Восем студэнтаў Сіяньскага ўніверсітэта замежных моў з Кітайскай Народнай Рэспублікі прыехалі ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт для вывучэння беларускай гісторыі, культуры, літаратуры, а галоўнае — мовы.
— МДЛУ актыўна працуе ў напрамку прасоўвання беларускай мовы і культуры ў КНР, — расказвае Марыя Воінава-Страха, загадчыца кафедры беларускай мовы і літаратуры. — Пры актыўнай падтрымцы МДЛУ створаны, аснашчаны і паспяхова функцыянуюць цэнтры вывучэння культуры Беларусі ў 6 універсітэтах Кітая. Таксама на працягу многіх гадоў рэалізуецца шэраг значных сумесных праектаў.
— Праводзіцца вялікая колькасць мерапрыемстваў для папулярызацыі беларускай мовы, удзельнічаць у якіх можа кожны студэнт, — заўважае Аксана Семянкевiч, дацэнт кафедры беларускай мовы і літаратуры. — Стала традыцыяй анлайн-віктарына, прымеркаваная да Дня роднай мовы. А адно з асноўных мерапрыемстваў — знакаміты конкурс чытачоў, дзе студэнты не толькі дэкламуюць вершы беларускіх аўтараў, але і прадстаўляюць уласныя пераклады на родную мову замежных паэтаў. Студэнты з Кітая больш за ўсіх чакаюць гэтае мерапрыемства. Яны любяць спяваць на беларускай мове, і хоць не заўсёды ў іх атрымліваецца ўлавіць усе націскі, такія выступленні становяцца сапраўдным святам. Да таго ж мы выдаём зборнік студэнцкай творчасці “ZАМОВА: паэзія, проза, драматургія, пераклады”.
Ва ўніверсітэце імкнуцца стварыць максімальна яскравае і запамінальнае беларускамоўнае асяроддзе для студэнтаў-кітайцаў. Батлейка заходзіць на ўра, падабаецца ўсім без выключэння! Летась хадзілі ў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Нацыянальны мастацкі музей, музей М.Багдановіча, наведалі родныя мясціны Якуба Коласа. Правялі “ўрокі” ў ЦУМе і “Лідо” — у студэнтаў была тэма “Пакупкі і кухня Беларусі”. На першай лакацыі яны размаўлялі з кансультантамі і з прадаўцамі на касе, трэніравалі новую лексіку непасрэдна на справе. А ўжо ў рэстаране спрабавалі розныя стравы, апісвалі смак, вывучалі этыкет. Сёлета хадзілі ў Беларускі дзяржаўны цырк на беларускамоўную праграму. Усё гэта робіцца для таго, каб замежныя студэнты больш чулі беларускую мову па-за сценамі аўдыторыі.
Адна з галоўных распрацовак універсітэта — падручнік па беларускай мове для вышэйшых навучальных устаноў Кітайскай Народнай Рэспублікі. Гэта падручнік элементарнага ўзроўню, які складаецца з дзвюх частак: фанетычнай і асноўнай.
— Мяне завуць Гао Юйкунь, але, калі я пачаў вучыць беларускую мову, мне далі беларускі эквівалент імя, і таму зараз я Янка, — расказвае студэнт Янка, які лепш за ўсіх размаўляе па-беларуску і ў будучыні збіраецца выкладаць мову ў сябе на радзіме. — Гэта не я выбраў гэты кірунак, а кірунак выбраў мяне.
Тры гады назад я падумаць не мог, што апынуся ў Беларусі, змагу гаварыць, пісаць і чытаць на зусім новай для мяне мове і што ўсё гэта мне будзе падабацца! Калі я паступаў у Сіяньскі ўніверсітэт замежных моў, то спачатку вывучаў японскую мову, але праз год зразумеў, што яна вельмі падобная да кітайскай. А вось беларуская мова зусім іншая, усё ў ёй для мяне новае: граматыка, фанетыка, правапіс.
У Сіяньскім універсітэце мы вывучалі шмат прадметаў — сучасную беларускую мову, культуру і гісторыю Беларусі, этыкет, краязнаўства. Зараз у МДЛУ таксама шмат чаго вывучаем, ёсць і незвычайныя для нас лекцыі, напрыклад, “Культура Кітая”. Я думаю, гэта дзіўна, таму што мы кітайцы, але і цікава: мы вывучаем, як беларусы бачаць Кітай і нашу культуру.
Больш за ўсё мне падабаецца беларуская паэзія. Я не надта добра яе разумею, але мова гучыць так прыгожа, меладычна! У будучыні, думаю, буду рабіць пераклады раманаў і апавяданняў, але пакуль не ведаю, як перакладаць вершы…
Ужо зараз магу сказаць, што я ўлюбёны ў беларускую мову!
Ганна КЕРШЫС,
студэнтка 3-га курса МДЛУ