У Брэсцкім абласным ліцэі ідзе работа над стварэннем музея, прысвечанага дзейнасці Пятра Машэрава

- 10:48Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

У тым, што адна з 4 устаноў адукацыі краіны, якія носяць імя Пятра Машэрава, знаходзіцца ў Брэсце, няма нічога дзіўнага. З горадам над Бугам звязаны адзін з важных перыядаў яго жыцця і прафесійнага станаўлення як будучага кіраўніка Беларусі.

—  Пра Пятра Мі­ронавіча напісана шмат біяграфічных кніг і знята нямала дакументальных фільмаў, — гаворыць дырэктар Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава Генадзь Іванчын. — Павышаная цікавасць да асобы гэтага чалавека тлумачыцца яе маштабам і роляй у жыцці Савецкай Беларусі, дзе просты вясковы хлопец прайшоў шлях ад школьнага настаўніка да першага сакратара ЦК КПБ. Ён добра вучыўся, удзельнічаў у алімпіядах, захапляўся, акрамя дакладных навук, жывапісам, архітэктурай, літаратурай і спортам, быў камсамольскім актывістам, цікавым педагогам, адважным партызанам-падпольшчыкам і шчырым патрыётам. Чым не прыклад для сучаснай моладзі?

Памяць пра Героя Савецкага Саюза Пятра Машэрава, ураджэнца Віцебшчыны, беражліва захоўваюць не толькі яго землякі, але і брэстаўчане. З 1955 па 1959 год ён узначальваў Брэсцкі абкам КПБ. Менавіта з імем Пятра Міронавіча звязана імклівае і паспяховае пасляваеннае аднаўленне прыгранічнага рэгіёна.

За 4 гады на чале рэгіёна Пятру Машэраву ўдалося паспяхова выканаць шэраг найважнейшых задач, — гаво­рыць Ге­надзь Іванчын. — Многія з іх патрабавалі неадкладнага вырашэння і тычыліся прыгранічнага горада, які адносна нядаўна вярнуўся ў склад БССР. Сярод іх — жыллёвая праблема: коль­касць квадратных метраў на чалавека ў Брэсце заставалася адной з самых нізкіх у краіне. Менавіта пры Машэраве ў 1957—1959 гадах праводзілася капітальная рэканструкцыя Брэсцкай ЦЭЦ, дзякуючы чаму зніклі перабоі з электрычнасцю. Давялося ўстараняць і недахопы ў сферы гандлю і грамадскага харчавання.

З-за геаграфічнага становішча горад апынуўся на шляху маршруту VI Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў. Гэта быў унікальны шанс для абнаўлення абласнога цэнтра і вырашэння існуючых праб­лем у яго развіцці, чым скарыстаўся малады і энергічны кіраў­нік Брэстчыны. Дзякуючы сур’ёзнай падтрымцы з рэспубліканскага бюджэту, усяго за паўгода ўдалося вымас­ціць і заасфальта­ваць амаль увесь цэнтр горада. Тады ж у ім з’явіліся дзясяткі тысяч квадратных метраў газонаў і клумбаў. Ня­дзіўна, чаму да канца 90-х гадоў Брэст заставаўся самым зялёным горадам у Беларусі.

Паколькі для замежных гасцей уезд у Савецкі Саюз пачынаўся з горада над Бугам, ганароваму статусу парадных варот павінен быў адпавядаць не толькі Брэст, але найперш чыгуначны вакзал, які падвергнуўся комплекснай рэканструкцыі, — расказ­вае Генадзь Іванчын. — Да лета 1957 года, калі ў Маскве праходзіў VI Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў, усе работы завяршыліся. За 4 дні з яго перона ў сталіцу СССР адправіўся 21 фестывальны экспрэс. Звыш 9 тысяч замежных гасцей зрабілі прыпынак у Брэсце. Усім ім быў аказаны цёплы прыём. Цягнікі з’ехалі, фестываль завяршыўся, а горад застаўся радаваць вока не толькі яго жыхароў. 

Пётр Машэраў адыграў вызначальную ролю ў захаванні Брэсцкай крэпасці і аднаўленні гістарычнай справядлівасці ў адносінах да яе абаронцаў, якія доўгі час былі незаслужана забытымі. Не сакрэт, што адразу пасля вызвалення горада ў 1944 годзе няскораная цытадэль і боль­шасць крапасных збудаванняў на Валынскім, Кобрынскім і Цярэспальскім умацаваннях можна было адна­віць. Вядома, разбурэнні ад арт­абстрэлаў, бамбёжак і дзеянняў нямецкіх сапёраў-падрыўнікоў былі вялікімі, але крэпасць усё роўна захоўвала першасныя абрысы.

