Быць сябрам

- 21:13Выхаванне, Выхаваўчая работа

Таццяна Сярко вучыцца ў БДПУ імя Максіма Танка на 4 курсе факультэта пачатковай адукацыі. І ўжо трэці год яна працуе важатай у перыяд летняй практыкі. На гэты раз яна адправілася ў аздараўленчы лагер “Лясны” Маладзечанскага раёна.

–Работа ў лагеры падарыла мне ўнікальны вопыт, — прызнаецца будучы педагог. — І я ўпэўнена: калі папрацаваць важатай у лагеры хаця б раз, цяжка пра­жыць наступныя летнія сезоны без гэтага. Гэта зацягвае, прыносіць неверагодныя эмоцыі і дорыць незабыўныя ўражанні.

Падчас навучання ва ўніверсітэце Таня праходзіла дысцыпліны, прысвечаныя рабоце з дзецьмі ў лагеры. І ў некаторых сітуацыях дзяўчыне гэтыя веды спатрэбіліся. Праўда, на яе погляд, лепш адзін раз прайсці шлях важатага самастойна, чым вывучыць яго ў тэорыі. Практыка дае нашмат больш і дапамагае зразумець, ці правільны шлях выбраў чалавек.

— У маім атрадзе дзеці 12 гадоў, — расказвае Таня. — Гэта выдатны ўзрост: ім цікава ўсё навокал, як і дзеткам малодшага ўзросту, але пры гэтым яны ўжо больш сур’ёзныя, разважлівыя. Для такіх дзяцей важаты — ­адзін з тых, з каго яны бяруць прыклад. І толькі ад мяне зале­жыць, добры ці дрэнны. Важна, каб дзеці не баяліся дзяліцца з важатым сваімі думкамі, перажываннямі і атрымлівалі асалоду ад змены, каб ведалі, што ёсць людзі, да якіх можна звярнуцца і паспадзявацца ў цяжкі момант, папрасіць парады.

Важаты павінен быць сапраўдным сябрам для дзяцей. Не губляючы аўтарытэту і не злоўжываючы сваёй уладай, быць з імі на адной хвалі, паважаць іх.

Дзяўчына ўсведамляе, што далёка не з усімі дзецьмі можна адразу ж знайсці агульную мову. У першыя дні яна стараецца хаця б мінімальна вывучыць кожнага: як дзеці паводзяць сябе адно з адным, з кім трэба быць больш строгай, каму ўдзяляць больш увагі. Калі праявіць больш цікавасці ў пачатку змены, наступныя 17 дзён пройдуць выдатна і без сур’ёзных канфліктаў.

Пра сябе

Хоць Таня — будучая выпускніца педагагічнага ўніверсітэта, яна лічыць, што профільная адукацыя неабавязковая для работы важатым. Вывучэнне мноства дысцыплін і рэгулярныя практыкі ў школе, зразумела, даюць свой плён і дапамагаюць у будучыні, але ніхто не можа навучыць любові да дзяцей, адказнасці і выканаўчасці. Студэнтка лічыць, што важатаму важна самому быць крыху дзіцем: лёгкім на пад’ём, па-добраму шалапутным, а наяўнасць адукацыі ўдала дапоўніць гэта.

— З самага дзяцінства я марыла быць настаўнікам. І зараз,
працуючы ў лагеры, прахо­дзячы практыку ва ўніверсітэце і што­дня маючы зносіны з дзецьмі, я разумею, што выбрала правільны шлях. Я буду працягваць рухацца ў гэтым кірунку. Быць важатым — цяжкая праца. Трэба кругласутачна несці адказ­насць за жыццё і здароўе дзяцей, умець знаходзіць падыход да кожнага, улічваць іх асаблівасці і не забываць аб талентах. Мы ні ў якім выпадку не павінны зламаць або падстроіць дзіця пад сябе. Мы павінны навучыць яго прымаць самастойныя рашэнні, не баяцца выказваць сваё меркаванне і думаць. А калі коратка, то трэба ў любой сітуацыі быць чалавекам.

Соф’я ЦЫКУНОВА.