У Круговіцкай сярэдняй школе Ганцавіцкага раёна шануюць традыцыі і смела глядзяць у будучыню

- 14:43Образование

Нататкі з камандзіроўкі ў Ганцавіцкі раён — палескую глыбінку.

Вядомае імя з “Асветніцкага летапісу”

“Вы, пане настаўніку, на ўсё лета едзеце ад нас?

— Так, на ўсё лета, а можа, і назусім.

— Зусім хочаце выбірацца?.. Э, пане настаўніку, трэба па­жыць яшчэ ў нас.

І дзеці палюбілі вас, і мы да вас прывыклі. Ды вы ж яшчэ і не разгледзеліся тут…”

З рамана Якуба Коласа
“На ростанях”, кніга другая
“У глыбі Палесся”

Жыццё ў любы час — гэта непазбежныя сустрэчы і расстанні. Асабліва для журналістаў. Ну і для настаўнікаў: штогод у маі — “развітальная пара”. Часам расстаёмся, добра і “не рагледзеўшыся”, як было і ў настаўніцкім лёсе Канстанціна Міцкевіча. Згадваю пра класіка не выпадкова. Падчас каман­дзіроўкі Надзея Здрок, якая кіруе аддзелам па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама, расказвала: родам яна з Люсіна! Вёска з рамана Якуба Коласа вядомая нам са школы як Цельшына. Я запытаў, ці ёсць па-ранейшаму ў Люсіне музей, прысвечаны Песняру, і яна ўдакладніла: “Так. І школе ж напрыканцы 2016-га імя Якуба Коласа прысвоілі. Там, як вядома, Канстанцін Міхайлавіч папрацаваў няшмат: гэта быў 1902/1903 год, ён трапіў туды пасля заканчэння Нясвіжскай семінарыі. Потым бліжэй да Пінска пераехаў працаваць: у Пінкавічы”.

Сёлета 120 гадоў з “люсінскага” перыяду жыцця Песняра. Юбілей! А дата, падзея зафіксаваны і ў мясцовых “Асветніцкіх летапісах” — як у Люсіне, так і ў Ганцавічах: “У кожнай установе адукацыі ў раёне мы стварылі ўжо і далей вядзём летапісы. Падкрэслю: у кожнай! Ёсць асобны летапіс у аддзела па адукацыі, ёсць стэнды тут, у калідоры. Цяпер у раёне 32 установы адукацыі, у тым ліку 11 садкоў. Вось нас чакаюць у Вялікіх Круговічах, а там працуе ўстанова сярэдняй агульнай адукацыі, якая рэалізуе праграму адукацыі дашкольнай. Гэта, як правіла, у вёсках, дзе ўсё меншае дзяцей”.

Якуба Коласа ў раёне шану­юць, помнік яму адкрылі ў Ганцавічах у 2011 годзе: горад быў чарговай сталіцай Дня беларускага пісьменства. Скульптары Алеся Грушчанкова і Павел Герасіменка ўзялі за аснову пры стварэнні вобраза фотаздымак пісьменніка, зроблены ў час яго настаўніцтва ў Люсіне.

 

А ёсць і 100-гадовы юбілей сёлета — знакавы для педагогаў Беларусі! Рыхтуючы нататкі, я знайшоў вытрымку з ліста класіка за 1921 год: “Цяпер пішу бытавую аповесць з жыцця настаўніцтва і так званай сельскай інтэлігенцыі. Аповесць мае назву “У палес­кай глушы”. Асобным выданнем яна ўпершыню выйшла ў Вільні ў 1923 годзе, з часам, як вядома, твор дапісваўся, дапрацоўваўся ды стаў школьнапраграмнай трылогіяй “На ростанях”. А колькі старшакласнікаў, маючы “прыклад Лабановіча” перад вачыма, пайшлі ў настаўнікі! Спадарыня Надзея Здрок — адна з іх.

