У падарожжа з Кропелькай

- 10:33Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

Летам у Гомельскім абласным цэнтры турызму і экалогіі дзяцей і моладзі ўпершыню рэалізуецца экалагічны адукацыйны праект для дашкольнікаў “Чароўная лабараторыя вады”. 

Доследы з вадой паклалі пачатак знаёмству дзяцей 4—5 гадоў з ясляў-­са­да № 47 Гомеля з элементарнай “хіміяй” і “фізікай”. Праект накіраваны на фарміраванне ў выхаванцаў экалагічнай культуры праз пошукава-эксперыментальную дзей­насць, пашырэнне ўяўленняў аб навакольным асяроддзі. Падчас эксперыментаў і доследаў дзеці выступаюць у ролі даследчыкаў, лабарантаў, вучоных, сышчыкаў. 

Курыруе дзейнасць “Чароўнай лабараторыі вады” Аксана Цалавальнік, загадчыца эколага-біялагічнага аддзела цэнтра турызму і экалогіі.

— Летам маленькія дзеці заўсёды з захапленнем гуляюць з каменьчыкамі, пяском, вадой, назіраюць і даследуюць цікавыя аб’екты і з’явы. Чаму мы вырашылі стварыць лабараторыю вады? Таму што эксперыментаў з вадой можна правесці больш за ўсё, — адзначае педагог. — У гэтым кірунку наш цэнтр пачаў супрацоўнічаць з яслямі-садам № 47 Гомеля, які бліжэй за ўсё ад нас знаходзіцца. Аднойчы яго выхаванцы прыйшлі да нас на экскурсію, так і пачалося наша сяброўства. 

На пастаяннай аснове на заняткі да Аксаны Іванаўны адзін раз на тыдзень прыходзіць 6—8 дзяцей разам з выхавальніцай Вольгай Мікалаеўнай Ткачовай. Заняткі праходзяць у гульнявой форме і складаюцца з тэарэтычнай і практычнай частак (кожная па 35 мінут). Праграмай прадугледжана вывучэнне 8 тэм. На першых занятках дзеці знаёмяцца з лабараторыяй, абсталяваннем, посудам, электроннымі мікраскопамі, прэпаратамі, якія там знаходзяцца. Работа вя­дзецца толькі з натуральнымі рэчывамі. Каб зацікавіць дзяцей, выкарыстоўваецца казачны персанаж Кропелька вады. Выхаванцы абагульняюць і пашыраюць веды пра ўласцівасці вады і праводзяць нескладаныя доследы: вывучаюць значэнне і ўласцівасці вады ў прыродзе, як адбываецца яе кругаабарот, ствараюць дожджык у шклянцы вады з дапамогай пены для галення, даведваюцца, чаму вада можа быць растваральнікам. Працуючы з мікраскопам, вывуча­юць будову водных мікраарганізмаў, узятых з розных крыніц для параўнання (з возера, з водаправода, з фантана). Адны з заняткаў называюцца “Мы — чараўнікі”, дзе дзеці “ле­пяць з вады” (вада прымае форму пасудзіны, у якую яе наліваюць), шукаюць, “куды дзелася чарніла” (некаторыя рэчывы здольны паглынаць іншыя), “склейва­юць вадой паперу” (вада валодае “склейваючым дзеяннем”, як і сыры пясок), ствараюць “фантан” (вада можа не толькі расцякацца, але і пырскаць). Выхаванцы даведваюцца, як п’юць расліны, як ажывіць насенне. Завяршаецца цыкл заняткаў экалагічным святам “Падарожжа Кропелькі”.

Падчас такой захапляючай дзейнасці прыйшла ідэя стварыць мультфільмы “Чыстая вада” і “Вясёлыя рыбкі”, што і зрабілі педагогі і дзеці пры садзейнічанні адной са студый. 

— З верасня мы працягнем займацца з выхаванцамі і адкрыем на базе дзіцячага садка аб’яднанне па інтарэсах “Свет чараўніц­тва”, — паведаміла Аксана Іванаўна. — Планую стварыць адукацыйную праграму, разлічаную на год, па кірунках “Глеба”, “Паветра”, “Жывая прырода”, “Раслінны і жывёльны свет”.

Дослед “Вясёлкавы дождж”. 1. Наліваем ваду ў празрыстую ёмістасць. 2. Змешваем алей з фарбавальнікам. 3. Павольна ўліваем у ваду. (Фарбавальнік апускаецца ў ваду.) Пытаемся ў дзяцей: “Чаму алей застаўся плаваць на паверхні, а каляровыя кропелькі ўпалі на дно?” (Адказ: розная шчыльнасць. Алей лягчэйшы за ваду, таму ён плавае зверху. Шчыльнасць вады на­шмат большая.)

Дослед “Як п’юць расліны”. Спатрэбіцца пекінская капуста, гуаш, слоічкі. Набіраем ваду ў слоічкі. У кожным з іх раствараем у вадзе па некалькі кропель гуашы. Чакаем, пакуль вада афарбуецца ў розныя колеры. У кожны слоік кладзём па адным лісце капусты. Педагог расказ­вае дзецям, што гэтая вада не прызначана для піцця і што праводзіць гэты дослед варта разам з дарослымі. Назіраем, як капуста будзе піць афарбаваную ваду. Для найлепшага выніку пакідаем слоічкі на падаконніку і праз некалькі дзён радуемся рознакаляроваму лісцю! Прыходзім да высновы, што расліны п’юць ваду і яна “праходзіць” па ўсім лісточку.

Дослед “Як ажывіць насенне”. Матэрыялы: насенне фасолі, марля, сподак, вада. Дослед дапамагае дзецям зразумець узаемасувязь паміж аб’ектамі жывой і нежывой прыроды. Для эксперымента трэба падрыхтаваць насенне раслін (лепш буйное: фасолі, гароху), празрыстую ёмістасць, сурвэткі. Сурвэтку трэба намачыць і пакласці ў ёмі­стасць, затым на ёй раскласці насенне. Ёмістасць паставіць на акно, каб было шмат святла. 

У дзіцячым садзе сумесна з выхавальнікам гэты эксперымент паўтараецца, каб дзеці маглі назіраць, як будзе прарастаць насенне. Вынікі эксперымента фіксуюцца ў картцы. Падводзіцца вынік: для прарастання насення патрабуюцца вільгаць, сонца і цяпло.

Надзея ЦЕРАХАВА.