Першы юбілей Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі навучэнцы сустракаюць новымі рэкордамі.
Самай маладой, працяглай па часе і складанай па колькасці тураў і заданняў алімпіядзе спаўняецца пяць гадоў. У паўночным рэгіёне за ўвесь гэты час абласныя этапы прымала Віцебскае кадэцкае вучылішча. Дарэчы, установа адукацыі добра знаёма вядучым настаўнікам і іх вучням з усёй Беларусі, бо двойчы менавіта тут вызначалі лепшых у краіне алімпіяднікаў па выніках заключных выпрабаванняў.
Сёлета за выхад у фінал у Лужасне спаборнічалі 50 юнакоў і дзяўчат з 15 раёнаў і Наваполацка. За лідарства ў тэарэтычным туры, плаванні, спартыўных гульнях, практыкаваннях на ўзровень фізічнай падрыхтаванасці змагаліся як новыя ўдзельнікі, так і тыя, хто не першы год у алімпіядным руху. Сярод іх — пастаўчанка Аляксандра Жыдкая. Адзінаццацікласніца сярэдняй школы № 3 з 7 класа штогод заваёўвала дыпломы на вобласці (у гэтым годзе І ступені), двойчы перамагала на рэспубліцы. Між тым самая малодшая ўдзельніца абласнога этапу Ірына Гаўрыловіч вучыцца ў 7 класе Пастаўскай гімназіі. Варта дадаць, што абедзве дзяўчынкі выхоўваюцца ў адной сям’і, а трэніруе вучаніц іх прыёмны бацька Аляксандр Вавінскі.
— Для мяне спорт — гэта частка жыцця, — падзялілася думкамі Аляксандра Жыдкая. — Падабаецца назіраць за спаборніцтвамі, выступленнямі спартсменаў і самой трэніравацца. У будучыні збіраюся стаць настаўніцай фізкультуры або трэнерам, працаваць з дзецьмі.
Прыярытэтны варыянт для далейшай вучобы — профільны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава. Прыемна ўсведамляць, што, дзякуючы алімпіядзе, па новых правілах прыёму паступленне гарантавана.
Як паведаміў метадыст цэнтра педагагічных ініцыятыў у рабоце з інтэлектуальна адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Пётр Кавальчук, папулярнасць алімпіяды з кожным годам расце, павялічваецца колькасць жадаючых да яе далучыцца. На павышэнне прэстыжнасці алімпіяднага руху эфектыўна працуе і абласная асацыяцыя школьнага спорту, у якую ўваходзяць усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі Віцебшчыны. Адпаведна, мяняецца ўзровень канкурэнцыі, розніца паміж месцамі ўсё больш нівеліруецца. Калі раней удзельнікаў у зводным пратаколе размяжоўвалі секунды, то зараз размова пра іх дзясятыя і нават сотыя.
Чытайце матэрыял Таццяны Бондаравай у нумары ад 24 студзеня 2023 года.