На базе сярэдняй школы № 40 Мінска адбылася сустрэча прадстаўнікоў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” з педагагічнай грамадскасцю Ленінскага раёна сталіцы.
У актавай зале сабраліся дырэктары і намеснікі дырэктараў устаноў адукацыі, кіраўнікі метадычных аб’яднанняў настаўнікаў. Ініцыятарам мерапрыемства стала ўпраўленне па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна на чале з Наталляй Кучынскай. У фае школы жадаючыя маглі аформіць падпіску на педагагічныя выданні.
Дырэктар медыяхолдынга Кацярына Дубінская акрэсліла асноўныя напрамкі яго дзейнасці, расказала аб удасканаленні педагагічных выданняў Выдавецкага дома, прэзентавала новую кнігу, выпушчаную да Года гістарычнай памяці, “Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны”.
— “Настаўніцкай газеце” ў снежні спаўняецца 77 гадоў, і тое, што краіна захавала такое выданне, вельмі каштоўна. Мы пішам для настаўнікаў — як вопытных, так і маладых — і аб настаўніках. Толькі ў пятнічным нумары газеты расказалі аб дзейнасці 24 педагогаў, — падкрэсліла Кацярына Эдуардаўна. — Сёння газета імкнецца быць карыснай настаўніку. На старонках нашага выдання — аўтарскія метадычныя распрацоўкі і арыгінальныя педагагічныя знаходкі, каментарыі спецыялістаў, навіны сістэмы адукацыі. Шмат увагі ўдзяляецца арганізацыі выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі, станаўленню маладых настаўнікаў.
Кацярына Дубінская запрасіла педагогаў да актыўнага супрацоўніцтва:
— Калі пагартаць газету, то абавязкова знойдуцца рубрыкі, у якіх можна паспрабаваць сябе ў якасці аўтара. Не толькі прадэманстраваць свой вопыт, расказаць пра методыку, але і прадставіць цікавае мерапрыемства, напісаць пра свайго калегу. Кожны з вас зможа знайсці тэму для публікацыі ў сваёй установе адукацыі для нашых выданняў.
Педагогі адзначылі, што газета дапамагае тварыць, расці прафесійна, распаўсюджваць цікавы педагагічны вопыт.
— Без добрага чытання чалавек не можа адбыцца. Каб падсілкоўваць сябе перадавымі ідэямі, развівацца ўстанове адукацыі, педагогам варта чытаць прафесійную газету, — упэўнена дырэктар гімназіі № 1 Наталля Бушная. — Дзе можна пачарпнуць тое, што сёння актуальна? Сапраўды, у “Настаўніцкай газеце”. Нават прадметныя часопісы сёння адыходзяць на другі план. Газета за апошні час змянілася ў лепшы бок: яна стала больш змястоўнай, інфарматыўнай, карыснай. У ёй з’явіліся новыя рубрыкі, ёсць месца і для дыскусіі. На старонках выдання прадстаўлены цікавы вопыт метадычнай і выхаваўчай работы настаўнікаў з рэгіёнаў Беларусі. Ёсць чаму павучыцца і што запазычыць. Так, наступны педсавет у гімназіі мы вырашылі правесці па арганізацыі шостага школьнага дня. Прапануем педагогам папрацаваць з нумарамі “Настаўніцкай газеты” і адабраць матэрыялы, прыдатныя для выкарыстання ў суботу.
Як адзначалася, наша моладзь большую частку часу праводзіць з электроннымі сродкамі, часта больш давярае той інфармацыі, што выдае інтэрнэт, а не меркаванню дарослых, бацькоў і педагогаў, меркаванню, якое напісана ў добрай кнізе. Таму работа ў сацыяльных сетках становіцца вельмі актуальнай. Самую аператыўную інфармацыю чытач можа знайсці ў Telegram-канале газеты. І гэта не проста абмен інфармацыяй. Гэта дадатковы інструмент для самапрадстаўлення і знаёмства. Вельмі часта журналісты знаходзяць цікавых педагогаў, актуальныя інфармацыйныя нагоды менавіта з Telegram-каналаў той ці іншай установы адукацыі. Дарэчы, у планах Выдавецкага дома — стварэнне новага адукацыйнага партала.
Педагогі паразважалі аб шляхах павелічэння тыражу газеты, прапанавалі новыя тэмы для асвятлення на яе старонках, сярод якіх — дзейнасць установы адукацыі па пытаннях стварэння інфармацыйных рэсурсаў, сайтаў, новыя маршруты па музеях і музейных экспазіцыях рэгіёнаў, закладзеных у адпаведным даведніку.
На думку дырэктара гімназіі № 40 Ігара Бабкова, нядрэнна было б весці суправаджэнне пачынаючых настаўнікаў розных рэгіёнаў ад першых крокаў у прафесіі на працягу некалькіх гадоў работы ў школе. Гэта дало б магчымасць маладым педагогам упэўніцца ў правільнасці выбранага шляху, пазбавіцца выпадковых людзей у педагогіцы, павысіць прэстыж настаўніцкай прафесіі.
Падводзячы вынікі мерапрыемства, намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Ларыса Федасеева падкрэсліла каштоўнасць жывых чалавечых зносін у наша імклівае стагоддзе лічбавых тэхналогій, калі можна адкрыта падзяліцца думкамі, паразважаць. А размова з педагогамі сапраўды атрымалася шчырай, адкрытай і цёплай.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.