У Віцебску ўзнагародзілі пераможцаў штогадовага конкурсу на атрыманне прэміі абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду навучэнцам устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі за высокія дасягненні ў галіне культуры, мастацтва і грамадскай дзейнасці.
Сёлета конкурс праводзіўся трэці раз, узрост удзельнікаў — да 17 гадоў, памер прэміі — 300 рублёў. Як паведаміла старшыня Праўлення абласнога аддзялення фонду, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Астапенка, прэмія заснавана ў мэтах выяўлення і падтрымкі матываваных здольных навучэнцаў, стымулявання іх актыўнасці ў творчай дзейнасці і грамадскім жыцці. На разгляд журы былі накіраваны 23 заяўкі. Асноўныя крытэрыі для прэтэндэнтаў на атрыманне ўзнагароды — высокія вынікі вучобы за бягучы навучальны год (сярэдні бал паспяховасці не ніжэй за 8), перамогі ў творчых конкурсах абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўню. Прычым, згодна з дзеючым палажэннем, кандыдат павінен яшчэ з’яўляцца лідарам ці кіраўніком грамадскага аб’яднання, аўтарам ці ўдзельнікам сацыяльнага праекта, валанцёрам, актывістам навучэнскага самакіравання.
— Наша мерапрыемства праходзіць у цесным узаемадзеянні з установамі адукацыі і органамі кіравання адукацыяй, грамадскімі арганізацыямі, — акцэнтавала ўвагу Вера Мікалаеўна. — Мы бачым яскравы прыклад эфектыўнага супрацоўніцтва дзяржаўных структур і грамадскай супольнасці. Прыемна, што на Віцебшчыне столькі таленавітых дзяцей, якія здзіўляюць і радуюць нас сваёй творчасцю. Тут, безумоўна, ёсць заслуга бацькоў, выхавальнікаў дамоў сямейнага тыпу, педагогаў — яны ўносяць вялікі ўклад у развіццё падрастаючага пакалення. Сёння гэта важна, бо мы хочам бачыць у моладзі патрыётаў нашай краіны.
Пераможцамі цяперашняга конкурсу сталі Вірынея Дзьячэнка (Вышадскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Гарадоцкага раёна), Лізавета Іванова (Акцябрская сярэдняя школа Віцебскага раёна імя Героя Савецкага Саюза І.П.Собалева), Мілана Карповіч (студыя “ДоМіСолька” Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі), Паліна Марозава (студыя “Крэатыў” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі) і Варвара Мароз (экалагічны аддзел Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі).
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным аддзяленнем Беларускага дзіцячага фонду.