Тым не менш у першы мірны час выпрабаванні для старых сцен не скончыліся, — заўважае Генадзь Іванчын. — Ва ўмовах пасляваеннай разрухі крапасныя збудаванні разбіраліся, каб закрыць вострую патрэбу ў дэфіцытнай цэг­ле. Знішчаліся сцены, на якіх абаронцы, паміраючы, пісалі свае імёны, адрасы і звароты да будучых вызваліцеляў. Толькі ўмяшанне Пятра Машэрава выратавала сітуацыю. Нарыхтоўку будаўнічых матэрыялаў у крэпасці спынілі.

Цалкам верагодна, што цікавасць да тэмы абароны гэтага ўчастка дзяржаўнай граніцы летам 1941 года ўзнікла ў Пятра Міронавіча пасля знаёмства з вялікай колькасцю пісем ад родных і блізкіх абаронцаў Брэсц­кай крэпасці, пакінутых у рабочым кабінеце папярэднікам. Да гэтай спадчыны былы партызан паставіўся вельмі сур’ёзна.

Асабліва запамінальным і знакавым у плане аднаўлення гістарычнай справядлівасці стаў 1956 год: летам абноўлены вакзал сустракаў абаронцаў гераічнай цытадэлі і вядомага пісьмен­ніка Сяргея Смірнова, а ў лістападзе адбылося ўрачыстае адкрыццё Музея абароны Брэсцкай крэпасці, работа над якім пачалася па распараджэнні Пятра Машэрава, — адзначае Ге­надзь Іванчын. — Нездарма ў 1964 годзе свежы экзэмпляр кнігі “Брэсцкая крэпасць” яе аўтар даслаў яму з надпісам: “…Калі б не было памятнай сустрэчы ў Брэс­це і вашага натхняльнага энтузіязму і аптымізму, наўрад ці нара­дзілася б гэтая кніга і адбыўся пісьмен­нік Смірноў”.

Менавіта дзякуючы Пятру Міронавічу, зарослыя пустазеллем руіны ўдалося ператва­рыць у мемарыяльны комплекс усесаюзнага значэння. У 1959 годзе першы сакратар Брэсцкага абкама КПБ быў адкліканы на кіраўніцкую работу ў Мінск, але пра крэпасць, дзе пакінуў частку сваёй душы, памятаў усё жыццё. Больш за тое, інтэнсіўнае будаўніц­тва мемарыяла ён ужо ў статусе кіраўніка краіны трымаў на асабістым кантролі. За 2 дні да яго ўрачыстага адкрыцця ў 1971 годзе Пётр Машэраў спытаў галоўнага архітэктара Георгія Сы­соева, як гу­чыць надпіс ля Вечнага агню. Той адказаў: “Слава героям, якія стаялі на­смерць!” Вось-вось павінны былі прынесці бронзавыя літары. Пётр Міронавіч задумаўся на хвіліну і сказаў: “А давайце так: “Стаялі насмерць. Слава героям”. Сёння ля Вечнага агню з гэтымі словамі ня­суць Ганаровую вахту Памяці брэсц­кія школьнікі.

Штогод ва ўстанове, размешчанай на праспекце Машэрава, ладзяцца агульналіцэйскія мерапрыемствы да дня нараджэння Пятра Міронавіча, у гонар якога на будынку ўсталявана мемарыяльная дошка.

Сімвалічна, што прас­пект Машэрава ў абласным цэнтры завяршаецца галоўным уваходам у мемарыял — урэзаным у вал жалезабетонным паралелепіпедам з высечанай у ім пяціканцовай зоркай. Комплекс і праспект нібыта дапаўняюць адно аднаго, візуальна ўспрымаючыся арганічным адзіным і неад’емным цэлым. І гэта, бадай, найлепшы варыянт непарыўнай сувязі маштабнай асобы і легендарнай крэ­пасці.

За машэраўскія гады ў горадзе была праведзена каласальная работа не толькі па яго добраўпарадкаванні, але і па развіцці машынабудавання, якое амаль адсутнічала, — гаворыць Генадзь Іванчын. — Пётр Міронавіч з групай вучоных, інжынераў і эканамістаў распрацаваў новую канцэпцыю прамысловага развіцця вобласці, якая прадугледжвала ўзвя­дзенне прадпрыемстваў рознага профілю. Толькі ў 1958 го­дзе былі зда­дзены Брэсцкі дывановы камбінат і малочны завод, сабраны першыя газавыя пліты на механічным заводзе — будучым СП ААТ “Брэстгазаапарат”, закла­дзена самая магутная ў краіне Бярозаўская ДРЭС. Так пачалася гісторыя брэндаў, вядомых сёння далёка за межамі рэгіёна.

