Нядаўна сталі вядомы вынікі рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену. Што думаюць аб пройдзеным іспыце навучэнцы і іх педагогі? Як плануюць скарэкціраваць сваю работу па падрыхтоўцы да галоўных выпрабаванняў у маі? Спытала карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Наталля Пятроўна ЛЯПЛЕНКА, настаўніца матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці:
— Выкладаю матэматыку ў 11 класе на базавым узроўні, у мінулым годзе выкладала на павышаным. Таму ёсць магчымасць рэальна параўнаць і магчымасці падрыхтоўкі, і якасць ведаў вучняў.
Матэматыку на рэпетыцыйным цэнтралізаваным экзамене на базе Барысаўскага дзяржаўнага каледжа здавалі 6 навучэнцаў з базавай групы. Найвышэйшы бал — 80, самы нізкі — 58. Разыходжанне паміж вынікамі ЦЭ і вынікамі другой чвэрці склала +0,5. Як бачым, кожны з маіх навучэнцаў атрымаў адзнаку, якая аб’ектыўна адлюстроўвае ўзровень ведаў. Больш за тое, набраць 77 балаў на запаветную дзясятку — не тое што магчыма, а рэальна.
Узаемадзейнічаючы з навучэнцамі да моманту атрымання вынікаў, разумела, што прапанаваныя на ЦЭ заданні пад’ёмныя і поўнасцю адпавядаюць праграме базавага ўзроўню па вучэбным прадмеце. Наша гімназія з’яўляецца пунктам правядзення рэпетыцыйнага тэсціравання, і ў нас ёсць унікальная магчымасць параўнаць вынікі двух этапаў РТ і рэпетыцыйнага ЦЭ. Хачу сказаць, што навучэнцы псіхалагічна настроены, ім зразумела спецыфіка заданняў, яны валодаюць навыкамі запаўнення бланкаў, а павелічэнне часу садзейнічала больш дакладнаму разбору заданняў. Ні адзін з навучэнцаў не сказаў, што часу на выкананне не хапае.
Лічу, што механізм праверкі ведаў у форме ЦЭ поўнасцю апраўданы. Па-першае, гэта аб’ектыўная адзнака без удзелу ў ацэньванні непасрэдна настаўніка, які выкладае прадмет, значыць, і праяўляць навучэнцам сябе неабходна максімальна для пацвярджэння ведаў па прадмеце. Па-другое, на мой погляд, гэта магчымасць больш мэтанакіравана рыхтавацца да найбольш складанага для паступлення прадмета, бо ключавая роля — гэта ўсвядомлены выбар прадмета. З 23 навучэнцаў з 11 класа матэматыку выбралі 12. Сістэма ЦТ для мяне як педагога заўсёды апраўдана. Дакладнасць, лаканічнасць, змястоўнасць і аб’ектыўнасць — гэта далёка не ўсе складнікі гэтага фармату. А правядзенне рэпетыцыйнага ЦЭ толькі пацвердзіла: сельскія дзеці сталі канкурэнтаздольнымі. І для мяне як настаўніка гэта вынік.
У нас у гімназіі адпрацавана сістэма работы па падрыхтоўцы навучэнцаў да паступлення: праводзяцца факультатыўныя заняткі і рэалізуюцца платныя адукацыйныя паслугі. Такім чынам, два разы на тыдзень мы з вучнямі дадаткова займаемся. У найбліжэйшыя два месяцы на занятках удзялю больш увагі (як гэта ні дзіўна) адпрацоўцы больш простых рэчаў: усемагчымых азначэнняў, формул і інш. Напрыклад, як знайсці найбольшы агульны дзельнік, найменшае агульнае кратнае, n-ы член арыфметычнай, геаметрычнай прагрэсіі. Практыка паказвае, што ў больш складаных рэчах вучні робяць менш памылак. Звярну павышаную ўвагу на рашэнне тэстаў.
Ульяна ГУРСКАЯ, навучэнка 11 класа Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна:
— Пачынаючы з 9 класа мэтанакіравана рыхтуюся да паступлення на эканамічную спецыяльнасць. Магчыма, выберу БДЭУ альбо БДУ. Мне патрэбны руская, англійская мовы і матэматыка.
Па рускай мове я прымаю актыўны ўдзел у алімпіядным руху. Летась у мяне быў дыплом ІІІ ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды і дыплом ІІ ступені Алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і культурная еднасць”, якая праходзіла ў Пяцігорску. Зараз, дарэчы, таксама рыхтуюся да чацвёртага этапу рэспубліканскай алімпіяды.
Для здачы на рэпетыцыйным ЦЭ выбрала матэматыку. Па ўзроўні складанасці прапанаваныя заданні былі дастаткова пад’ёмнымі. Адзінае, над чым трэба папрацаваць, — гэта ўважлівасць, бо яна заўсёды адыгрывае важную ролю. Арганізацыя гэтага іспыту была здавальняючай. На маю думку, вельмі добра, калі ў дзяцей ёсць такая магчымасць — праверыць свае веды не толькі на РТ, але і падчас рэпетыцыйнага ЦЭ. Я атрымала дзясятку (80 балаў). Не скажу, што не задаволена, аднак ёсць да чаго імкнуцца. Адчуваю, што магла б і лепш.
Мне падалося, што РЦЭ быў крыху больш складаны за РЦ. Былі заданні, якія яшчэ не сустракаліся, але гэта лагічна: мы расцём, праграма таксама ўдасканальваецца. Лепш у мяне ідуць геаметрычныя задачы, а над алгебраічнымі заданнямі яшчэ трэба будзе папрацаваць. Я займаюся на ўроках, факультатыўных і дадатковых занятках у гімназіі, самастойна дома (штодзень на матэматыку затрачваецца дзесьці 1,5 гадзіны). Ёсць усе шансы набраць больш высокі бал.
Ксенія Аляксееўна ЯЛОПАВА, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 146 Мінска:
— Я выкладаю англійскую мову ў профільных класах на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі каля 10 гадоў. Кожны год практычна ўсе мае вучні-выпускнікі здавалі экзамен па англійскай мове ў форме цэнтралізаванага тэсціравання для паступлення ва УВА. Штогод я аналізавала заданні тэстаў для ўступных экзаменаў, рыхтавала да іх навучэнцаў на факультатыўных і дадатковых занятках. Адначасова з гэтым вялікую ўвагу ўдзяляла падрыхтоўцы да абавязковага выпускнога экзамену па замежнай мове, які праходзіў у вуснай форме.
Прызнаюся, у пачатку гэтага навучальнага года змяненні ў выніковай атэстацыі выклікалі нямала пытанняў і прымусілі панервавацца. Ніхто не ведаў, чаго чакаць ад цэнтралізаванага экзамену. Толькі калі быў праведзены рэпетыцыйны ЦЭ, усё стала на свае месцы. Сталі зразумелымі відавочныя перавагі ўведзеных змяненняў. Думаю, у гэтым годзе нагрузка на навучэнцаў выпускных класаў павінна зменшыцца, бо яны здаюць толькі два выпускныя экзамены па сваім выбары. Станоўчым момантам з’яўляецца і тое, што вынікі гэтых экзаменаў будуць улічвацца пры паступленні ва УВА, а самі экзамены пройдуць у форме тэстаў.
Удзел у РЦЭ дапамог маім навучэнцам адчуць атмасферу іспыту і паглядзець, якія будуць экзаменацыйныя заданні ў гэтым годзе. Прычым у цэлым па гімназіі, як паказала практыка, выпускнікі, каб убачыць свой узровень валодання тым ці іншым вучэбным матэрыялам, выбіралі менавіта той прадмет, у якім былі менш упэўнены. Навучэнцы падзяліліся сваімі ўражаннямі, і, па іх словах, яны практычна ніякіх адрозненняў ад першага этапу РТ не ўбачылі. Усе пагадзіліся, што заданні не былі складанымі. Вядома, вынікі ва ўсіх атрымаліся розныя: усё залежала ад узроўню падрыхтоўкі на момант здачы рэпетыцыйнага экзамену (у сярэднім гімназісты здалі РЦЭ на 70—75 балаў, практычна ўсе рыхтаваліся без рэпетытараў). Дарэчы, з 27 вучняў установы, якія здавалі англійскую мову, 10 атрымалі вынік вышэй за 80 балаў (гэта дзясятка). Але затое для многіх навучэнцаў з’явілася дадатковая матывацыя да больш стараннай падрыхтоўкі да выпускных іспытаў. Чым дакладна ўсе засталіся задаволены — гэта шкалой пераводу балаў у адзнаку. Шкала пераводу гнуткая: усе вучні пацвердзілі свае гадавыя адзнакі альбо палепшылі іх. Стала зразумела, што заданні цэнтралізаванага экзамену нічым не адрозніваюцца ад ЦТ, толькі заданняў у частцы В стала больш, і складанасць змянілася. Пытанні, якія навучэнцы задавалі адразу пасля РЦЭ, каб праверыць, ці правільна яны адказалі, паказалі, што тэст сфарміраваны на аснове заданняў базавага ўзроўню асваення вучэбнай праграмы па прадмеце. Таксама навучэнцы ўсвядомілі, якія ёсць недахопы ў ведах і на што трэба рабіць акцэнты ў далейшай падрыхтоўцы да іспыту. Наперадзе яшчэ трэці этап РТ, дзе можна патрэніравацца і праверыць свае веды, і пару месяцаў падрыхтоўкі да галоўных выпрабаванняў. Вялікі плюс бачу ў тым, што ў выпускнікоў стане менш падстаў для хваляванняў і больш часу для падрыхтоўкі да тых прадметаў, якія яны збіраюцца здаваць.
На сайце РІКВ штогод выкладваецца спецыфікацыя для падрыхтоўкі да ЦТ, а цяпер і ЦЭ. Аналізую, гляджу, што ёсць у тэстах за мінулыя гады, што патрабуецца ў вучэбнай праграме, і распрацоўваю праграму дадатковых заняткаў на год. Атрымліваецца, што, калі вучні пісалі РЦЭ, мы прайшлі толькі палову тэм. Па праграме засталася яшчэ палова. Мы іх і будзем разбіраць. На ЦЭ больш памылак вучні дапусцілі па словаўтварэнні, лексіцы, былі цяжкасці ва ўжыванні прыназоўнікаў. На ўроках мы адпрацоўваем навыкі камунікатыўных зносін, лексічны матэрыял, а вось на дадатковыя заняткі, дзе сістэматызуюцца назапашаныя за розныя гады веды, выносім граматыку. У падрыхтоўцы вельмі дапамагаюць сучасныя вучэбныя дапаможнікі, якія не толькі дазваляюць развіць камунікатыўныя навыкі на высокім узроўні, але і даюць добрую лексічную і граматычную базу.
Лічу, каб паспяхова здаць экзамен, дастаткова мець трывалыя веды на ўзроўні праграмы сярэдняй школы, рыхтавацца арганізавана і сістэматычна, пастаянна паўтараць пройдзеныя тэмы, рашаць заданні ЦТ папярэдніх гадоў і ўважліва чытаць усе заданні пры выкананні цэнтралізаванага экзамену.
Кірыл МАНУЛІК, навучэнец 11 класа гімназіі № 146 Мінска:
— У гэтым годзе я адзін з тых, хто выбраў англійскую мову на рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену. Англійскую мову планую здаваць і ў маі. Яна мне падабаецца як прадмет і лёгка даецца. Хачу паступіць у БДУ на факультэт міжнародных адносін.
Выпрабаванне праходзіла ў БДПУ імя Максіма Танка. Рэпетыцыя экзамену была арганізавана на высокім узроўні: нас сустрэлі валанцёры, дапамаглі знайсці патрэбныя аўдыторыі, патлумачылі, дзе можна даведацца цікавую для нас інфармацыю.
На мой погляд, экзамен быў не вельмі складаным. Былі лёгкія пытанні і тыя, над якімі трэба было падумаць. У заданнях часткі В, якая здаецца больш складанай, я не дапусціў памылак. Памылкі былі ў самым простым: заданнях з артыклямі. Самымі простымі для мяне падаліся заданні па рабоце з тэкстам, бо на ўроках мы многа ўзаемадзейнічаем, расказваем тэмы, самі складаем тэксты, выконваем розныя заданні да іх. Таму гэта цяжкасцей не выклікала. Для мяне асноўнай складанасцю была невядомасць, бо не ведаў, што чакае. А вось калі сеў за работу, засяродзіўся, зразумеў, што гэта амаль ЦТ, хваляванне адступіла.
Тэст я здаў на 79 балаў (да дзясяткі крыху не хапіла). У будучыні планую палепшыць свой вынік. Рэпетыцыйны экзамен дазволіў даведацца ўзровень сваёй падрыхтоўкі і зрабіць пэўныя высновы. Ёсць магчымасць, улічваючы памылкі, падрыхтавацца да паспяховай здачы ЦЭ напрыканцы навучальнага года. За два месяцы трэба дасканала прапрацаваць артыклі і часціны мовы.
Наталля КАЛЯДЗІЧ