Якімі прафесійнымі ўменнямі павінен валодаць педагагічны работнік, у якога ў класе ёсць дзіця са СДУГ

- 10:33Компетентно

Круглы стол па пытаннях навучання і выхавання дзяцей з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасцю (СДУГ) прайшоў у канферэнц-­зале “Настаўніцкай газеты”.

Дзе сёння могуць атрымаць адукацыю дзеці са СДУГ і якія спецыяльныя ўмовы неабходна ствараць для такіх дзяцей? Якімі прафесійнымі ўменнямі павінен валодаць педагагічны работнік, у якога ў класе ці групе ёсць дзіця са СДУГ? Удзельнікі сустрэчы за круглым сталом — прадстаўнікі сістэмы адукацыі і бацькоўскай грамадскасці — абмеркавалі самыя актуальныя пытанні па тэме.

У сустрэчы прынялі ўдзел:

Альбіна Леанідаўна Давідовіч, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі;

Вікторыя Уладзіміраўна Жыгалка, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі;

Алена Алейзаўна Муліца, галоўны спецыяліст упраўлення дашкольнай адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі;

Вера Валер’еўна Хітрук, дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка;

Наталля Валер’еўна Драздова, дырэктар Інстытута псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка;

Марына Аляксандраўна Ільіна, дырэктар гімназіі № 13 Мінска, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

Лада Іванаўна Верхавенка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 10 Мінска; 

бацькі дзяцей з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасцю.

Кісларод спачатку сабе, а потым дзіцяці

Альбіна Давідовіч:

— Любое дзіця ў нашай краіне мае права атрымаць якасную адукацыю, каб знайсці свой шлях у жыцці і стаць паспяховым. Наконт дзяцей са СДУГ мы актыўна ўзаемадзейнічаем з Міністэрствам аховы здароўя. Па яго статыстыцы ў Беларусі ва ўзросце да 6 гадоў 275 дзетак маюць СДУГ, ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў — 1750 дзяцей. Такі дыягназ устанаўлівае ўрач-псіхіятр арганізацыі аховы здароўя.

Наталля Драздова:

— СДУГ — гэта комлекс неўралагічных праблем, якія выразна праяўляюцца ў паводзінах дзіцяці і якія навакольныя лю­дзі ўспрымаюць як сімптом нявыхаванасці і спешчанасці. Дзіця сутыкаецца з такой балючай з’явай, як сацыяльнае непрыняцце — з боку равеснікаў і дарослых. З цяжкасцямі сутыкаюцца бацькі дзяцей са СДУГ, якія разумеюць, што павінны аказваць падтрымку свайму дзіцяці, а часта самі не маюць часавага і матэрыяльнага рэсурсу гэтага зрабіць. Педагагічным работнікам паво­дзіны такіх дзяцей часта перашкаджаюць весці ўрокі, выклікаюць раздражненне, настаўнікам часам не хапае навыкаў пабудаваць урок так, каб гэтае дзіця таксама было максімальна задзейнічана ў занятках. У Інстытуце псіхалогіі мы можам прапана­ваць баць­кам дзетак са СДУГ групу псіхалагічнай падтрымкі, аднак найбольш пытанняў выклікае тое, наколькі кампетэнтныя педагогі-псіхолагі на месцах, наколькі яны гатовы да работы з дзецьмі са СДУГ. Тут доб­ра падыдзе метафара, што ў самалёце пры аварыйнай сітуацыі спачатку трэба забяспе­чыць кісларод сабе, а потым свайму дзіцяці. Мы павінны разумець, што стан дарослых, якія знаходзяцца побач з дзіцем са СДУГ, таксама мае значэнне і з’яўляецца важным. 

Жыць якасна тут і зараз

Альбіна Давідовіч:

— Любы настаўнік-прадметнік сутыкаецца ў сваёй практыцы з дзіцем са СДУГ. Педагогі павінны мяняць свае падыходы ў навучанні дзяцей з паводзінскімі асаблі­васцямі, таму што мяняецца час, у якім мы жывём. Ім неабходна абавязкова чуць бацькоў навучэнцаў са СДУГ. Можа, у нас ёсць праблемы ў падрыхтоўцы спецыялістаў, педагогаў-псіхолагаў?

