Для распрацоўкі стратэгіі развіцця адукацыйнай арганізацыі і эфектыўнай яе дзейнасці патрэбен сучасны кіраўнік, прадбачлівы лідар, здольны хутка рэагаваць на змяненні. Кампетэнцыі лідара ў адукацыі абмяркоўвалі на канферэнцыі “Лідарства і кіраванне ў адукацыі”, якая была арганізавана камандай праграмы “Настаўнік для Беларусі” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, ААТ “Ашчад Банк”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Да ўдзелу былі запрошаны кіраўнікі абласных інстытутаў развіцця адукацыі, начальнікі ўпраўленняў па адукацыі райвыканкамаў, кіраўнікі школ, прадстаўнікі мясцовага адукацыйнага фонду “Новая школа” (заснавальнік ААТ “Ашчад Банк”). Спікерамі былі эксперты як з Беларусі, так і з Расіі і Арменіі. Канферэнцыя праходзіла ў анлайн- і афлайн-фармаце.
Як правіла, лідарскія якасці закладваюцца ў школе. І каб іх развіваць, трэба ўвесь час вучыцца, прычым пажадана сістэматычна засвойваць новыя веды. Сучасныя кіраўнікі, менеджары ўвесь час вымушаны падтрымліваць сваю эфектыўнасць, таму авалоданне лідарскімі кампетэнцыямі са школьнай парты павысіла б матывацыю будучага кіраўніка.
“Школьнікі павінны праходзіць праз сістэму абнаўлення ведаў, ім неабходна атрымліваць прынцыпова новыя веды, каб як мага даўжэй заставацца канкурэнтназдольнымі”, — адзначыў намеснік старшыні праўлення ААТ “Ашчад Банк” Андрэй Вушаў.
Ён пералічыў запыты бізнесу для адукацыі. Сярод іх — новыя веды, якія дапамогуць зрабіць пэўныя адкрыцці, і ўсвядомленае іх засваенне, уменне вырашаць праблемы (здольнасць іх выяўляць, шукаць і знаходзіць рашэнне), наяўнасць матывацыі, якая насамрэч з’яўляецца асноваўтваральнай у любой справе, бо стымулюе здольнасць да самаадукацыі. Кожны працэс павінен мець вынік, таму школьнікі павінны заўсёды імкнуцца яго атрымаць.
Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, каменціруючы запыты бізнесу, заўважыў, што ў краіне ў школах, універсітэтах рэалізуецца Дзяржаўная праграма па функцыянальнай дасведчанасці, якая якраз і прадугледжвае адказ на пытанне “Для чаго мы вучымся?”. “Практыкаарыентаванасць навучання сёння вельмі актуальная. Як і падрыхтоўка педагагічных кадраў, здольных вучыць новым ведам. У сувязі з гэтым Міністэрства адукацыі імкнецца своечасова адказваць на запыты эканомікі, бізнесу і грамадства”, — заўважыў Аляксандр Уладзіміравіч. — А такія мерапрыемствы, як гэтая канферэнцыя, дапамогуць нам зрабіць падрыхтоўку лідарскіх кадраў яшчэ больш стройнай і эфектыўнай”.
Пра магчымасці развіцця лідарскіх кампетэнцый у педагагічнай грамадскасці і лідарства ва ўмовах змяненняў гаварылі начальнік каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ імя Максіма Танка Інеса Зубрыліна і старшыня праўлення мясцовага адукацыйнага фонду “Новая школа” Вера Каралёва.
“Гаворачы пра лідарства ў педагагічнай прафесійнай сферы, важна ўлічваць і тую акалічнасць, што ў цяперашні час сфарміраваўся новы кантэкст чаканняў з нагоды дзейнасці лідараў менавіта ў адукацыі: ад педагога патрабуецца не проста высокі ўзровень прафесійна-асобаснага развіцця, але і здольнасць генерыраваць ідэі, падыходы, ствараць новыя тэхналогіі, уменне актуалізаваць унутраны патэнцыял сваіх паслядоўнікаў, ініцыіраваць іх самаразвіццё”, — заўважыла Інеса Зубрыліна.
І прапанавала чатыры напрамкі развіцця лідарства. Гарызантальнае лідарства — шлях ад пачынаючага педагога да настаўніка-метадыста (педагога-майстра), які развівае ў першую чаргу педагагічныя, андрагагічныя, метадычныя, праекціровачныя кампетэнцыі, прафесіянала, гатовага і здольнага павесці за сабой, навучыць, вызначыць перспектывы развіцця і прадэманстраваць эфектыўныя спосабы і сродкі.
Вертыкальнае лідарства — шлях ад радавога педагога да кіраўніка-лідара, які валодае сістэмным бачаннем, умее ўбачыць прафесійна значныя і суб’ектыўна-асабістыя лідарскія якасці і патэнцыял калег, а ўбачыўшы — даць магчымасці для іх развіцця.
“За гарызантальным і вертыкальным лідарствам стаіць яшчэ адзін аспект лідарства — стратэгія самаадукацыі і самаразвіцця педагога. У гэтым кантэксце нельга не згадаць патэнцыял канцэпцыі самавызначальнага навучання — хьютагогікі, або эўтагогікі, сутнасць якой гучыць даволі проста: цэнтральнае месца ў працэсе навучання займае навучэнец, які сам вызначае, чаму, калі і як вучыцца, зыходзячы са сваіх інтарэсаў і патрэб. Як правіла, працэсы развіцця гэтых відаў лідарства ажыццяўляюцца адначасова і ў выніку прыводзяць да лідарства адукацыйных арганізацый на рынку адукацыйных паслуг”, — патлумачыла Інеса Уладзіміраўна.
Калегі з Арменіі і Расіі гаварылі пра кампетэнцыі сучаснага лідара, здольнага працаваць як ва ўмовах поспеху, так і ў крызісныя часы. Усе сышліся ў тым, што пры любых умовах важна мець моцную каманду, быць здольным хутка мяняцца, не баяцца перамен, умець дэлегаваць свае паўнамоцтвы (замацаваць размеркаванае лідарства). Вялікае значэнне мае камунікацыя (абмеркаванне з калегамі новых мэт, агульных планаў і перспектыў), уласны і калектыўны псіхалагічны дабрабыт. Яшчэ адзін складнік кіраўнічага поспеху — выкарыстанне інструментаў стратэгічнага аналізу, пра які расказалі дырэктары школ Алена Ананчыкава (сярэдняя школа № 13 імя В.В.Гузава Жлобіна) і Ігар Якіменка (сярэдняя школа № 34 Магілёва).
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Вадзіма НОВІКАВА