Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да пачатку 2022/2023 навучальнага года выйшла на фінішную прамую. Разам са спецыялістамі Гомельскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі мы пабывалі ў Жлобінскім раёне, дзе кіраўнікі прафесійна-тэхнічнай галіны трымалі справаздачу аб гатоўнасці сустрэць навучэнцаў.
Жлобінскі прафесійна-тэхнічны каледж
Яшчэ няма і года, як гэты каледж узначаліў Дзмітрый Ядчанка. Прымаючы камісію з Гомеля, ён вельмі хвалюецца і не хавае праблем, якія ёсць: відавочна ўзнікаюць пытанні па стане даху ў майстэрнях і інтэрнаце. Кажа, што працягваюць замяняць вокны ў майстэрнях. У той жа час тут за пазабюджэтныя сродкі атрымалася зрабіць касметычны рамонт:
— Вокны ў майстэрнях мы пачалі ўсталёўваць, асвятленне замянілі і зрабілі дробны рамонт. У новым навучальным годзе ў нас будуць вучыцца больш за 500 чалавек. Хлопчыкі тут атрымліваюць спецыяльнасць “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ, эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”. Дзяўчынкі вучацца на кухараў. Для іх мы імкнуліся зрабіць належныя ўмовы для заняткаў і вытворчай практыкі. Паклапаціліся і пра харчаванне — у сталовай навялі парадак.
Сапраўды, кухары ўстановы адукацыі ў летнія месяцы сталі будаўнікамі. Знялі белыя халаты, надзелі сінія працоўныя і навялі чысціню і парадак у сталовай. Інжынер аддзела па забеспячэнні арганізацыі харчавання ўпраўлення цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання Гомельскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі Аліна Мамачкіна зазірнула ў кожны куток і задаволена адзначыла, што ў сферы харчавання ў каледжы зроблена многа:
— Мы былі ў вас два месяцы назад. Вялікі касметычны рамонт зроблены ў абедзеннай зале, у гарачым цэху. Набылі нержавеючы посуд, новую смажыльную шафу. Пажаданне — паспець да пачатку навучальнага года зрабіць кабінет загадчыцы, дзе павінны размясціцца шафы са спецвопраткай супрацоўнікаў.
— Зробім, — абяцае дырэктар каледжа.
— Не ўсюды так добра, як у сталовай. Шмат пытанняў па будаўніцтве застаецца пакуль не закрыта, — гаворыць строгі Юрый Пузееў, начальнік аддзела па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўпраўлення цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання Гомельскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі. — Праблемы па даху і іншыя можна закрыць толькі пры адпаведным бюджэтным фінансаванні.
Усяго ў Гомельскай вобласці 1128 устаноў адукацыі павінны атрымаць акты аб прыёмцы. Па інфармацыі на 25.07.2022 аформілі сертыфікаты гатоўнасці 144 установы адукацыі — 13% ад агульнай колькасці. Да 20.08.2022 прыёмка ўсіх устаноў адукацыі Гомельскай вобласці будзе завершана.
— Я бачу вынікі праведзенай работы, — падагульняе старшыня камісіі, намеснік кіраўніка Гомельскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі Дзмітрый Острыкаў. — Падрыхтаваць установу да новага навучальнага года сапраўды складана. У вас вялікая плошча — і майстэрні, і мехдвор, і стадыён, і вучэбны корпус. На жаль, каб выправіць усе заўвагі, патрэбны значныя грашовыя ўкладанні. Сёння-заўтра ўсё зрабіць немагчыма. Але паступова ў вас усё атрымаецца. Установа прынята, але застаецца на кантролі.
Ліцэй сферы абслугоўвання
У Жлобінскім прафесійным ліцэі сферы абслугоўвання камісію сустракае дырэктар Ганна Тушынская. Яна ўсяго паўгода на гэтай пасадзе. Тут прайшла шлях ад выкладчыка да кіраўніка.
— Цяпер, калі стала дырэктарам, заўважаю кожную дробязь, — гаворыць Ганна Іванаўна. — Усё хвалюе: фасады будынкаў, кожная расколіна ў асфальце…
Ганна Тушынская з гонарам вядзе паказаць дах майстэрань. Гэта тое, што атрымалася цалкам адрамантаваць за гэта лета. У дах укладзена Br74 тысячы бюджэтных сродкаў. Акрамя таго, будучыя пекары-кандытары, цырульнікі, прадаўцы і тэхнікі-электрыкі разам з педагогамі самі зарабляюць грошы для ўстановы. Навучэнцы займаюцца пашывам пасцельнай бялізны і продажам кандытарскіх вырабаў.
— Сродкі ад аплатнай вытворчай практыкі асвойваем, — расказвае пра магчымасці дадатковага заробку Ганна Тушынская. — Таксама ёсць падтрымка базавых прадпрыемстваў. Сёлета гэта “Еўраопт”. Яны да 1 верасня нам паставяць абсталяванне — вітрыны і спецыялізаваную камп’ютарную сістэму для навучання дзяцей па спецыяльнасці “Гандлёвая справа”. Таксама закуплена крэсла для педыкюру, касавыя апараты. Нам было рэкамендавана цэнтрам гігіены ўладкаваць ізалятар у інтэрнаце для дзяцей, і мы яго зрабілі.
