Студэнцкі будаўнічы атрад “Мінск955” імя Героя Савецкага Саюза Івана Ільіча Кустава першым прыступіў да работ на аб’ектах рэканструкцыі Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь”.
Вельмі патрэбна моладзь
Студатрад сфарміраваны на базе штаба працоўных спраў БРСМ Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і прыме ўдзел у рэканструкцыі знакавага гістарычнага аб’екта-мемарыяла “Могілкі вёсак”. У яго склад увайшлі 10 студэнтаў БНТУ.
— Ва Усебеларускай маладзёжнай будоўлі нам прапанавалі паўдзельнічаць у дэканаце ўніверсітэта, — расказаў камісар атрада студэнт 3 курса будаўнічага факультэта БНТУ Яўген Канаплянік. — Я ўжо меў вопыт працы ў студэнцкім будаўнічым атрадзе, таму вырашыў далучыцца. Працаваць менавіта ў Хатыні хацеў па многіх прычынах. Па-першае, гэта магчымасць правесці частку лета прадукцыйна, асвоіць карысныя навыкі і дапамагчы сваёй краіне. Па-другое, нельга забываць пра гістарычнае значэнне гэтага месца. Хатынь — мемарыяльны комплекс, які стаў сімвалам ахвяры нашага народа, таму стаўленне да яго асаблівае.
Спектр задач у будатрада даволі шырокі: дастаўка будаўнічых матэрыялаў, мантаж бэлек і бутавая кладка. Больш складаныя дзеянні, напрыклад, бетанаванне, работы на вышыні, выконваюць прафесіяналы.
— Праца, у цэлым, нескладаная, — дадаў студэнт 2 курса будаўнічага факультэта БНТУ Мікалай Гарэлаў. — Графік зручны. Да таго ж нас дастаўляюць на аб’ект, а пасля заканчэння змены адвозяць назад у горад. Прыступаем да работы прыкладна апоўдні, абедаем у 3—4 гадзіны, затым працягваем выконваць пастаўленую задачу прыкладна да 7 вечара.
Кіруючай арганізацыяй атрада выступіў Мінскі гарадскі камітэт БРСМ, а прымаючым бокам — ААТ “Будкомплекс”:
— Моладзь у Хатыні зараз вельмі патрэбна, — падкрэсліў галоўны інжынер ААТ “Будкомплекс” Аляксей Жукаў. — Яна будзе закрываць вялікі фронт падручных работ, а выкананне больш дакладных задач застаецца за кваліфікаваным персаналам. Мы адабралі самых лепшых студэнтаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Яны задзейнічаны ў рэстаўрацыйных работах на могілках і каля помнікаў, а таксама ва ўборцы камянёў і керамзіту.
Удзельнічаюць лепшыя
Паміж ЦК БРСМ і мемарыяльным комплексам “Хатынь” заключаны мемарандум аб супрацоўніцтве. Яго мэта — узаемадзеянне бакоў па папулярызацыі грамадзянскіх каштоўнасцей, патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні моладзі праз гістарычную памяць, арганізацыю вольнага часу, уцягванне юнакоў і дзяўчат у сацыяльныя валанцёрскія праекты.
— У рэканструкцыі Хатыні плануюць задзейнічаць каля 200 студэнтаў, — расказала камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Надзея Шахоўская. — Ахвотных трапіць на Усебеларускую маладзёжную будоўлю ў дзяржаўны мемарыяльны комплекс было шмат, аднак набор у нас абмежаваны. Работы на аб’екце арганізаваны паэтапна, у выхадныя будуць і валанцёрскія заезды. Першым прыступіў да працы студатрад БНТУ, паколькі гэты ўніверсітэт — флагман студатрадаўскага руху. Далей у рэканструкцыі возьме ўдзел брыгада з Лагойскага раёна, а пасля яе працаваць пачнуць студэнты з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.
Сувязь з гісторыяй
Запіс у студэнцкія атрады яшчэ ідзе. Ужо праз тыдзень стартуюць іншыя рэспубліканскія працоўныя праекты, сярод якіх, акрамя Хатыні, будзе маладзёжная будоўля “БелАЭС”. Таксама ў студэнтаў будзе магчымасць папрацаваць на такіх буйных прадпрыемствах, як МАЗ і “Атлант”.
Дзяржаўнаму мемарыяльнаму комплексу “Хатынь” прысвоены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі.
— Тымі, хто тут працуе, рухае не меркантыльная, спажывецкая цікавасць, — адзначыў першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук’янаў. — Удзельнічаючы ў рэканструкцыі гэтага аб’екта, моладзь дае выразны сігнал усёй грамадскасці, што ў Беларусі сфарміраванае маладое пакаленне, якое беражэ гістарычныя каштоўнасці, і не толькі гаворыць пра гэта, але і сваёй працай даказвае на практыцы. Мы ўдзячны кіраўніцтву нашай краіны за тое, што яно падтрымала ініцыятыву саюза моладзі прысвоіць мемарыяльнаму комплексу “Хатынь” статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. Важна, каб у абойме нашых праектаў пастаянна знаходзіўся нейкі аб’ект, звязаны з гісторыяй. Гэта неабходна, каб моладзь не страчвала сувязь са сваімі гістарычнымі каранямі.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.