Наш зямляк з Масквы — пісьменнік, сацыёлаг, выкладчык МДІМА, дырэктар расійскага Інстытута сацыяльнай памяці — каардынуе міжнародную эстафету памяці і ўдзячнасці “Радзіма подзвігу — Радзіме героя”. Да масавага патрыятычнага руху далучаюцца штогод і беларускія школьнікі, педагогі, студэнты. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Магчыма, некаму з чытачоў яго прозвішча здасца знаёмым. І сапраўды: у вядомай серыі ЖВЛ, якую прадаўжае не менш вядомае расійскае выдавецтва “Молодая гвардия”, выйшла і час ад часу паспяхова перавыдаецца кніга пра знакамітага канструктара зброі “Калашнікаў”. Аўтар кнігі — гэта ён, палкоўнік запасу Аляксандр Ужанаў. Прычым у анатацыі да выдання гаворыцца, што біяграфічнае даследаванне грунтуецца як на дакументальных матэрыялах, так і на ўласных уражаннях аўтара, які блізка быў знаёмы з героем кнігі па сумеснай рабоце ў кампаніі “Рособоронэкспорт”, неаднаразова бываў разам з ім у паездках па краіне і ў замежжы. Да таго ж, паведаміў мне днямі Аляксандр Яўгенавіч, і легендарны Міхаіл Калашнікаў, і ўдзельнік гераічных абарончых баёў 1941 года на Буйніцкім полі пад Магілёвам генерал арміі (а таксама экс-намеснік начальніка Генштаба Узброеных Сіл СССР) Махмут Гарэеў падтрымалі ў свой час яго ініцыятыву аб правядзенні Міжнароднай эстафеты памяці і ўдзячнасці: “Пачынаўся патрыятычны рух у 2011 годзе, і вось такія легендарныя людзі маю ініцыятыву — як дырэктара Інстытута сацыяльнай памяці Акадэміі ваенных навук Расіі — падтрымалі. Дарэчы, і Міхаіл Цімафеевіч, і Махмут Ахметавіч, якіх ужо няма на гэтым свеце, велізарную сімпатыю мелі да роднай нашай Беларусі”.
Помніцца, і Аляксандр Дарковіч — Герой Расіі, палкоўнік, у мінулым камандзір асобнай брыгады марской пяхоты Балтыйскага флоту — згадваў у гутарцы са мной, што далучаны да патрыятычнай справы “Радзіма подзвігу — Радзіме героя” некаторыя з актывістаў Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусаў Расіі. Сам герой, дарэчы, родам з Палесся: з Давыд-Гарадка. У інтэрнэце ёсць той грунтоўны тэкст — пад загалоўкам “Аляксандр Дарковіч: “Важна правільна выбіраць арыенціры”. На пытанне, чым займаецца ФНКА Беларусаў Расіі, Аляксандр Васілевіч адказаў, што галоўная мэта дзейнасці суайчыннікаў — зрабіць так, каб, жывучы ў Расіі, беларусы не страчвалі сувязі з гістарычнай радзімай, адчувалі сваю самабытнасць. На той час Аляксандр Дарковіч адказваў у кіраўніцтве ФНКА за патрыятычнае выхаванне, згадаў каштоўны вопыт Аляксандра Ужанава, сябра з рады ФНКА, які вядзе праект “Радзіма подзвігу — Радзіме героя”. Патлумачыў: “Сутнасць праекта ў тым, што мы яшчэ раз прыцягваем увагу грамадскасці непасрэдна да самога Героя, да яго біяграфіі, актуалізуем яго подзвіг. Аляксандр вядзе велізарную перапіску і шукае сваякоў Героя, імкнецца наведаць месцы здзяйснення подзвігу. Асноўны ж этап праекта — заключэнне дамовы аб супрацоўніцтве паміж населенымі пунктамі Радзімы Героя і месца здзяйснення ім подзвігу. Часта ў выніку такіх намаганняў, камунікацый наладжваецца абмен дэлегацыямі з удзелам у розных сумесных імпрэзах, пашыраецца культурнае ды эканамічнае супрацоўніцтва”.
