Вынікі выставы-­конкурсу “Арх-Навацыя­-2022”

- 9:59Выхаванне, Дадатковая адукацыя

Падведзены вынікі рэспубліканскай выставы-­конкурсу дзіцячай творчасці “Арх-Навацыя­-2022”. Адабраць найлепшыя з трох соцень жывапісных і графічных малюнкаў, калажаў, архітэктурных макетаў, мастацкіх фатаграфій, відэаролікаў было няпроста. Дзіцячыя фантазіі і мары на архітэктурную тэматыку ўвасобіліся ў фарбах, мастацкіх творах з паперы, кардону, гофракардону, пластыку, запалак і зубачыстак. Каб разгледзець усе творы-­пераможцы, спатрэбіцца не адзін дзень. 

Калі ажываюць малюнкі

У намінацыі “Жывапіс” перамогу атрымала 17­гадовая Вікторыя Герасімава за работу “Стары Бабруйск”. 

На трох малюнках дзяў­чыны, выкананых у змешанай тэхніцы з прымяненнем акварэлі і пастэлі, нібы ажываюць ціхія ўтульныя вулачкі і панадворкі старога горада з цаглянымі кварталамі дыхтоўнай цаглянай забудовы — спадчынай пе­рыяду дарэвалюцыйнага каменнага будаўніцтва.

— Работы выконваліся акварэллю з натуры, калі мы з некалькімі групамі выхаванцаў адправіліся на пленэр зрабіць эцюдныя замалёўкі гарадскога пейзажу, — расказв­ае пра гісторыю стварэння малюнкаў Ядвіга Жураўлёва, педагог дадатковай адукацыі студыі выяўленчага мастацтва “Палітра” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска, дзе Вікторыя займаецца з 9 гадоў. — Фокус увагі юных жывапісцаў быў засяроджаны на яркіх архітэктурных аб’ектах і элементах гістарычнай часткі горада. Сярод іх — яўрэйскі квартал, Бабруйская крэпасць, касцёл.

***

Будаўніцтва ў шэсць рук

На конкурсе “Арх-Навацыя­-2022” Лідскі квартал атрымаў новае жыццё дзякуючы юным краязнаўцам з Гродна.

Самы маштабны архітэктурны макет пад назвай “Ансамбль. Рыначная плошча і школьны двор г.Ліды  (1940 г.)” прынёс 1-е месца Мацвею Мік­шалю, Раману Кічынскаму, Яраміру Леванене, выхаванцам краязнаўчай школы “Прысак” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” Гродна. Праект больш чым з 30 (!) будынкаў уразіў журы не толькі памерам, але і мастацка-гістарычнай каштоўнасцю, дакладнасцю выканання.

На першапачатковым этапе педагог дадатковай адукацыі Ігар Лапеха з дапамогай калег-краязнаўцаў з Ліды і супрацоўнікаў мясцовага музея сабраў неабходную для рэканструкцыі інфармацыю: адшукаў старыя фатаграфіі, план забудовы.

***

Газеты, нажніцы, папера…

Сярод лепшых работ у намінацыі “Калаж” — чорна­белая вулачка Траецкага прадмесця Вікторыі Хацілоўскай.

Вікторыя займаецца ў аб’яднанні па інтарэсах “Акварэлька” Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”, якім 14 гадоў кіруе Тамара Емяльяненка. Дарэчы, для педагога гэты конкурс стаў вельмі ўраджайным. Акрамя дыплома I ступені, яе выхаванцы прывезлі яшчэ тры дыпломы II ступені: два — за работы ў намінацыі “Стрыт-арт” і адзін — у намінацыі “Графіка”.

— Калаж, які паказвае адну з вулачак Траецкага прадмесця ў Мінску, ствараўся няпроста, — раскрывае сакрэты творчага працэсу педагог. — Складанасць была ў тым, што мы вырашылі выкарыстоўваць толькі выразкі з чорна-белых газет, не дадаючы іншых колераў.

 

Падрабязней пра работы пераможцаў – у матэрыяле Марыны Куняўскай у нумары ад 13 снежня 2022 года.