Аляксандр Занька ды іншыя

Каштоўны, важкі “Асветніцкі летапіс”-фаліянт, стылізаваны пад старадаўнасць, гартаем ужо ў машыне. А едзем у школу, дзе дырэктарам амаль 30 гадоў працуе Аляксандр Арсенавіч Занька, родам з Вялікіх Круговіч. Яго, дарэчы, суразмоўніца мая ведае з часу, калі настаўнікам геаграфіі пачынаў ён педагагічную кар’еру ў Люсіне. Прызнаецца з цёплай усмешкай: “Ого, які настаўнік быў!.. То ўсе мы, люсінскія дзяўчаты, у яго закахаліся!” Пэўна што нібы Канстанцін Міхайлавіч прыўнёс і Аляксандр Арсенавіч у жыццё Люсінскай школы на пачатку 80-х новыя фарбы. Ла­дзіў цікавыя паходы, экскурсіі — дагэтуль многім помняцца. Так і Надзея Ула­дзіміраўна стала вандроўніцай. Згадвае, як мінулым летам ха­дзіла са школьнікамі, з малодшай дачкой у паход, колькі ўражанняў было ў падлеткаў. Некаторыя з іх тую прыгоду — з лёгкай стомай, намётамі, начным вогнішчам і паходнай кашай — называюць самым яркім летнім уражаннем. Заадно звяртае ўвагу на вопыт Дзяніса Патаповіча, настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі з Круговіцкай школы, які таксама ла­дзіць паходы для дзяцей, паспрыяў адраджэнню ў раёне летніх збораў дапрызыўнікоў. І шмат хлопцаў мясцовых, дзякуючы яму, выбралі сабе афіцэрскую прафесію. Пазней мы з Дзянісам Міхайлавічам крыху пра тое пагаварылі.

Мяркую, сардэчнасць і дабрыня ніколі не будуць лішнімі для юнакоў і дзяўчат, для якіх вялікі свет адсюль пачынаецца: з Вялікіх Круговіч. Ну а сам чалавек, сцвярджаюць мудрыя, пачынаецца з сэрца. З таямніцы, якую ўнутры сябе маем, якая кожнага з нас ажыўляе, адухаўляе.

Сустракае нас пры ўвахо­дзе на тэрыторыю школы сам дырэктар. Загартаваны: выйшаў без курткі, а на календары — 2 лютага, “польскія” Грамніцы, як у народзе кажуць. У дырэктара вялікі “школьны значок” на лацкане пінжака — такія ж пазней бачыў я і ў вучняў, педагогаў. Моцны поціск рукі, уважлівы позірк. Кажу: прывёз вам, Аляксандр Арсенавіч, прывітанне ад Анатоля Трафімчыка з Мінска. Святлее твар. У яго, казалі мне, цяжкая пара ў жыцці: летась не стала бацькі, даглядае цяжка хворую матулю, таксама былую настаўніцу: Ірына Сцяпанаўна Занька 40 гадоў адпрацавала ў школе. Арсенавіч згадвае, што размаўлялі мы з ім па тэлефоне, калі рыхтаваўся тэкст у газету “Голас Радзімы”: выйшаў пад загалоўкам “З Вялікіх Круговіч — у вялікі свет”. У падзагалоўку і прычына, чаму я да іх прыехаў, а ён такі: “Роднай сваёй школе прысвяціў манаграфію мінскі навуковец Анатоль Трафімчык, які родам з Ганцавіцкага раёна. “Першы сшытак” гісторыі Круговіцкай школы пабачыў свет у знакавым маскоўскім выдавецтве “Наука”, і задумана кніга шматтомнаю. Такое даследаванне — унікальнае для Беларусі”. Каму цікава — пачытайце ў інтэрнэце. А кніжку летапісную дырэктар мне падарыў! Пагартаю — напішу пра яе. І будзем чакаць працяг: работа ідзе, як сказаў Анатоль Трафімчык.

Некаторыя дэталі школьнага жыцця

Крыху пазней намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці  Алена Паўлаўна Муха — правая рука дырэктара, як ён прадставіў яе, — напісала мне па электроннай пошце ўдзяч­насць “за прыемную доўгачаканую сустрэчу”. І як, доўга чакаючы анансаванага з райаддзела па адукацыі гос­ця, у школе “прыдумалі больш за 100 варыянтаў, чаго вы да нас едзе­це”. Прабачце, землякі! Жыццё, ка­жуць, багацейшае за нашы ўяўленні пра яго — так атрымалася і ў мяне гэтым разам. І не выпіць гарбаткі з дарогі, з цікавай размовай на дыктафон, у кабінеце Надзеі Уладзіміраўны — было б не па-людску. Пра тое раскажу іншым разам, тэкст у рабоце. Дарэчы, адна дэталь: атрымаўшы фірменныя сувеніры ад кіраўніц­тва ВД “Педагагічная прэ­са”, у тым ліку і вялізны, можа, з кілаграм, пернік “Настаўніцкі”, спадарыня ўзрадавался: “Во які цуд! Вялікі дзякуй! Аддам у музей!” Бачыце: не пра сябе чалавек думае ў першую чаргу — пра справу! “Ну што вы, пернік смачны, а там засохне ўшчэнт — лепш з калегамі чаю папіце”. Потым яна ўдакладніла, што клапоціцца пра створаны, пачаты ёю ў пару дырэктарства ў 3-й школе райцэнтра музей сістэмы адукацыі Ганцавіцкага раёна, які паспяхова працуе.