“Подзвіг іх бессмяротны”… Мы звыкліся з гэтымі высокімі словамі. Яны з часам нават “заціраюцца” крыху, калі часта чуем іх, чытаем, асабліва ў памятныя дні. Да таго ж будзем шчырымі: любыя подзвігі жывыя да таго часу, пакуль пра герояў памятаюць. І за тое, каб сапраўды жылі подзвігі тысяч герояў векапомнай вайны, варта змагацца. У тым ліку і зброяй памяці, якую выбралі дзеля таго Аляксандр Ужанаў і яго паплечнікі ў розных краінах. Дарэчы, сам ён родам з Доўска — Рагачоўскі раён Гомельшчыны, узначальвае ў Маскве Доўскае зямляцтва, у якім 20 чалавек.
Прывядзём яскравы факт, каб паказаць маштаб і велічнасць поля Памяці, на якім працуюць актывісты праекта “Радзіма подзвігу — Радзіме героя” толькі ў Беларусі. Працытуем з інтэрнэту: “Радзіма высока ацаніла масавы гераізм савецкіх воінаў у баях за Беларусь: 1687 чалавек былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза”. І тымі героямі, хто атрымаў званне Героя, ініцыятыва патрыётаў не абмяжоўваецца. У нядаўняй размове з земляком я папрасіў згадаць спалучаныя менавіта з Бацькаўшчынай пабрацімскія сувязі ў плыні Міжнароднай эстафеты памяці і ўдзячнасці.
— У 2012 годзе мы пабраталі горад Крычаў (Магілёўская вобласць) і расійскі Арол — на падставе подзвігу старшага сяржанта-артылерыста Мікалая Сірацініна, — згадаў Аляксандр Яўгенавіч. — Уявіце сабе: у 1941 годзе пад Крычавам 20-гадовы герой родам з Арлоўшчыны стрымаў на некалькі гадзін вялікую калону ворага, ведучы стральбу прамым навядзеннем з артылерыйскай гарматы да апошняга снарада і да смяротнага ранення. Калі ж пра паядынак аднаго байца і вялізнай танкавай армады ворага пасля вайны расказалі жыхары вёскі Сакольнічы, то ім тады не паверылі…
З гордасцю паведаміў зямляк, што ў 2018 годзе сам ён выступіў трэцім бокам у дамове аб пабрацімстве паміж родным яму аграгарадком Доўскам і рабочым пасёлкам Цёплае Тульскай вобласці — на падставе подзвігу Героя Савецкага Саюза маёра Пятра Данілава: “У цэнтры Доўска стаіць помнік гэтаму афіцэру: ён у 1944 годзе ўдзельнічаў у фарсіраванні Дняпра, загінуў смерцю храбрых і пахаваны там у брацкай магіле. І ўсё дзяцінства маё, можна сказаць, звязана з Героем, з помнікам яму. Там я, напрыклад, часта чытаў на ўрачыстых лінейках “Рэквіем” Роберта Раждзественскага. І з тых часоў марыў: як вырасту — абавязкова прывязу ў сваю вёску землякоў Героя. Так што мару сваю я ўвасобіў у жыццё!”
Усяго ж, адзначае Аляксандр Ужанаў, “на платформе гераічных подзвігаў пабраталіся ўжо 40 вёсак і гарадоў, а ў распрацоўцы — 365 паселішчаў з 16 дзяржаў”.
Сутнасць праекта ў тым, што мы яшчэ раз прыцягваем увагу грамадскасці непасрэдна да самога Героя, да яго біяграфіі, актуалізуем яго подзвіг. Аляксандр вядзе велізарную перапіску і шукае сваякоў Героя, імкнецца наведаць месцы здзяйснення подзвігу. Асноўны ж этап праекта — заключэнне дамовы аб супрацоўніцтве паміж населенымі пунктамі Радзімы Героя і месца здзяйснення ім подзвігу.
Надзвычай важна, што высакародная справа знаходзіць водгук у шматлікіх гарадах, вёсках, школах Беларусі.
“Да міжнароднай эстафеты памяці і ўдзячнасці “Радзіма подзвігу — Радзіме героя” многія ў Беларусі далучаюцца, — удакладняе зямляк. — З намі ў кантакце валанцёры з Брэста і Гродна, з Узды, Дзяржынска і Вілейкі (райцэнтры Мінскай вобласці), з Чавус, Быхава, Шклова, Буда-Кашалёва і Хоцімска (гэта Магілёўская вобласць), з Камарына, Лоева і Чачэрска (Гомельшчына), з Полацка, Ушач і Расонаў (Віцебшчына). Нядаўна старшыня Хоцімскага райвыканкама Міхаіл Куксянкоў падпісаў дамову аб пабрацімстве з райцэнтрам Штэфан-Водэ Рэспублікі Малдова. У тых мясцінах малдаўскія пошукавікі знайшлі астанкі малодшага лейтэнанта Фёдара Мікітавіча Сатвароннага. 78 гадоў лічыўся наш зямляк прапаўшым без вестак, і вось з Малдовы ў Хоцімск (а родам афіцэр быў з Хоцімшчыны, з вёскі Прудок) дастаўлены яго астанкі. А ў Буда-Кашалёва вярнулі астанкі Захарыя Пінчукова: на 80 гадоў вайна пахавала іх у адным акопе з казахам Дажэкбаем Култасавым. Абодва яны загінулі ў баях за вядомыя Сінявінскія вышыні пад Ленінградам. І таму мы братаем на падставе іх подзвігаў наш райцэнтр Буда-Кашалёва на Гомельшчыне, казахстанскі Цярэназек (райцэнтр у Кызылардзінскай вобласці) і горад Атраднае, што ў Кіраўскім раёне Ленінградскай вобласці.
І яшчэ раз акцэнтуем увагу: да многіх праектаў Міжнароднай эстафеты памяці і ўдзячнасці “Радзіма подзвігу — Радзіме героя” — і здзейсненых, і тых, што ў распрацоўцы, — далучаны беларускія школьнікі, педагогі, студэнты. Сярод найбольш актыўных у распрацоўцы мадэлей пабрацімстваў называе Аляксандр Яўгенавіч гродзенскую школу № 16, якой летась прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Агадзіла Сухамбаева, шклоўскую гімназію № 1, школу ў Станькаве імя Героя Савецкага Саюза Марата Казея (Дзяржынскі раён Міншчыны). Прычым якраз эстафета дапамагла ўжо дзвюм беларускім школам атрымаць імёны герояў: згаданай у Гродне і школе ў Полацку імя лётчыка Аляксандра Мамкіна. Гэты гвардыі лейтэнант, які мае ў Беларусі славу народнага героя, на біплане Р-5 у вайну перавозіў за лінію фронту выхаванцаў Полацкага дзетдома. На пачатку красавіка 1944 года здзейсніў 9 палётаў з зоны фашысцкай блакады — з партызанскага аэрадрома на возеры Вечалле. Выратаваў 80 дзяцей. У апошнім, “вогненным” рэйсе самалёт пры пералёце цераз лінію фронту абстралялі зеніткі, атакаваў варожы самалёт. Цяжка паранены Аляксандр Мамкін, кіруючы палаючым самалётам, змог прызямліцца “ў сваіх”, прытым усе дзеці ацалелі, а сам герой праз некалькі дзён памёр.
Аляксандр Ужанаў праз “Настаўніцкую газету” дасылае вялікую падзяку ўсім валанцёрам з Беларусі, хто далучыўся да Міжнароднай эстафеты памяці і ўдзячнасці “Радзіма подзвігу — Радзіме героя”. Ён адкрыты для шырокага супрацоўніцтва і спадзяецца, што ў Год міру і стварэння ў Беларусі з’явяцца новыя паселішчы-пабрацімы. У прыватнасці, пачаты “працэс братання” на аснове подзвігу Героя Савецкага Саюза медсястры Зінаіды Тусналобавай-Марчанка райцэнтра Гаршэчнае (Курская вобласць), Екацярынбурга (у савецкі час Свярдлоўска), Ленінска-Кузнецка (Кемераўская вобласць) і Расонаў (Віцебшчына). Выказаў зямляк зацікаўленасць і ў тым, каб ушанаваць у рамках праекта “Радзіма подзвігу — Радзіме героя” памяць пра санінструктара Зінаіду Самсонаву, Героя Савецкага Саюза. Яна, старшы сяржант, загінула ад кулі нямецкага снайпера 27 студзеня 1944 года ў баі пры вызваленні Азарыч, там і пахавана. Для яе аднапалчанкі, паэтэсы Юліі Друнінай, Зінаіда — гэта той самы “светлакосы салдат”. Яна прысвяціла памяці сяброўкі вядомы верш “Зінка”:
“Мы не ждали посмертной славы,
Мы хотели со славой жить.
…Почему же в бинтах кровавых
Светлокосый солдат лежит?”.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота з архіва Аляксандра Ужанава