Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава напярэдадні 1 Мая расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” аб асноўных кірунках дзейнасці і пытаннях, якія хвалююць педагогаў.
Працаваць на апярэджанне
— Ларыса Леанідаўна, перад прафсаюзам стаіць безліч задач, асноўная з якіх — абарона працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў. Што дапамагае паспяхова іх вырашаць?
— У сваёй рабоце мы выбудавалі некалькі вектараў, па кожным з якіх імкнёмся развівацца і бясконца ўдасканальвацца. Адзін з іх — грамадскі кантроль і маніторынгі па пытаннях аплаты працы і працоўных узаемаадносін. Напрыклад, каб павысіць выніковасць, з 2016 года падключылі да работы галоўных бухгалтараў раённых арганізацый, надзяліўшы іх паўнамоцтвамі. І літаральна праз паўгода-год заўважылі станоўчую тэндэнцыю — мы вярталі і вяртаем людзям грошы, якія яны недаатрымалі на працоўных месцах.
Мы наладзілі эфектыўнае ўзаемадзеянне з нашымі сацыяльнымі партнёрамі — камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама і дзевяццю раённымі ўпраўленнямі. Гэта дазваляе весці дыялог, шукаць кампрамісныя рашэнні па спрэчных пытаннях. За гэта ім вялікі дзякуй. І сёння, перш чым прымаць важныя рашэнні адносна канкрэтнага чалавека, яны заўсёды звяртаюцца да нас. Канечне, складанасцей хапае і яны будуць заўсёды. Іх няма там, дзе людзі не размаўляюць і не імкнуцца да паразумення.
— Шмат увагі Мінская гарадская арганізацыя ўдзяляе павышэнню прафесійнага ўзроўню свайго актыву. Чаму гэта так важна?
— А гэта другі вектар нашай працы па ахове праў работнікаў. Лічу, што прафсаюзны лідар павінен быць кампетэнтным і дасведчаным у сваёй сферы, каб да яго мог звярнуцца работнік і атрымаць дзейсную параду, кансультацыю. У пачатку гэтага года прайшлі справаздачна-выбарныя сходы ва ўсіх пярвічных арганізацыях. Па выніках былі выбраны 173 новыя старшыні. Патрабаванні да кандыдатур вельмі высокія. Неабходна быць лідарам у калектыве, умець павесці за сабой, ведаць задачы дзяржаўнай палітыкі, разумець, што такое абарона працоўных і сацыяльна-эканамічных праў работнікаў. Прафсаюзнаму лідару трэба разбірацца, як налічваецца заработная плата, як ажыццяўляецца плата за перавышэнне планавай напаўняльнасці груп у дзіцячых садах ці замена вучэбных гадзін у школах. І мы імкнёмся гэтыя веды прадаставіць. Летась пачала сваю работу школа грамадскага інспектара па ахове працы, якая арганізавана сумесна з гарадскім інстытутам развіцця адукацыі. Сёлета адкрылася прафсаюзная акадэмія. На гэтым тыдні для новых старшынь пярвічных арганізацый адбылася чарговая лекцыя, якую правялі прававы інспектар Валянціна Сівакова і загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай работы нашай арганізацыі Наталля Райская. Мы павінны падказаць старшыням, як выбудаваць дыялог з работадаўцам, з калектывам, растлумачыць пытанні атэстацыі, аховы працы, як узаемадзейнічаць з ветэранамі, з моладдзю, як падрыхтаваць калектыўны дагавор, каб ён працаваў, як забяспечыць сацыяльныя гарантыі, як размеркаваць фонд матэрыяльнага стымулявання ва ўстанове адукацыі…
Мы павінны падказаць старшыням пярвічак, як выбудаваць дыялог з работадаўцам, з калектывам, растлумачыць пытанні атэстацыі, аховы працы, як узаемадзейнічаць з ветэранамі, моладдзю, як падтрыхтаваць калектыўны дагавор, каб ён працаваў, як забяспечыць сацыяльныя гарантыі, як размеркаваць фонд матэрыяльнага стымулявання ва ўстанове адукацыі.
Трэці вектар — аналіз зваротаў і кансультацыі па спрэчных пытаннях эканамічных і працоўных узаемаадносін. Мы разумеем так: калі да нас звярнуліся са скаргай, значыць мы кагосьці недавучылі. Да сваёй работы мы ставімся вельмі крытычна.
Пры гэтым, калі прыходжу ў калектыў і размаўляю з наймальнікам, першым чынам раблю акцэнт на тым, што прафсаюз — гэта ў дапамогу. У тым ліку і ім. Куды лепш пазбегнуць непаразуменняў, чым давесці справу да працоўнай спрэчкі ці звароту работніка ў суд. Такім чынам, мы працуем на апярэджанне.
Стаўка — на маладых
— Наколькі актыўна далучаюцца да прафсаюза маладыя настаўнікі? Якія бонусы і магчымасці вы ім можаце прапанаваць?