Вера Хітрук:

— Я ўпэўнена, што няма дрэнных дзяцей, ёсць дзеці, якім дрэнна. Каб аказаць дзецям са СДУГ якасную прафесійную дапамогу, магчыма, нам варта перагледзець падрыхтоўку педагогаў-псіхолагаў. Маё цвёрдае перакананне: дзіця не павінна быць заложнікам кампетэнцый канкрэтнага настаўніка.

Наталля Драздова:

— Нам неабходна добрае інфармаванне. Важна данесці да педагогаў, што такое сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасць. Калі такое дзіця ігнаруе патрабаванні настаўніка, гэта не значыць, што яно іх не чуе. Яно ўсё добра чуе, усё разумее, але зрабіць нічога не можа. Нам важна навучыць дзіця са СДУГ жыць са сваёй асаблівасцю, улічваючы індывідуальныя здольнасці і магчымасці. Думаю, што ёсць неабходнасць інфармавання педагогаў у выглядзе відэалекцый, метадычных памятак. Мы можам распрацаваць і падрыхтаваць памяткі для бацькоў, для педагогаў.

Таццяна К., маці дзіцяці са СДУГ:

Жыць хочацца тут і зараз, і жыць якасна. Мы сутыкнуліся са сваім дзіцем як з яго поўным непрыняццем у школьным калектыве, так і з педагогамі, якія, нават не валодаючы спецыяльнымі навыкамі, інтуітыўна ставіліся да дзіцяці са СДУГ па-добраму. І яны наладжвалі з маім сынам выдатнае ўзаемадзеянне. Напрыклад, малады трэнер па плаванні, пачуўшы, што ў майго дзіцяці СДУГ, адразу сарыен-
таваўся: “Усё зразумела. Зна­чыць, будзем праца­ваць з ім іншымі метадамі”. Па маім вопыце, нельга сказаць, што інфармавання ў педагагічным асяроддзі няма, яно ёсць. Але тут усё залежыць ад чалавека.

Хацела падзяліцца ўласным вопытам пераходу дзіцяці ў іншую ўстанову адукацыі. У школе, дзе вучыўся мой сын, у пачатковых класах настаўнікі катастрафічна не спраўляліся з задзірыстасцю майго дзіцяці. Хаця гэта была не задзірыстасць, а павышаная рэакцыя на правакацыйныя дзеянні. Па яго словах, ён проста даваў здачы. Дзеці ў класе былі нядрэнныя, звычайныя, але вакол майго сына пачало ўтварацца не­здаровае асяроддзе. Мы перайшлі ў новую адукацыйную ўстанову, і там з бойкамі справіліся за 2 тыдні. У нашай гімназіі — агульная каштоўнасць: “Не — канфліктам. Не — бойкам. Не — сваркам”. Імгненная зваротная сувязь: калі канфлікт адбыўся на ўроку, яго разбіраюць адразу на перапынку. Кожны канфлікт разбіраецца асобна, падрабязна, з прыцягненнем усіх удзельнікаў і без уцягвання ў канфлікт бацькоў. Аб канфліктах я даведвалася постфактум, калі яго ўдзельнікі даўно памірыліся. Такім чынам, не адбываецца наслойванне канфліктаў з падвя­дзеннем пад штампы — “ты заўсёды”, “зноў ты” і г.д.

Вольга К., маці дзіцяці са СДУГ:

— Прынцып “не — булінгу”, асабліва да таго, хто не такі, як ты, павінен быць агульным для кожнай установы адукацыі. Гэта той мінімум, з якога варта пачаць гэтую работу ў любой школе.

Рыхтаваць да разнастайнасці

Марына Ільіна:

— Нам трэба падумаць пра стварэнне агульнарэспубліканскага рэсурсу па тэме адукацыі і выхавання дзяцей з асаблівымі патрэбамі. Думаю, можна ўключаць у інструктыўна-метадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі да пачатку навучальнага года матэрыял па стварэнні сістэмы інклюзіўнай адукацыі ва ўстанове адукацыі. Магчыма, сёння такі матэрыял не актуальны для пэўнай школы, а заўтра ён бу­дзе запатрабаваны, калі прыйдзе вучыцца дзіця са СДУГ.

