Гарадскі праект пад такой назвай рэалізуецца на канікулах у Бабруйску. Ініцыятыва накіравана на ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі горада ў справе аздараўлення і занятасці навучэнцаў.
—Для школьнікаў летнія канікулы — своеасаблівы масток паміж мінулым і будучым навучальным годам. Мэта нашага праекта — напоўніць вольны ад вучобы час актыўным адпачынкам, мерапрыемствамі, якія садзейнічаюць творчаму і інтэлектуальнаму развіццю, фарміраванню сацыяльных кампетэнцый і лідарскіх якасцей дзяцей, — расказала метадыст гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета Вікторыя Яновіч.
Паводле яе слоў, арганізатарам праекта выступае ўпраўленне па адукацыі гарвыканкама, а яго ключавая асаблівасць — далучанасць да справы ўсіх устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі горада.
— На базе кожнай установы дадатковай адукацыі арганізаваны пляцоўкі, дзе праходзяць займальныя гульнявыя праграмы, святы, конкурсы, віктарыны. Іх наведваюць выхаванцы прышкольных аздараўленчых летнікаў і іншыя юныя бабруйчане, якія хочуць цікава правесці летнія дні, — адзначыла Вікторыя Ігараўна.
Усяго горад падзелены на 7 пляцовак па трох напрамках: культурна-адпачынкавым, спартыўна-масавым і выхаваўча-патрыятычным. Усе яны тэматычныя. Так, гарадскі Цэнтр турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі стварыў пляцоўкі “Турысты” і “Юныя натуралісты”. Тут дзеці вучацца даглядаць расліны і жывёлу, удзельнічаюць у экалагічных гадзінах, акцыях, практыкумах. А яшчэ могуць паспрабаваць сябе ў ролі турыста, спартсмена-арыенціроўшчыка або юнага краязнаўца. Дзеці з энтузіязмам адпраўляюцца ў міні-паходы і падарожжы, займаюцца спартыўным арыентаваннем, спазнаюць гісторыю свайго краю і малой радзімы.
Прывабліваюць навучэнцаў і пляцоўкі цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі горада. Яны сталі месцам, дзе раскрываюцца юныя таленты. Школьнікі тут могуць папрацаваць у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, наведаўшы творчыя майстэрні, паўдзельнічаць у конкурсах, спаборніцтвах, гульнях, забавах. Усё гэта далучае дзяцей да свету творчасці, спорту і сяброўства.
— Важна, што паўсюдна на пляцоўках асаблівая ўвага ўдзяляецца грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню моладзі. Мноства мерапрыемстваў адбылося ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, Дзень Незалежнасці. Упор робім таксама на фарміраванне ў дзяцей асноў бяспечнай жыццядзейнасці. У міжведамасным узаемадзеянні з адпаведнымі гарадскімі службамі арганізавана акцыя “Бяспечнае кола”, у рамках якой дзеці вывучаюць правілы бяспечных паводзін дома і на вуліцы, падчас пажару і навальніцы, на дарозе, вадаёме і ў лесе. Увогуле, праект “Планета “Лета” дазволіў істотна разнастаіць адпачынак нашых навучэнцаў, зрабіць іх лета больш яркім, вясёлым і цікавым, — сказала Вікторыя Яновіч.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена вучэбна-метадычным кабінетам Бабруйска.