Праверыць сілы і перамагчы

- 9:36Адукацыйная прастора, Алімпіядны рух

Па выніках Гомельскага абласнога этапу алімпіяды 474 удзельнікі ўзнагароджаны дыпломамі. Самую вялікую колькасць атрымалі прадстаўнікі Савецкага (64 навучэнцы), Чыгуначнага (60) раёнаў Гомеля і Жлобінскага раёна (48).

На практыцы

Практычныя туры па біялогіі і хіміі прайшлі ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны, па інфарматыцы — у Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна. 

Дыплом ІІ ступені па геа­графіі на абласной алімпія­дзе атрымаў сёлетні выпускнік светлагорскай сярэдняй школы № 8 Яўген Каспярэц. І ўсё дзякуючы сумеснай і мэтанакіраванай рабоце з настаўніцай Святланай Мігай і раённым трэнерам Наталляй Нікіценка.

“Самае цяжкае — маля­ваць графікі. А самым цікавым для мяне быў мультымедыйны тур: у ім трэба шмат разважаць і адказ­ваць на складаныя пытанні. Я не змагу скарыстацца льготай па паступленні ў рэгіянальную УВА, паколькі кірунак, які я выбраў, ёсць толькі ў БДУ — гэта геаінфармацыйныя сістэмы”, — адзначыў Яўген. 

Вучань 10 класа сярэдняй школы № 5 Рагачова Раман Турлюн збіраецца паступаць на такую ж спецыяльнасць. У юнака 1-е месца ў абласной алімпіядзе па геаграфіі і ёсць яшчэ адзін год, каб падумаць над выбарам, паўдзельні­чаць у інтэлектуальных спаборніцтвах, у тым ліку на рэспуб­ліканскім узроўні. Хлопец адзначае: “Складаным быў практычны тур. Было мала часу, а заданні аб’ёмныя. Летась на рэспубліцы я ўзяў дыплом ІІ ступені. Сёлета хачу палепшыць вынік”.

Настаўніца Рамана Наталля Шаўцова кажа, што яе выхаванец — працаголік: “Яго не трэба ўгаворваць. Ён сам працуе, засыпае мяне пытаннямі. Я заўважыла яго здольнасці яшчэ ў 5 класе. Да 8-га вучыла вучыцца, а зараз ён вучыцца сам”. 

За географаў ад Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі адказ­вае начальнік аддзела Ганна Мельнікава. Яна расказвае, што ад усіх раёнаў Гомельшчыны ў абласны цэнтр прыехалі 73 удзельнікі: “Заданні, якія мы атрымалі ад Рэспуб­ліканскага інстытута кантролю ведаў, ускрывалі ў прысутнасці школьнікаў. Такая сістэма працуе ўжо некалькі гадоў. Калі дзіця захварэла і не прыехала — лішнія работы гасяцца публічна, згашаныя адпраўляем назад”. Для максімальнай аб’ектыўнасці кожнай рабоце прысвойваецца нумар, і члены журы пры праверцы не ведаюць яе аўтара. 

Стварэнне камфортных умоў — задача ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, на базе якіх праходзіць абласны этап прадметнай алімпіяды. “Географы” і “замежнікі” жылі і спаборнічалі на базе Гомельскага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа. Яго дырэктар Аляксандр Горленка гаворыць, што навучальная ўстанова традыцыйна з’яўляецца пляцоўкай для правя­дзення абласнога этапу рэс­публіканскай алімпіяды: “Мы задзейнічаем два вучэбныя корпусы і два інтэрнаты. Сумесна з Гомельскім абласным інстытутам развіцця адукацыі імкнёмся стварыць дастойныя ўмовы для дзяцей”.

Удалы экспромт

Прайсці алімпіяднае выпрабаванне па замежных мовах сёлета вырашылі 146 чалавек.

У дзесяцікласніцы Ганны Тарасенка, вучаніцы Брылёўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна, дыплом ІІ ступені. Школьніцу рыхта­вала настаўніца нямецкай мовы Таццяна Базутава. Дзяўчына марыць стаць урачом, але ўпэўнена, што веданне замежнай мовы на высокім узроўні ёй у жыцці не перашкодзіць.

“Дзецям звычайна тлумачым, што на базе нямецкай мовы вельмі проста вывучыць любую з моў раманскай групы”, — адзначае Таццяна Паўлаўна.