Не толькі абавязвае, але і натхняе

З жыццёвым і прафесійным станаўленнем Пятра Машэрава знаёміць музейны куток, адкрыты 15 гадоў назад у адным з ліцэйскіх класаў. Акрамя стэндаў “Юнац­т­ва цудоўны пачатак…”, “І воін, і стваральнік…”, “Радзіме з гонарам служачы…” і “Усё застаецца людзям…”, тут сабрана шмат тэматычнай літаратуры, вучнёўскіх даследчых работ пра Пятра Міронавіча і рэдкіх фотаздымкаў з ім брэсц­кага пе­рыяду.

Па словах дырэктара, на базе музейнага кутка, матэрыялы якога шырока выкарыстоўваюцца ў адукацыйным пра­цэсе, да канца года плануецца стварыць паўнацэнны музей, прысвечаны дзейнасці Пятра Машэрава на Брэ­стчыне і развіццю рэгіёна ў савецкі час. Цяпер ідзе збор экспанатаў.

Штогод ва ўстанове, размешчанай на праспекце Машэрава, ладзяцца агульналіцэйскія мерапрыемствы да дня нараджэння Пятра Міронавіча, у гонар якога на будынку ўсталявана мемарыяльная дошка.

Мы старанна захоўваем машэраўскія традыцыі, якія тычацца і адказных адносін нашых выхаванцаў да вучобы, — расказвае Генадзь Іванчын. — Сёння ў ліцэі, створаным 20 гадоў назад з мэтай падтрымкі адораных вучняў вобласці, атрымліва­юць веды амаль 300 старшакласнікаў. 70% з іх — жыхары іншых раёнаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца ў 12 класах па філалагічным, фізіка-матэматычным, эканамічным, хіміка-біялагічным, хіміка-тэхналагічным і правазнаўчым профілях.

За час існавання ліцэй скончылі больш за 2,2 тысячы дзяцей, з іх амаль 270 — з залатым і сярэбраным медалём. 83% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 4 — выдатнікі адукацыі Беларусі, 9 — лаўрэаты спецыяльнага прэзідэнцкага фонду, 22 — лаўрэаты прэміі Брэсц­кага аблвыканкама. Іх намаганнямі падрыхтаваны 313 пераможцаў абласнога і 51 пераможца заключнага этапаў рэспуб­ліканскай прадметнай алімпіяды. 43 ліцэісты ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі  Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Высокія вынікі “машэраўцы” паказва­юць у навукова-практычных канферэнцыях і інтэ­лектуальных конкурсах. 98% выпускнікоў паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

Дырэктар установы лічыць, што дасягнуць поспехаў у рабоце з адоранай моладдзю намагчыма без цеснага ўзаема­дзеяння з УВА, актыўнага выкарыстання іх кадравага патэнцыялу і матэрыяльна-тэхнічнай базы. У ліцэі назапашаны вопыт шматгадовага супрацоўніцтва з рознымі кафедрамі БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ, дзе вучні набываюць практычныя навыкі пры падрыхтоўцы да алімпіяд. Універсітэцкія выкладчыкі кіруюць даследчымі і праектнымі работамі ліцэістаў, рыхтуюць іх да навукова-практычных канферэнцый і конкурсаў.

Сярод прыярытэтаў — пашырэнне міжнароднага ўзаемадзеяння, — гаворыць Ге­надзь Іванчын. — Наладжаны партнёрскія сувязі з чэлябінскім фізіка-матэматычным ліцэем № 31, на рахунку выхаванцаў якога шмат дасягненняў у алімпіядным руху на федэральным узроўні. Нам цікавы найперш напрацоўкі расійскіх калег у профільным навучанні і дзейнасці навуковых школ па дакладных навуках. Плануем перазагрузіць супрацоўніцтва з эканамічным ліцэем № 373 Санкт-Пецярбурга.

…Штодзень ідучы на заняткі, ліцэіс­ты так ці інакш сутыкаюцца позіркам з ба­рэльефам Пятра Машэрава на мемарыяльнай дошцы, размешчанай ля ўвахода ва ўстанову. Яго імя, нададзенае ёй у 2005 годзе, не толькі да многага абавяз­вае, але і натхняе — на паспяховую вучобу і стваральную працу дзеля далейшага росквіту роднага краю. А ў тым, што брэсц­кія “машэраўцы” не падвядуць, ведаючы іх стараннасць і мэтанакірава­насць, прафесіяналізм педкалектыву, сумнявацца не даводзіцца. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара