Якія заняткі і актыўнасці падрыхтавала для юных беларусаў Гродзеншчына, расказала дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Вітальеўна Асмалоўская.
– У вобласці налічваецца 28 устаноў дадатковай адукацыі, якія могуць ахапіць больш за 40 тысяч чалавек. Святочныя мерапрыемствы Тыдня дадатковай адукацыі — дні адкрытых дзвярэй, канцэртныя, забаўляльна-пазнавальныя і фізкультурна-спартыўныя праграмы, выступленні творчых калектываў на выязных канцэртах і выставах — паказалі, што навучэнцы і іх бацькі зацікаўлены нашай працай. Жадаючых займацца ў гуртках і аб’яднаннях па інтарэсах шмат. А мы ў сваю чаргу можам прапанаваць дзецям і моладзі заняткі на любы густ: ад ткацтва да робататэхнікі, ад піяр-тэхналогій да краязнаўства — усё, што душы заўгодна, любыя веды і ўменні, прычым цалкам на бюджэтнай аснове. Дадам, што ў гэтым годзе ў нас з’явілася магчымасць працаваць з установамі дашкольнай адукацыі, выяўляць “зорачак” змалку яшчэ на базе дзіцячых садоў і мэтанакіравана гадаваць юныя таленты.
Таццяна Вітальеўна адзначыла, што актыўная праца па ўдасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў дадатковай адукацыі была праведзена ў рэгіёне. Унутраны аўдыт на працягу мінулага навучальнага года паказаў неабходнасць аптымізацыі, зліцця ўстаноў дадатковай адукацыі са слабай базай ці незапатрабаваных.
— Сёння нам вельмі важна ўтрымаць тую высокую планку, што ўжо ўзята, каб на высокім узроўні складаць канкурэнцыю прыватным установам і курсам. І мы робім для гэтага ўсё магчымае: мяняем абсталяванне, падыходы да распрацоўкі праграм аб’яднанняў па інтарэсах, вядзём вялікую метадычную работу.
З прыемных новаўвядзенняў: на базе палаца створаны кластар па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, які ахоплівае ўсю Гродзеншчыну. Работа ў гэтым напрамку пачалася яшчэ напрыканцы мінулага навучальнага года.
— Адназначна можна сказаць, што моладзь Гродзеншчыны актыўна ўдзельнічае ў жыцці сваёй дзяржавы. Гэта можна канстатаваць і зыходзячы з работы нашага аб’яднання па інтарэсах “Тэрыторыя ініцыятыўнай моладзі”, — заўважыла Т.В.Асмалоўская.
У Гродзенскай вобласці сёння 28 устаноў дадатковай адукацыі, якія могуць ахапіць больш за 40 тысяч чалавек.
Карысная сяброўская сувязь завязалася ў гродзенскіх навучэнцаў і з тэлерадыёкампаніяй Гродна. Тэлестудыя “Новае пакаленне” на базе палаца трансліруе не толькі мясцовыя навіны, але і рыхтуе паўнавартасныя маладзёжныя праграмы з прадстаўніцтвамі па ўсёй вобласці.
Што тычыцца рэгіянальных устаноў дадатковай адукацыі, то, па словах намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце В.Л.Дзенісевіч, цікавыя новаўвядзенні чакаюць сёлета навучэнцаў Воранаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Тут пачне работу новае аб’яднанне па інтарэсах “Харавыя спевы разам з праваслаўнай царквой”. Гэта пакуль унікальны вопыт для рэгіёна, вынікаў якога з цікавасцю чакае ўся Гродзеншчына.
Але не будзем адхіляць убок свецкія інтарэсы. У Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі адкрыўся маладзёжны прадзюсарскі цэнтр “Стартап”, а юныя жыхары Дзятлаўшчыны ў гэтым годзе адчуюць сябе вясёлымі і знаходлівымі, як ніколі: тут пачынае работу гурток “КВЗ”.
Восенню ў Лідскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі пачнуць работу “Тэатр моды” і аб’яднанне па інтарэсах “Чырлідынг”. А ў Смаргонскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ўпершыню навучаць старшакласнікаў танцаваць хіп-хоп.
Дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця таксама не засталіся без увагі. Для іх на базе Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі адчыніць дзверы аб’яднанне “Восторг”. Тут асаблівыя дзеткі змогуць дабавіць у сваё жыццё больш яркіх колераў, паглыбіўшыся ў вясёлкавы свет выяўленчага
мастацтва.
Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.