Вольга РЫБАКЛЮЧАВА,
дырэктар Нацыянальнага агенцтва
па забеспячэнні якасці адукацыі,
кандыдат юрыдычных навук, дацэнт.
Інфармацыя аб самакантролі за забеспячэннем якасці адукацыі для падачы заявы аб правядзенні дзяржаўнай акрэдытацыі (пацвярджэнні дзяржаўнай акрэдытацыі) установы агульнай сярэдняй адукацыі на адпаведнасць заяўленаму віду: навацыі ў заканадаўстве.
Працягваючы комплексна разглядаць пытанні дзяржаўнай акрэдытацыі ў сферы адукацыі, нельга абмінуць увагай пытанні арганізацыі і правядзення самакантролю за забеспячэннем якасці адукацыі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і афармлення вынікаў.
Самакантроль не новае паняцце для педагогаў. Традыцыйна правядзенне самакантролю за забеспячэннем якасці адукацыі разглядаецца як папярэдні этап правядзення дзяржаўнай акрэдытацыі ўстаноў адукацыі або пацвярджэння дзяржаўнай акрэдытацыі. Ці так гэта і што змянілася ў заканадаўчым рэгуляванні парадку арганізацыі і правядзення самакантролю за забеспячэннем якасці адукацыі ва ўмовах абноўленага заканадаўства аб адукацыі, разгледзім сёння ў рамках “Школы кіравання”.
Згодна з падпунктам 1.10 пункта 1 артыкула 1 Кодэкса аб адукацыі, пад якасцю адукацыі разумеецца адпаведнасць адукацыі патрабаванням адукацыйнага стандарту, вучэбна-праграмнай дакументацыі адпаведнай адукацыйнай праграмы іншым патрабаванням, прадугледжаным Кодэксам аб адукацыі і іншымі актамі заканадаўства.
Паняцце самакантролю за забеспячэннем якасці адукацыі ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі істотна не змянілася — гэта комплексны аналіз адукацыйнай дзейнасці, што ўключае ў сябе самаправерку, самаацэнку адукацыйнай дзейнасці і ажыццяўляецца ўстановай адукацыі (пункт 1 артыкула 117 Кодэкса аб адукацыі).
ВАЖНА! Парадак і перыядычнасць правядзення самакантролю за забеспячэннем якасці адукацыі вызначаюцца кіраўніком установы адукацыі (пункт 2 артыкула 117 Кодэкса аб адукацыі).
Гэтая норма Кодэкса аб адукацыі ўстанаўлівае права кіраўніка ўстановы адукацыі на САМАСТОЙНАЕ вызначэнне, у якім парадку і з якой перыядычнасцю ва ўстанове адукацыі будзе праводзіцца самакантроль за забеспячэннем якасці адукацыі.
Звярніце ўвагу! Паколькі адным з абавязкаў установы адукацыі з’яўляецца забеспячэнне якасці адукацыі (падпункт 4.1 пункта 4 артыкула 19 Кодэкса аб адукацыі), кіраўніку ўстановы адукацыі мэтазгодна забяспечыць распрацоўку і прыняцце (выданне) асобнага лакальнага акта, які ўстанаўлівае парадак і перыядычнасць правядзення самакантролю за забеспячэннем якасці адукацыі ва ўстанове адукацыі (або асобнай главы (пункта, пунктаў) у лакальны акт, які рэгулюе парадак адукацыйнай дзейнасці).
Што тычыцца парадку правядзення самакантролю, то ў лакальным акце мэтазгодна вызначыць наступныя моманты: арганізацыйныя формы самакантролю, яго мэты і задачы; працягласць правядзення самакантролю; пералік асоб, якія праводзяць самакантроль (па пасадзе або фарміраванне камісіі); афармленне вынікаў самакантролю; разгляд вынікаў органам самакіравання ўстановы адукацыі і прыняцце адпаведнага рашэння і інш.
Пры вызначэнні перыядычнасці правядзення самакантролю (штогод, адзін раз у два гады і г.д.) мэтазгодна таксама вызначыць выпадкі, калі правядзенне самакантролю з’яўляецца абавязковым і калі самакантроль праводзіцца ці можа праводзіцца па рашэнні кіраўніка ўстановы адукацыі.
Такім чынам, трэба адзначыць, што ні Кодэкс аб адукацыі, ні Палажэнне аб парадку правядзення дзяржаўнай акрэдытацыі і пацвярджэння дзяржаўнай акрэдытацыі ўстаноў адукацыі, іншых арганізацый, якім у адпаведнасці з заканадаўствам дадзена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2022 г. № 572 (далей — Палажэнне), не вызначае самакантроль як абавязковы папярэдні этап правядзення дзяржаўнай акрэдытацыі ўстаноў адукацыі або пацвярджэння дзяржаўнай акрэдытацыі.
Чытайце ў дадатку “Школа кіравання” ў нумары ад 17 студзеня 2023 года.