“На адкрыцці дзіцячага тэхнапарка “Інапарк” у Гомелі ў 2021 годзе дзеці былі ў поўным захапленні, гаварылі: “Гэта ж хайтэк!” — расказала дырэктар тэхнапарка Наталля Алейнік. — З гэтым не паспрачаешся: сучасная ўстанова павінна размяшчацца ў сучасным будынку”.
– Дзіцячы тэхнапарк “Інапарк” — гэта неафіцыйная назва Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці, якую ён атрымаў у 2018 годзе ў сувязі з удзелам у рэспубліканскім інавацыйным праекце, — гаворыць Наталля Анатольеўна. — Час ідзе, і напрамкі работы, якія традыцыйна былі прадстаўлены ў цэнтры, сталі незапатрабаванымі. І мы пачалі шукаць тое, што будзе цікава дзецям. У 2021 годзе цэнтр тэхнічнай творчасці пераехаў у новы сучасны будынак і стаў дзіцячым тэхнапаркам “Інапарк” з адпаведным лагатыпам пры ўваходзе. Амаль уся мэбля і абсталяванне для яго набыты за кошт спонсарскіх і пазабюджэтных сродкаў.
Наша ўстанова ў многім унікальная. Бо гэта першы дзіцячы тэхнапарк, які ўзаемадзейнічае з дарослым тэхнапаркам “Карал”, што размешчаны з ім у адным будынку, і з’яўляецца пляцоўкай для інавацыйнага бізнесу. Мы сталі гэтакім інкубатарам для дарослага тэхнапарка. Акрамя таго, мы адзіная ў краіне ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе прадстаўлены адразу тры напрамкі (электроніка, робататэхніка, ІТ) на трох адукацыйных узроўнях. Калі ІТ і робататэхнікай сёння нікога не здзівіш, то электронікай мы здзіўляем ужо на працягу 7 гадоў. Сёння, улічваючы пытанні імпартазамяшчэння, гэты кірунак вельмі важны.
Па СанПіНе электронікай дзеці могуць займацца з 11 гадоў. Нам жа важна не страціць будучых Кулібіных пачынаючы з 6—7 гадоў, калі якраз і ўзнікае цяга да пазнання навакольных механізмаў. Так, гомельскі тэхнапарк атрымаў грант Прэзідэнта на распрацоўку праграмы і вучэбна-метадычнага комплексу “Кулібінград” па вывучэнні фізікі і электронікі з 6-гадовага ўзросту з выкарыстаннем канструктараў, а таксама на адкрыццё навукова-даследчай лабараторыі. Супрацоўнікамі тэхнапарка створаны і адпаведны вучэбна-метадычны комплекс для педагогаў (з паўрочнымі распрацоўкамі). У дапаможніках выкарыстоўваюцца элементы дапоўненай рэальнасці. Гэтая распрацоўка перамагла на рэспубліканскай выставе метадычнай літаратуры.
Распрацаваны і комплекс FabLab для дзяцей 9—11 гадоў — гэта комплексная праграма аб’яднання па інтарэсах, разлічаная на адзін навучальны год, на працягу якога дзеці вывучаюць электроніку, 3D-мадэляванне і прататыпаванне, а таксама праграмаванне на аснове Arduino (робататэхніка). Вынікам навучання становіцца пэўны прадукт, дзеючая мадэль. Так, калі робататэхніка для малых пачынаецца з асваення канструктара LEGО, то на прасунутым узроўні гэта ўжо будзе прамысловая робататэхніка па стварэнні, напрыклад, рукі-маніпулятара.
Чытайце матэрыял Надзеі Церахавай у нумары ад 6 снежня 2022 года.