Спецыялісты камісіі, якія прайшліся па тэрыторыі і вельмі ўважліва агледзелі ўсе аб’екты Жлобінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання, пацвярджаюць: усё добра. Інтэрнат адзначаюць асобна — як узорна-паказальны.
— Усё абсталяванне на кухні ў працоўным стане, — уключаецца Аліна Мамачкіна. — Праведзены рамонтныя работы ў санітарных памяшканнях для персаналу. Заменена плітачнае пакрыццё. Вельмі добры рамонт у распранальні для персаналу. У кожнага супрацоўніка асобная шафа, добрае асвятленне, люстэрка. Душ ёсць. Дзякуй вам шчыры.
Без пэўных заўваг і рэкамендацый усё ж не абыходзіцца. Іх выказвае дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Юрый Карнілаў. І дадае, што агучанае не патрабуе вялікіх выдаткаў і ліквідуецца вельмі хутка.
Кіраўнік установы абяцае выканаць усе ўказанні камісіі.
— Я вам хачу падзякаваць, — гаворыць на развітанне Дзмітрый Острыкаў. — Адразу бачна, што ўсё зроблена як для сябе.
Чырвонабярэжскі аграрны каледж
Дырэктар установы Аляксей Мазок — вопытны кіраўнік з вялікім стажам. Велізарная тэрыторыя ў 10 гектараў знаходзіцца ў ідэальным стане. Так яе ўтрымліваць абавязвае яшчэ і непасрэднае суседства з сядзібна-паркавым комплексам XIX стагоддзя Козел-Паклеўскіх, які занесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Экскурсіі праходзяць побач з вучэбнымі карпусамі Чырвонабярэжскага дзяржаўнага аграрнага каледжа.
— Пытанняў няма, — адзначае скупы на эмоцыі, але прыдзірлівы начальнік аддзела па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўпраўлення цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання Гомельскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі Юрый Пузееў, — але батарэі ў спартзале павінны быць зашыты. Гэта можа быць траўманебяспечна.
— Згодзен, зробім, — згаджаецца кіраўнік каледжа. — Рашоткі паспрабуем самі зрабіць. Таксама па розных памяшканнях развядзём лыжы і іншыя спортпрылады.
Метадыст Гомельскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Ліна Астапкіна асаблівую ўвагу ўдзяляе ідэалагічнай рабоце і афармленню стэндаў. У прыватных гаворках з намеснікамі дырэктараў па выхаваўчай рабоце ва ўсіх установах заводзіць гутарку пра цяжкіх падлеткаў і дзяцей-сірот.
Да 1 верасня 23 машыны беларускай вытворчасці папоўняць парк школьных аўтобусаў. Таксама сёлета плануецца закупіць сем спецыяльных аўтобусаў для падвозу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і тры — для падвозу навучэнцаў у сельскай мясцовасці.
Інжынер сектара цеплавой гаспадаркі, энергетыкі і транспарту ўпраўлення цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання Гомельскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі Віктар Госцеў уражаны станам транспарту ў Чырвонабярэжскім дзяржаўным аграрным каледжы:
— Транспарт у ідэальным стане. Усе вадзіцелі выстраіліся — кожны побач са сваёй машынай. Своечасова праводзяцца тэхагляды. Журналы правільна вядуцца. Пытанняў няма. Што да вартаўнічай службы — папрасіў бы бэйджы і жэтоны прывесці ў адпаведнасць з інструкцыяй. І яшчэ, закупіце бірулькі да трывожных кнопак.
У вас вартаўнік ажыццяўляе абход вялікай тэрыторыі — лепш за ўсё мець бірульку для экстраннай сувязі.
Выніковы вердыкт — каледж гатовы да работы ў новым навучальным годзе. Старшыня камісіі Дзмітрый Острыкаў і ўсе члены падпісваюць адпаведны акт.
Дастойна падрыхтаваліся да новага навучальнага года
— У цэлым на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі Гомельскай вобласці сёлета запланавана накіраваць звыш Br15 мільёнаў, — адзначае Дзмітрый Пятровіч. — Пры падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года асноўная ўвага ўдзяляецца бяспечнаму знаходжанню навучэнцаў, умацаванню і развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы, паляпшэнню ўмоў працы супрацоўнікаў і навучэнцаў, а таксама добраўпарадкаванню тэрыторыі, спартыўных стадыёнаў. Для бяспекі ў асобных установах плануецца ўладкаванне ўваходных груп турнікетамі, відэаназіраннем, трывожнымі кнопкамі. Усюды праведзены ці заканчваецца касметычны рамонт памяшканняў. Мы сочым за адпаведнасцю норм супрацьпажарнай бяспекі і санітарна-гігіенічным патрабаванням. У асобных установах рамантуюцца дахі, адмосткі, фасады, замяняюцца вокны і дзверы на энергаэфектыўныя шклопакеты. У падрыхтоўцы да новага навучальнага года актыўна ўдзельнічаюць не толькі будаўнічыя арганізацыі, але і калектывы, бацькі, навучэнцы. Аказваюць спонсарскую дапамогу арганізацыі і прадпрыемствы.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.