Мабільная экасістэма CleanMap, якую стварыў навучэнец 3 курса Віцебскага дзяржаўнага каледжа электратэхнікі Савелій РАШЫН, вырашае праблему паасобнага збору сыравіны.
У дадатку знаходзіцца карта з усімі даступнымі кантэйнерамі горада. Пры іх выкарыстанні неабходна актываваць QR-код, які залічыць у профіль карыстальніка бонусныя балы. Гэта будзе стымуляваць патэнцыяльнага спажыўца, бо назапашаныя балы можна абменьваць на скідкі ці нават на тавары ў магазінах-партнёрах.
— Акрамя відавочнай экалагічнай карысці CleanMap можа спатрэбіцца кожнаму чалавеку, — адзначыў Савелій. — Ужо цяпер я знайшоў некалькі магазінаў, якія пагадзіліся даць кліентам скідку за назапашаныя дзякуючы асобнаму збору сыравіны балы. Дзяржава таксама ў плюсе, бо за кошт такога ўзаемадзеяння тавараабарот кампаній-партнёраў павышаецца, а гэта павялічвае прыбытак ад падаткаў.
Я праводзіў апытанне. Больш за 90 працэнтаў рэспандэнтаў адказалі, што выкарыстоўвалі б мабільны дадатак з задавальненнем, а ўсяго апытаў больш за 250 чалавек.
Мабільная экасістэма CleanMap спрашчае работу супрацоўнікам ЖКГ. Напрыклад, яна здольна аптымізаваць лагістыку аператарам вывазу другаснай сыравіны.
— Звычайна адбываецца так: смецце вывозіцца некалькі разоў на тыдзень без уліку запоўненасці кантэйнераў, — расказаў Савелій. — Гэта значыць, нават калі бак пусты, да яго ўсё роўна паедзе смеццявоз. Мне здаецца, гэта пустая трата часу і паліва. Рацыянальней будзе выкарыстоўваць CleanMap і з яго дапамогай сігналізаваць камунальным службам аб тым, што па вызначаным адрасе ў баках назбіралася смецце. Акрамя таго, дадатак можна мадыфікаваць, усталяваўшы на кантэйнеры для збору адходаў спецыяльныя датчыкі, якія будуць адсочваць узровень запоўненасці і аўтаматычна паведамляць у адказную інстанцыю.
Мабільную экасістэму CleanMap я напісаў пры дапамозе трох моў: JavaScript, PHP і MySQL. Наогул, часта ўдзельнічаю ў конкурсах і праектах і заўсёды імкнуся зрабіць што-небудзь актуальнае і карыснае. CleanMap — не выключэнне, бо дапамагае вырашыць экалагічную праблему.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.