Сёння ўсё больш выпускнікоў школ свядома аддаюць прыярытэт рабочым прафесіям.
Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі “Прафесійная арыентацыя моладзі” сказаў дырэктар каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Арцём Рыбак.
“У большасці выпадкаў будучае месца вучобы тых дзяцей, якія да нас паступаюць, вызначаюць усё ж такі іх бацькі, — зазначыў кіраўнік установы. — Тым не менш яскрава прасочваецца прыемная тэндэнцыя: сёння многія дзеці свядома прыходзяць атрымаць тую ці іншую рабочую прафесію або спецыяльнасць, аддаючы тым самым прыярытэт рабочым прафесіям. Так адбываецца, бо дзеці разумеюць, што сёння гэта запатрабавана, а выбраныя прафесіі высокааплатныя. Напрыклад, калі мы гаворым пра падрыхтоўку ў нашым каледжы наладчыкаў станкоў з праграмным кіраваннем або тэхнікаў-мехатронікаў, то зарплата выпускнікоў па гэтых спецыяльнасцях даходзіць да 2,5—3 тысяч рублёў. Такую зарплату атрымліваюць спецыялісты адразу пасля выпуску з нашай установы”.
Са слоў спецыяліста, узаемадзеянне з заказчыкамі кадраў — найбольш эфектыўны метад прафарыентацыі.
“У нашай навучальнай установе падчас мінулай прыёмнай кампаніі быў станоўчы прыклад, — прыгадаў А.Рыбак. — Адно з прадпрыемстваў Салігорска правяло актыўную прафарыентацыйную работу ў Мінскай вобласці, ахапіўшы ўсе ўстановы адукацыі Салігорскага раёна. Прадстаўнікі кампаніі азнаёмілі выпускнікоў школ з прапанаванымі рабочымі месцамі, з патрэбамі прадпрыемства ў тых ці іншых спецыялістах. Калі праводзіўся дзень адкрытых дзвярэй, яны запрасілі да сябе прадстаўнікоў з усіх устаноў адукацыі рэгіёна. Калі прааналізавалі гэтую прафарыентацыйную работу, то ўбачылі, што летась да нас прыйшлі вучыцца 15 чалавек з Салігорскага раёна. Сярод іх былі 4 мэтавікі, а гэта значыць, што прадпрыемства падало заяўку на падрыхтоўку сваіх будучых супрацоўнікаў. Аналізуючы гэты выпадак, мы разумеем, што трэба ўзмацняць работу з заказчыкамі кадраў. Мы павінны знаходзіць з імі сумесныя падыходы ў правядзенні прафарыентацыі, якая, хутчэй за ўсё, павінна быць накіравана менавіта на мэтавую падрыхтоўку”.
Чытайце матэрыял Наталлі Сахно ў нумары ад 6 снежня 2022 года.