— У 2013 годзе, калі я прыступіла да працы ў гарадской арганізацыі, назіраўся вялікі адток маладых кадраў з галіны (больш за 65%). Мы задумаліся, чаму так адбываецца, як можна сітуацыю выправіць. Перад намі стаяла задача паказаць маладым педагогам, наколькі яны важныя не толькі на працоўным месцы, але і як асоба, як чалавек. І ў 2015 годзе стварылі маладзёжны савет. Запусцілі шэраг праектаў, каб моладзь да нас пачала далучацца. Сярод іх — “Педагогі Мінска вучацца руліць”, “Лета маладзёжнага савета”, “Разумная матывацыя”, якія актыўна арыентавалі іх на прафесійны і кар’ерны рост. І моладзь далучылася.
Сёння маладыя актывісты прафсаюза далучаюцца да міжнародных праектаў. Сярод іх — “Педагагічны старт” і “Старт у педагогіку”. Толькі ў мінулым годзе больш за 200 чалавек прынялі ў ім удзел. Звыш 600 атрымалі магчымасць заявіць пра сябе ў конкурсе “Дзень маладога педагога”. Не засталіся ўбаку нашы актывісты і ад міжнароднага фестывалю педагагічных майстэрань маладых педагогаў “Абмяркоўвай! Стварай! Прымяняй!”. 69 настаўнікаў сталічных устаноў адукацыі наведалі 10 майстар-класаў па абмене вопытам работы з маладымі педагогамі Расіі. Яшчэ адзін міжнародны фестываль — “Прафсаюз без меж”. У гэтым годзе яго ўдзельнікамі сталі 140 маладых прадстаўнікоў Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі з Мінска, Гомеля, Магілёва і Агульнарасійскага прафсаюза адукацыі з Масквы, Тулы, Смаленска, Бранска.
Летась 6 маладых педагогаў прынялі ўдзел у маладзёжным форуме “Разам да міру і стварэння!”, які арганізавала Мінскае гарадское аб’яднанне прафсаюзаў. 9 маладых спецыялістаў прайшлі навучанне на курсах маладзёжнага прафсаюзнага актыву, арганізаваных Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. 4 прадстаўнікі маладзёжнага актыву накіраваны на перападрыхтоўку ў Міжнародны ўніверсітэт “МИТСО” па спецыяльнасці “Сацыяльнае партнёрства” і “Кіраванне персаналам”. Два ўжо атрымалі дыпломы, прымаюць актыўны ўдзел у прафсаюзных праектах. Як бачыце, магчымасцей для самарэалізацыі хапае.
Сёлета мы запусцілі яшчэ два праекты: “Прафсаюз адукацыі сталіцы — прафсаюз магчымасцей” і “Настаўніцтва: навігатары поспеху”.
У Telegram-канале Profobraz.Minsk размяшчаем усю важную інфармацыю пра пазнавальныя, адукацыйныя мерапрыемствы, а моладзь дзеліцца сваімі ўражаннямі і думкамі. Вядома, каб сучасныя маладыя педагогі лепш разумелі, што такое прафсаюз, мы павінны паказаць ім усе бакі нашай работы. Каб яны ўсвядомілі, што прафсаюз — сапраўды тэрыторыя магчымасцей.
— Пры гэтым арганізацыя не пакідае без увагі ветэранаў педагагічнай працы.
— Мы былі аднымі з першых у галіне, хто стварыў саветы ветэранаў педагагічнай працы. Яны працуюць у кожным раёне Мінска. Зразумела, што праекты і мерапрыемствы праходзяць у іншым рэчышчы. Арганізуецца шмат дыялогавых пляцовак, пазнавальных сустрэч. Самы знакаміты клуб ветэранаў дзейнічае ў Партызанскім раёне. Цікава, што сярод яго ўдзельнікаў не толькі настаўнікі. “Аптыміст” прыняў пад сваё крыло і пенсіянераў іншых прафесій.
Надзённыя пытанні
Прадстаўнікі прафсаюза актыўна сустракаюцца з працоўнымі калектывамі, каб ведаць, якія праблемы і пытанні іх хвалююць. Вось асноўныя моманты, якія чакаюць вырашэння:
— прадастаўленне арэнднага жылля педагогам;
— ільготнае крэдытаванне пры будаўніцтве жылля для работнікаў устаноў адукацыі, асабліва для маладых спецыялістаў;
— прадастаўленне маладым спецыялістам, накіраваным на работу па размеркаванні, адтэрміноўкі прызыву на службу ў армію ці магчымасці службы ў рэзерве;
— павелічэнне колькасці дзён працоўнага адпачынку работнікам устаноў дадатковай адукацыі;
— у дзіцячых садах ёсць даплата за перавышэнне планавай напаўняльнасці груп, а ў пачатковай школе такіх даплат няма. Гэта тычыцца толькі Мінска, дзе ёсць класы па 30 і больш дзяцей;
— дазволіць метадыстам інстытутаў развіцця адукацыі займацца па сумяшчальніцтве педагагічнай дзейнасцю. Кваліфікацыйныя патрабаванні да такіх супрацоўнікаў вялікія, яны валодаюць сур’ёзнымі прафесійнымі навыкамі, але павялічыць свой заробак не маюць магчымасці.
Мы будуем сваю работу так, каб чалавек разумеў: прафсаюз заўсёды дапаможа ў межах сваёй кампетэнцыі і ў рамках сваіх паўнамоцтваў.
Марына ЖДАНАВА