена Алегаўна Беразнева, Наталля Мікалаеўна Тупік, Юлія Іосіфаўна Галькевіч, Настасся Аляксандраўна Курак у адукацыйным працэсе вельмі часта звяртаюцца да музея.

Кожны раз цешыцца сэрца, калі бацькі навучэнцаў прыносяць старыя прылады, медалі, кошыкі, ручнікі. Пры гэтым вочы дзіцяці напаўняюцца гордасцю і адказнасцю за кавалачак скарбу, знойдзенага і захаванага яго сям’ёй. З усяго прынесенага бацькамі і настаўнікамі склалася сялянская хата з печкай і чыгункамі, з калыскай, абразамі над сталом, з вугальным самаварам, ночвамі і глінянымі збанамі. Утульна атрымалася, як у вясковай хаце бабулі і дзядулі. Вельмі падабаецца дзецям прыходзіць у музей. Амаль не дыхаючы, разглядаюць яны кожны экспанат.

А вось і народныя святы надышлі… І тут пачынае гучаць народная музыка, але не апрацаваная сучаснымі музыкантамі, а данесеная з глыбіні стагоддзяў, аўтэнтычная. Выканаўцамі гэтых песень сталі навучэнцы малодшых класаў, ансамбль народнай песні “Вяснянкі”. Дзяўчынкі з’яўляюцца сапраўдным упрыгажэннем школьных свят, якія праводзяцца “пад стрэхамі прадзедаў” з нагоды Каляд, Масленіцы, Купалля, зажынак і дажынак, Пакрова. Назва ансамбля пайшла ад веснавых песень, якія выконваліся падчас гукання вясны. Уся пачатковая школа і старшыя класы запомнілі словы: “Вясна красна наставала, снегі з поля саганяла… Ой, наставала, ой саганяла…” А святы, якія мы ладзім разам з вучнямі і бацькамі, абавязкова напоўнены народнымі песнямі і гульнямі. Асаблівую эфектнасць ім надае выкарыстанне народных касцюмаў.

Вельмі радасна слухаць аўтэнтычныя песні не толькі ў выкананні старэнькіх бабулек, але і нашых дзяцей. А яшчэ бачыць, як ім гэта падабаецца. Калі дзіця з любоўю адносіцца да мінулага Радзімы, то гэта і ёсць выкананне адной з важных педагагічных задач.

Марына ДУДАКОВА,
настаўніца музыкі, педагог-арганізатар сярэдняй школы № 17 Барысава.
Фота Наталлі САХНО.