Таццяна Баравікова, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава, з’яўляецца яшчэ і трэнерам жлобінскай каманды па англійскай мове. З раёна яна прывезла ў Гомель чатырох вучняў. Дзевяцікласнік сярэдняй школы № 13 Аляксей Гаеў заваяваў дыплом І ступені: “Мы актыўна працуем на перамогу. Самае галоўнае, каб настаўніку было цікава, — тады ён зможа падтрымаць цікавасць і ў дзіцяці. Пасля адборачнага раённага этапу збіраецца каманда настаўнікаў, і я як кіраўнік каманды з імі працую. Самае складанае — маўленне, бо гэта экспромт для ўдзельніка. Важна, каб дзеці не баяліся гаварыць, рэагавалі на ўсе пытанні журы. Вядома, многія камунікатыўныя тэмы абмяркоўваюцца на ўроках. Акрамя таго, нашы дзеці карыстаюцца ўсімі сучаснымі тэхналогіямі: вядуць перапіску з замежнымі сябрамі і маюць зносіны толькі на англійскай мове. Гэта вельмі дапамагае фарміраваць маўленчыя навыкі. Практыка паказвае, што менш хвалююцца тыя дзеці, якія ўдзельнічаюць у алімпіядзе пастаянна. Таму ўсім рэкамендацыя — пачынаць загадзя, каб да фіналу выйсці ў пераможцы без нерваў”.

Самыя высокія вынікі паказалі навучэнцы гомельскіх гімназій № 51 (37 дыпломаў) і № 14 (27) і Гомельскага абласнога ліцэя (30). Сярод лідараў таксама Рэчыцкі ліцэй (15) і Рэчыцкая гімназія (14), гімназія Светлагорска (13) і гімназія № 10 Гомеля (13). У прадстаўнікоў гомельскага гарадскога ліцэя № 1 — 11, гімназіі № 56 Гомеля і Мазырскага абласнога ліцэя — па 10 дыпломаў.

Адзін з такіх пераможцаў — Ян Мазурэнка (настаўніца Таццяна Шыбанава) — прадстаўляе Гомельскі абласны ліцэй. У дзесяцікласніка дыплом І ступені па англійскай мове і ўпэўненасць, што зараз ён вучыцца ў адной з самых прэстыжных устаноў адукацыі краіны: “Вядома, дыплом І ступені я планую заваяваць і на рэспубліцы. Прычым не толькі сёлета, але і ў выпускным класе, праз год. Збіраюся без іспытаў паступіць у БДУ на эканамічную кібернетыку ці штосьці падобнае”. 

Усяго 10 удзельнікаў абласнога этапу прыехалі прадэманстраваць свае веды па кітайскай мове. У алімпіядзе ўдзельнічаюць тыя дзеці, якія вучаць кітайскую самастойна, хоць навучанне гэтай мове ўжо ў некаторых школах вобласці пачалося. Напрыклад, Алена Сарока з 2020 года вучыць малодшых школьнікаў у Мазырскай гімназіі імя Янкі Купалы: “Кітайская выкладаецца факультатыўна з 1 класа. А з 3-га вывучаем яе ўжо асобным прадметам, як замежную мову. Сёння многа жадаючых, таму важна іх зацікавіць. З малымі глядзім відэа і мультфільмы, выкарыстоўваем на занятках пальчыкавыя цацкі”.

Журы “кітайцаў” узначальваў асістэнт кафедры філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Юлія Лукашова. Яна пераконвае, што кітайская не такая складаная, як лічыцца: “Любую мову можна выву­чыць. Так, многія гавораць, што кітайская мова як кітайская грамата, — але гэта стэрэатып. Насамрэч кітайская вельмі цікавая. У нашым універсітэце паўтара года назад адкрылі спецыяльнасць “Руская мова і літаратура. Кітайская мова”. Усе разумеюць, што супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем будзе ўмацоўвацца. Таму сёння дзеці і дарослыя хочуць вывучаць кітайскую мову. Усіх 10 удзельнікаў абласнога этапу алімпіяды можна смела браць на далейшае навучанне — вельмі добрая база ёсць ва ўсіх. Вядома, мы будзем запрашаць дзяцей вучыцца ў нашай УВА”.

Прарэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко на закрыцці абласнога этапу алімпіяды нагадала: “Спрадвеку казалі: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Вашы таленты, веды, мэтанакірава­насць, маладосць патрэбны нашай краіне. Я жадаю вам быць такімі ж паспяховымі і ў дарослым жыцці. Не забывайце быць удзячнымі тым, хто мае дачыненне да вашага поспеху: бацькам, настаўнікам, сваёй роднай зямлі”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. 
Фота аўтара.