Паказалі мне ў школе на ўваходзе стэнд, прысвечаны ветэранам-педагогам, і яшчэ — са здымкамі выпускнікоў школы, якімі яна ганарыцца. У актавай зале якраз ішла рэпетыцыя да чарговай сустрэчы выпускнікоў — і туды мы завіталі. Таленавітыя дзеці, прыгожыя твары.

“А гэта наш Дзмітрый Турко — вельмі таленавіты ў тэхніцы: што хочаш парамантуе. Кажа, будзе на электрыка паступаць”, — падказвала мне ціхенька Алена Паў­лаўна.

Соф’я Пісарык, адна з вядучых сустрэчы, мае свой талент: 1-е месца заняла ў адным з раённых конкурсаў вядучых. А Мацвей Валодзька годна засвяціўся 4 лютага ў інтэлектуальным тэлепраекце “Я ведаю!” канала “Беларусь 1”. Ён у фінале шостага сезона! Пра тое паведамілі днямі на школьным сайце http://krugovichi.gancevichi.edu.by/ — вельмі змяс­тоўным, насычаным аператыўнай інфармацыяй, да таго ж там ёсць відэаэкскурсія па школе.

Зрабілі рэальную, не вір­туальную экскурсію і для мяне. Гэтакі тэст на прафпрыгод­насць. Заво­дзілі ў класы, на заняткі, знаёміцца з вучнямі (якіх у школе ўсяго 53) ды настаўнікамі. Заадно з паляшуцкай хітрынкай паглядвалі: што за птушка ў Вялікія Круговічы заляцела? З вучнямі 10 класа і настаўніцай Таццянай Паўлаўнай Дунчык (родная сястра намесніка дырэктара) паразважалі пра сямейныя каштоўнасці, галоўныя цяжкасці ў жыцці сямейным. З цяжкасцей называлі старшакласнікі, сярод якіх і хлопцы, дзяўчаты з мнагадзетных сем’яў, фінансавыя, побытавыя, з выхаваннем дзяцей. Сціплыя, сарамлівыя — згадаў і я вясковае дзяцінства. Выказаў меркаванне, што найцяжэй бывае ў сям’і, асаб­ліва мнагадзетнай, знайсці згоду, паразуменне, навучыцца дапамагаць адно другому, штодзень радавацца жыццю, а не крыўдаваць на выклікі свету. Згадаў прыпавесць пра добрага самараніна, якую настаўніца, як адыходзілі, абяцала вучням расказаць ды з імі абмеркаваць. А сярод вучняў быў Аляксандр Заяц, які з бацькамі пераехаў на зямлю продкаў з Кіеўскай вобласці. Казаў, сам пераканаўся, наколькі гасцінна сустракалі бежанцаў беларусы. Напэўна, і ў школьным калектыве хлопца прынялі па-свойску.

Яшчэ мяне павялі ў 9-ы, “валейбольны” клас, амаль палова вучняў якога паспяхова гуляе ў школьнай камандзе — пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры і здароўя Уладзіміра Сямёнавіча Сту­дзента. Каб сфатаграфавацца разам з настаўніцай хіміі і біялогіі Настассяй Фёдараўнай Бруцкай (малады спецыяліст, рыхтую асобны тэкст пра яе), перайшлі ў яе кабінет.

“Можа, нешта ў рукі ўзяць?..” — пад­казала настаўніца сюжэт і, не чакаючы адказу, выняла з шафы муляж сэрца.

“Як лічыце: душа ў чалавека дзе?” — спрабую ўступіць у размову з юнымі палешукамі.

“О, часам і ў пятках бывае!..” — ахвотна падказвае з праёма дзвярэй Алена Паўлаўна.

Так і атрымаўся здымак — з сэрцам — на ўспамін. Сімвалічны. Мяркую, сардэчнасць і дабрыня ніколі не будуць лішнімі для юнакоў і дзяўчат, для якіх вялікі свет адсюль пачынаецца: з Вялікіх Круговіч. Ну а сам чалавек, сцвярджаюць мудрыя, пачынаецца з сэрца. З таямніцы, якую ўнутры сябе маем, якая кожнага з нас ажыўляе, адухаўляе.

А сардэчнасць сустрэч у Круговіцкай сярэдняй школе і пасля развітання помніцца.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара