Друйскія таямніцы: чым славіцца Браслаўшчына

- 11:56Родная земля

Браслаўшчына — гэта не толькі маляўнічыя азёры. Славіцца край і багатай гістарычнай спадчынай. Падрабязнасці — у праекце карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” “Нам засталася спадчына”.

Турысты едуць сюды звычайна летам. Плёскат хваль на фоне вечаровага неба, выдатная рыбалка, пешыя і веласіпедныя прагулкі па ўзгорках па-над азёрамі — ад такога адпачынку адмовіцца складана, асабліва калі ты жывеш у вялікім горадзе і марыш хаця б некалькі дзён правесці сярод чароўнай беларускай прыроды.

Любяць Браслаўшчыну жыхары Мінска, Віцебска, Полацка. Едуць таксама з Гомеля, Брэста. І едуць у пераважнай большасці летам. У меншай ступені — восенню, хаця ў залатую пару года мясцовыя далягляды па-свойму прыгожыя. Яшчэ радзей — ранняй вясной і зусім мала — зімой, напрыклад, у лютым. І дарэмна. Цяпер, калі азёры спяць, закутаўшыся ў белую коўдру з лёду і снегу, добра знаёміцца з помнікамі архітэктуры, іншымі цікавымі аб’ектамі, якіх у гэтым краі не менш, чым азёр.

Царква ў царкве… Чулі пра такое? А можа бачылі арачны мост з пажаўцелым ад моху каменнем, акурат як у фільмах пра сярэднявечча? Бывалі ў Яі? А Барысаў камень спрабавалі абняць? Калі не, тады гасцінная Браслаўшчына чакае вас. І пачаць падарожжа можна з Друі.

У 1128 годзе ў Полацкім княстве лютаваў голад, выкліканы неўраджаем. Магчыма, у гэты час князь Барыс і загадаў высечы на валунах крыжы і надпісы. Таксама гісторыкі лічаць, што Барысавы камяні абазначалі межы княства.

Асабіста я ў гэтым былым мястэчку зрабіў некалькі цікавых адкрыццяў. Напрыклад, у музеі Друйскай сярэдняй школы ўпершыню ўбачыў незвычайныя, амаль стагадовыя здымкі з выявай беларускай паводкі. Здаецца, нічога асаблівага. Беларускую паводку здымалі розныя фатографы ў розныя часы. Але справа ў тым, што звычайна фатаграфуюць затопленыя вадой палескія вёскі. А тут Віцебшчына, і сярод сапраўднага мора — местачковыя брукаванкі, касцёлы, цэрквы. Унікальнасць здымкаў яшчэ і ў тым, што Друя знахо­дзіцца на высокім беразе Заходняй Дзвіны. Гэта ж колькі было вады, што яна паднялася на такую вышыню і пачала сваво­ліць на вуліцах! Дарэчы, маштаб паводкі 1931 года можна вызначыць не толькі па старых фотаздымках, але і па палосах зеленавата-шэрага колеру, якія праступілі на сценах Дабравешчанскай царквы пасля таго, як вада сышла.

Сабраў гэтыя ўнікальныя фотаздымкі і размясціў у школьным музеі настаўнік працоўнага навучання Міхаіл Тадэвушавіч Ставіцкі. І размясціў не на стэндах, як звычайна робіцца пры афармленні экспазіцыі, а над стэндамі, прычым раздрукаваў фотаздымкі ў вялікім памеры. Ствараецца ўражанне, што падчас экскурсіі ты стаіш не ў музейным пакоі, а на брукаваных вуліцах Друі 30-х гадоў. Можна завочна адправіцца і ў ранейшыя часы, напрыклад, у XVII стагоддзе, калі Друя атрымала Магдэбургскае права. Для гэтага варта падысці да арыгінальнага макета-панарамы.

Стварыў макет таксама Міхаіл Тадэвушавіч. Яму актыўна дапамагалі вучні, калегі. Нао­гул, усё, што можна ўбачыць у музеі, — вынік працы педагогаў і навучэнцаў некалькіх пакаленняў. Прычым не толькі школы, але і былога вучылішча меліяратараў, у будынку якога цяпер і размяшчаецца Друйская сярэдняя школа.

Першапачаткова музеем займаліся выкладчыкі вучылішча. Дзякуючы такім педагогам, як Якаў Яўгенавіч Шостак (франтавік, заслужаны настаўнік СССР), вёўся збор матэрыялаў пра 29-ю стралковую Полацкую дывізію. Пасля таго як у 1992 годзе да нас пры­ехаў Міхаіл Тадэвушавіч Ставіцкі, музейная справа выйшла на новы ўзровень. Разам з жонкай, таксама мастаком па адукацыі, яны стварылі новую канцэпцыю музейнага пакоя. Афіцыйна экспазіцыя была адкрыта ў 2003 годзе ў старым будынку школы. Міхаіл Тадэвушавіч 17 гадоў загадваў музеем. Многае з таго, што вы тут бачыце, зной­дзена дзякуючы яго намаганням. Потым экспазіцыя была перанесена ў гэты будынак і папоўнілася экспанатамі музея баявой славы, які знаходзіўся ў вучылішчы. Сучасны выгляд музей набыў дзякуючы працы былой настаўніцы Таццяны Трафімаўны Лінкевіч, якая разам з членамі гуртка “Музейная справа” па-новаму аформіла экспазіцыю, займалася навукова-даследчай працай, вынікамі якой сталі шматлікія ўзна­гароды, — расказвае сённяшні кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея Алена Яўгенаўна Грык’ян.

Ёсць легенда, што ад Троіцкага касцёла да вострава на Заходняй Дзвіне вядзе падземны ход. Настаўнікі гэтую легенду аправяргаюць і ў якасці аргумента прыводзяць складаны рэльеф мясцовасці. А вось да былога палаца Сапегаў, па словах краязнаўцаў, ход, сапраўды, існуе.

Вернемся да макета. Напрык­лад, на “ўзвядзенне” кардоннага Троіцкага касцёла Міхаілу Тадэвушавічу спатрэбілася 14 гадзін. Прыкладна столькі ж часу пайшло і на “будаўніцтва” Дабраве­шчанскай царквы, храма Пятра і Паўла, комплексу будынкаў бернардзінскага манастыра, сінагогі. Усяго макет ствараўся на працягу 2 месяцаў. Хоць за аснову макета ўзяты план Друі XVII стагоддзя, аднак на ім размешчаны будынкі розных гістарычных эпох. Макет яшчэ не завершаны. Нешта дабудоўваецца, рэканструіруецца, таксама плануецца зрабіць падсветку кожнага архітэктурнага аб’екта.

Акрамя будын­каў, тут можна ўба­чыць драўляны чы­­гуначны мост, пабудаваны падчас Першай сусветнай вайны для перавозкі боепрыпасаў на супрацьлеглы бераг Заходняй Дзвіны. Гісторыя моста была нядоўгай, падчас баёў яго знішчылі, але засталіся палі. Іх можна ўба­чыць у засушлівае лета, калі вада ў рацэ спадае. Што тычыцца самой вузка­калейкі, то яна працавала нават у савецкія часы. Захаваўся будынак былога дэпо, каля якога Міхаіл Тадэвушавіч разам з таварышам паставілі імправізаваны помнік: арыгінальныя рэйкі і колы 1909 года, шыльду і нават станцыйны звон. Таксама ў планах размяс­ціць на беразе Заходняй Дзвіны памятны знак “Партовы горад Друя” ў выглядзе каменя з якарам.

Для папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу Друі мясцовымі настаўнікамі зроблена многае. Ра­зам з адкрыццём помнікаў і памятных шыльд распрацоўваюцца адукацыйныя маршруты (напрыклад, “Берагам Заходняй Дзвіны. Таямніцы вуліц Друі”, “Друя — горад старажытных святынь. Архітэктурная спадчына”), праводзяцца экскурсіі. Акрамя Міхаіла Тадэвушавіча, знаёміць вучняў і гасцей Друі з яго багатым мінулым і настаўніца гісторыі Галіна Іванаўна Жук.

— Друя размешчана на беразе Дзвіны пры ўпадзенні ў яе ракі Друйкі. Існуе шмат версій наконт паходжання назвы паселі­шча. Большасць звязаны з ракой. У літаратуры пачатку ХХ стагоддзя сустракаюцца паралелі паміж назвай Друя і словам “драць” (нібыта праз стромкае цячэнне ракі і па падводных камянях у гэтым месцы абдзіраліся лодкі, плыты). Яшчэ адно меркаванне звязана са словам “другая”. Так маглі назваць паселішча, перанесенае ў іншае месца, — паведаміла настаўніца.

Міхаіл Тадэвушавіч прапанаваў працягнуць экскурсію на вуліцах Друі і ўбачыць яе асноўныя архітэктурныя аб’екты не толькі ў музеі на фотаздымках і макеце, а і ў жывую. Пакуль мы накіроўваліся ад будынка школы да цэнтральнай плошчы, настаўнік расказваў пра адметнасці мясцовых храмаў. Наш шлях пралягаў уздоўж Троіцкага касцёла, напаўразбуранай царквы Пятра і Паўла і Дабраве­шчанскага храма, у якіх цяпер вядуцца аднаўленчыя работы, каля будынка былой сінагогі.

Па словах настаўніка, Друя, якая ўпершыню ўзгадваецца ў хроніцы Мацея Стрыйкоўскага пад 1386 годам, заўсёды славілася прыгожымі цэрквамі, касцёламі. На жаль, да нашых дзён з амаль двух дзясяткаў дайшлі адзінкі.

Сярод іх і вось гэты прыгожы белы храм, які нібыта ле­бедзь узвышаецца над мясцовымі ўзгор­камі, — паведаміў настаўнік, калі падыходзілі да Троіцкага касцёла. — Гэта самы стары будынак у Браслаўскім раёне. Ён узводзіўся ў 1643—1646 гадах на сродкі тагачаснага ўладальніка Друі падканцлера ВКЛ Казіміра Льва Сапегі. Як бачыце, галоўны фасад упрыгожвае высокая, масіўная чатырох’ярусная вежа-званіца, якую завяршае купал пластычнага сілуэта, дабудаваны ў 1772 го­дзе ў стылі позняга барока. Пышнасцю, багаццем форм вылучаецца і барочны інтэр’ер храма. У стылі барока ўзведзена і былая ўніяцкая царква святых Пятра і Паўла. Цяпер яна абкла­дзена лясамі, на рэканструкцыі.

Не менш урачыста і ўзнёсла, чым Троіцкі касцёл, выглядае Даб­равешчанская царква. Гэта тая самая царква ў царкве, пра якую гаварылася вышэй. Справа ў тым, што сцены старога храма моцна пацярпелі падчас розных ліхалеццяў, няма і даху. Каб право­дзіць богаслужэнні, сярод гэтых сцен быў узве­дзены новы храм. Дарэчы, разны іканастас храма зрабіў Міхаіл Тадэвушавіч, а пятнаццаць абразоў напісала яго жонка. А некалькі абразоў, напісаных Міхаілам Тадэвушавічам, захоўваюцца ў Троіцкім касцёле. Вось такі яскравы прыклад мірнага суіснавання розных канфесій на беларускіх землях. Як выглядае храм у храме, можаце ўба­чыць на фотаздымку. Наогул, яго гісторыя пачынаецца ў XVI стагоддзі. А сучасны выгляд званіцы — гэта ўжо ХІХ стагоддзе.

За цікавым аповедам пра асаб­лівасці друйскіх храмаў час нашай прагулкі ад школы да цэнтральнай плошчы праляцеў вельмі хутка. Знакаміты Барысаў камень з’явіўся неяк раптоўна, неспадзявана. Дакладней, гэта некалькі асобных валуноў, якія калісьці былі часткай аднаго вялікага. На ім полацкі князь Барыс і загадаў выбіць словы “іс хс ника ги помози рабу (св)оему”, а таксама выяву шасціканцовага крыжа. Існуе некалькі версій адносна з’яўлення такога надпісу. Кожная з іх мае права на існаванне. Сам жа валун моўчкі захоўвае сваю таямніцу.

 

Шмат таямніц мінулага ведаюць і друйскія настаўнікі. Азнаёміцца з гэтымі таямніцамі можна падчас асабістай сустрэчы з педагогамі або, напрыклад, наведаўшы групу “Друя і друяне” ў сацыяльных сетках, адміністратарам якой з’яўляецца наш сённяшні экскурсавод — краязнавец, мастак, музейшчык, але ў першую чаргу патрыёт роднай Браслаўшчыны. Такі ж шчыры, як і яго калегі-настаўнікі.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара