Прафсаюзныя актывісты з ліку выпускнікоў універсітэтаў атрымалі лісты падзякі за значны ўклад у развіццё прафсаюзных арганізацый ва УВА, за паспяховую дзейнасць па абароне сацыяльна-эканамічных правоў студэнтаў.
На сёлетні прафсаюзны выпускны былі запрошаны 49 маладых людзей — выпускнікі БДУ, БДЭУ, БНТУ, БДПУ імя Максіма Танка, МДЛУ і БДУІР.
Разам з імі на святочнае мерапрыемства прыйшлі старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый студэнтаў ВНУ, дзе вучыліся госці свята. Менавіта пад іх кіраўніцтвам студэнтам на працягу ўсёй вучобы ўдавалася паспяхова рэалізоўваць праекты, удзельнічаць у дыялогавых пляцоўках, праходзіць навучанне па тэматычных напрамках прафсаюзнага руху.
Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі вядзе комплексную работу па падтрымцы таленавітай і актыўнай моладзі, папулярызацыі прафсаюзнага руху сярод студэнтаў і маладых спецыялістаў.
Пачынаючы з першых курсаў навучання ва УВА краіны вызначаюцца прафсаюзныя актывісты, якія прапануюць і рэалізоўваюць цікавыя ідэі ў сваёй навучальнай установе. Прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі заўсёды аказвае такім студэнтам дапамогу. За актуальныя праекты і іх паспяховую рэалізацыю маладым людзям прызначаецца стыпендыя Федэрацыі прафсаюзаў.
“У нашым прафсаюзе 34,2% ад агульнай колькасці — гэта маладыя людзі ва ўзросце да 31 года, — адзначыла старшыня Беларускага прафеcійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч. — З моладдзю трэба працаваць не так, як з дарослымі, а шукаць іншыя метады і падыходы. У нас ёсць маладзёжны савет, які ініцыіруе рэалізацыю шматлікіх праектаў. Безумоўна, традыцыйна мы вітаем прафсаюзных лідараў — маладых людзей, якія праявілі сябе падчас вучобы ва УВА краіны”.
Падчас размеркавання прафсаюзных актывістаў улічваліся іх пажаданні. Некаторыя з выпускнікоў працягнуць навуковую дзейнасць і застануцца працаваць на кафедрах сваіх УВА.
Дзейнасць прафсаюза накіравана таксама на выхаванне ў моладзі лідарскіх якасцей. Прынамсі, Таццяна Якубовіч упэўнена, што валодаць імі не проста важна, а неабходна:
“Калі выпускнікі УВА не могуць размаўляць у калектыве, калі баяцца выказаць свой пункт погляду, вучыцца гэтаму на рабоце будзе позна. Таксама вучым моладзь прававым пытанням. Тыя, хто імкнецца стаць старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ці ва ўстановах адукацыі, ці на месцы работы, павінны быць гатовы стаць лідарамі”.
Рыгор Вайтовіч, выпускнік факультэта эканомікі і менеджменту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, таксама выказаў думку, што ў першую чаргу маладыя людзі павінны ўмець наладжваць адносіны з калегамі:
“Прафсаюзнай дзейнасцю я пачаў займацца з 1 курса ўніверсітэта. Падчас вучобы мы арганізоўвалі паездкі па культурна-гістарычных мясцінах, займаліся пытаннямі аздараўлення студэнтаў, праводзілі спартыўныя мерапрыемствы і інш. Калі пачну працаваць, таксама хачу займацца прафсаюзнымі пытаннямі. Безумоўна, у першую чаргу прафсаюз навучыў мяне кантактаваць з людзьмі: у працоўным калектыве трэба ўмець сябе паказаць”.
Наталля САХНО.
Фота аўтара.