Канікулы ў музеі

- 9:25Падзеі, Сацыяльны ракурс

Як правесці летнія канікулы з карысцю, калі аздараўленчы лагер ужо ў мінулым? Можна, напрыклад, паспрабаваць сябе ў ролі экскурсавода.

У будынку нашай школы знаходзіцца выдатны этнаграфічны музей, створаны настаўнікамі і вучнямі розных пакаленняў пад кіраўніц­твам заслужанага педагога Рэс­публікі Беларусь Галіны Іванаўны Бычкоўскай. У музеі каля 400 экспанатаў, многія з якіх маюць вялікую гістарычную і культурную каштоўнасць. І мне як настаўніку і патрыёту сваёй малой радзімы хацелася б данесці гэтую інфармацыю да сучаснага пакалення вучняў, да тых, хто ў школе не мае падобнага музея.

Такі шанс мне даў удзел у выставачным праекце “Сцяжынкамі Быхаўшчыны”. Адной з умоў гэтага праекта было правядзенне экскурсіі-прэзентацыі школьнага музея вучнем, а не настаўнікам. У ролі экскурсавода вырашыла паспраба­ваць сябе вучаніца сярэдняй школы № 1 Быхава Дар’я Гапонікава. Яна была прыемна здзіўлена і зацікавілася экспанатамі, якія захоўваюцца ў нашай установе. Разам нам было лёгка рыхтавацца да выставы, тым больш што прафесія экскурсавода вельмі блізкая да прафесіі настаўніка, якую Дар’я хоча атрымаць у будучыні. Разам з ёй у гэтым праекце ўдзельнічалі вучні з розных школ раёна, якія таксама выдатна справіліся са сваёй задачай. Дашы ўдалося атры­маць новыя веды і кампетэнцыі, абмяняцца вопытам з аднагодкамі і сапраўды правесці лета з карысцю!

Паспяховы вопыт мы будзем укара­няць і далей, далучаючы дзяцей да гісторыі краіны, расказваючы і паказваючы ім на прыкладзе дакументаў і экспанатаў, якія захаваліся, наша гераічнае мінулае.

Вольга БЕЗДНІКАВА, 
настаўніца англійскай мовы
Следзюкоўскага дзіцячага сада — базавай школы імя Д.Я.Аскаленкі Быхаўскага раёна.