Шосты раз профільны аздараўленчы лагер сабраў на базе ГрДУ імя Янкі Купалы навучэнцаў педагагічных класаў сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска.
На працягу дзевяці дзён 20 старшакласнікаў знаёміліся з універсітэтам, сустракаліся з педагогамі і студэнтамі, прадстаўнікамі грамадскіх маладзёжных арганізацый. Усё гэта дапамагло школьнікам акунуцца ў атмасферу будучай прафесіі. Актыўным быў і вольны
час.
— Наша школа пачынала супрацоўніцтва з педагагічным факультэтам ГрДУ імя Янкі Купалы, а цяпер праект выйшаў за рамкі аднаго факультэта і стаў агульнаўніверсітэцкім, — расказала настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска дырэктар профільнага лагера “Настаўнік NEXT” Таццяна Закарына. — Праграма лагера вельмі насычаная, з дзецьмі працавалі педагогі ГрДУ, якія праводзілі трэнінгі і лекцыі, прапаноўвалі ім напісаць дыктант па рускай мове і кантрольную работу па матэматыцы, выканаць алімпіядныя заданні па беларускай мове. А для старшакласнікаў вельмі важна атрымаць адзнаку не ад школьнага настаўніка, а ад педагога ўніверсітэта. Для нашых вучняў гэта вельмі добрая магчымасць пазнаёміцца з факультэтамі ўніверсітэта і выбраць для сябе спецыяльнасць.
Летні профільны лагер — частка вялікага праекта. Школьнікі прыязджаюць у ГрДУ не толькі летам, але і на асенніх, вясенніх канікулах. Тады яны маюць магчымасць пабываць на лекцыях, паслухаць дактароў навук, а таксама прыняць са студэнтамі ўдзел у сумесных мерапрыемствах. Праходзяць і анлайн-сустрэчы. Педагогі УВА дапамагаюць школьнікам у падрыхтоўцы да алімпіяд па рускай і беларускай мовах, грамадазнаўстве, кансультуюць пры напісанні навуковых прац. Апошнія гады ўся работа вялася ў анлайн-фармаце, таму сёлета ўсе былі вельмі рады сустрэцца на пляцоўцы ўніверсітэта.
— Сапраўды, праект “Настаўнік NEXT” вырас з трохдзённага знаходжання навучэнцаў сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска ў нашым універсітэце ў 2016 годзе, — расказала намеснік дэкана педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Лапкоўская. — А сёння наша супрацоўніцтва са школай выходзіць ужо далёка за межы арганізацыі летняга профільнага лагера. Падключыліся і іншыя факультэты ўніверсітэта, на якіх ёсць педагагічныя спецыяльнасці. Вясной цэлы дзень прысвячаем знаёмству з факультэтам біялогіі і экалогіі. Наведваем і такія факультэты, як фізіка-тэхнічны, гісторыі, камунікацыі і турызму, юрыдычны. Шчыра спадзяёмся, што ГрДУ ў будучыні атрымае дастойных студэнтаў. Дарэчы, даволі часта ўдзельнікі профільнага лагера паступаюць у наш універсітэт.
Сваімі ўражаннямі падзялілася навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Кацярына Градовіч:
— У лагеры я ўпершыню, даведалася пра яго ад маіх настаўнікаў. Для мяне гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з універсітэтам, педагогамі, бо ў хуткім часе трэба будзе вырашаць, куды паступаць вучыцца. Мяне цікавіць руская мова, прымаю ўдзел у алімпіядным руху. Акрамя паглыблення ў атмасферу ўніверсітэта, у лагеры для нас было арганізавана шмат цікавых экскурсій. Асабліва запомніўся паход у тэатр лялек, дзе мы нават паспрабавалі разыграць невялікую пастаноўку.
Адзінаццацікласнік Арцём Малашкін таксама даведаўся пра лагер у школе: прапанавалі пазнаёміцца з факультэтамі ГрДУ і ўвогуле цікава правесці час.
— Я падумаў, мне гэта будзе карысна для таго, каб вызначыцца са сваёй будучай прафесіяй, далейшымі планамі. Да прыезду ў лагер я разглядаў некалькі ўстаноў вышэйшай адукацыі для паступлення, а цяпер ГрДУ імя Янкі Купалы ў мяне ў прыярытэце. Таксама прыемна было наведаць цікавыя мясціны Гродна, пабываць на Аўгустоўскім канале, — расказаў Арцём.
Як падзяліліся школьнікі, на працягу змены ў лагеры яны адчулі сябе амаль студэнтамі, бо займаліся ў аўдыторыях ГрДУ, харчаваліся ў студэнцкай сталовай, жылі ў інтэрнаце. А дапамагалі ім у гэтым студэнты педагагічнага факультэта.
Ірыны АНІКЕВІЧ.