А наконт прыняцця дзяцей са СДУГ і іх сем’яў… Давайце бу­дзем праўдзівымі. Калі ў класе гаворыш, што ў ім будзе вучыцца такое дзіця, я не ведаю, якое педагагічнае ўменне павінна быць у настаўніка, каб не выклікаць непрыязнасці з боку бацькоў звычайных дзяцей.

Вера Хітрук:

— Не трэба на гэтым акцэнтаваць увагу. Класны кіраўнік павінен сказаць на бацькоўскім схо­дзе, што ў класе будуць розныя дзеці. Бацькоўскі калектыў трэба рыхтаваць не да канкрэтнай сітуацыі, а да разнастайнасці праяўленняў розных навучэнцаў. Наш інстытут прапануе ўстановам адукацыі супрацоўніцтва, стварэнне культуры ўстановы адукацыі — гэта класны інструмент. Усе супрацоўнікі школы прымаюць у ім удзел. Культура ўстановы адукацыі — гэта пра ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу: загадчыка дзіцячага сада, дырэктара школы, выхавальніка і настаўніка, вучня, пра тых, хто забяспечвае функцыянаванне ўстановы. Але нельга забываць і пра сям’ю. Таму што фарміраванне інклюзіўнай культуры пачынаецца менавіта там.

Марына Ільіна:

— Неабходны запуск рэспуб­ліканскага праекта, які будзе інфармаваць грамадзян Беларусі, што грамадства складаецца з розных людзей. Мы ўсе розныя. Лю­дзі павінны гэта ўлічваць. Пакуль жа праблемы дзяцей са СДУГ вядомыя толькі ў педагагічным асяроддзі. Неабходна выхоўваць у нашага грамадства агульную інклюзіўную культуру.

Таццяна К., маці дзіцяці са СДУГ:

— Пры запуску гэтага праекта важна акцэнтавацца на выснове, чаму прыняцце чалавека, які адрозніваецца ад іншых, будзе карысным для ўсяго грамадства. Прысутнасць у класе дзіцяці з асаблівымі патрэбамі абагачае і звычайных дзяцей, выхоўвае ў іх маральныя якасці.

На сваім месцы

Альбіна Давідовіч:

— Некалькі гадоў назад у ІМП па дашкольнай адукацыі мы аб’ядналі матэрыялы для звычайных і спецыяльных дашкольных устаноў. Трэба прааналізаваць, як мы гатовы да ўзаемадзеяння з баць­камі. Бо можна навучыць любога настаўніка, але калі бацькі не бу­дуць гатовы да супрацоўніцтва, мала што атрымаецца.

Таццяна К., маці дзіцяці са СДУГ:

— Я са сваім дзіцем прайшла праз некалькі прыватных медыцынскіх цэнтраў з кансультацыямі і функцыянальнымі абследаваннямі. Аднак мне прасцей, бо я жыву ў сталіцы. А што рабіць баць­кам, якія жывуць у маленькім населеным пункце? Акрамя школы, яны нідзе не могуць атрымаць дапамогу. Установа адукацыі — гэта астравок разважнасці, кампетэнтнасці, талерантнасці. Як і раней, яна з’яўляецца ў грамадстве не толькі адукацыйна-выхаваўчым, але і маральным, культурным і сацыяльным цэнтрам.

Святлана І., маці дзіцяці са СДУГ:

— Калі я, педагог па адукацыі, зразумела, што ў майго дзіцяці СДУГ, я прыйшла ў школу і папрасіла дапамагчы. Мне адказалі, што я проста дрэнна выхоўваю сваё дзіця. Пакуль што нават у педагагічным асяроддзі назіраецца адмаўленне праблемы дзіцяці са СДУГ.

Вера Хітрук:

— Тут трэба абавязкова ра­біць агаворку: пакуль. Аднак жыццё мяняецца. Нядаўна я для сябе сфармулявала думку, што я, выпускніца 1986 года дэфекталагічнага факультэта педуніверсітэта, не магла сабе ўявіць, што майго прафесійнага жыцця хопіць на тое, каб убачыць, як у нашай краіне на самым высокім дзяржаўным узроўні будзе ставіцца задача навучання дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці. Магу сказаць, што наша краіна правяла каласальную работу. Нам самім трэба паважліва ставіцца да права любога чалавека быць не такім, як іншыя.

Святлана І., маці дзіцяці са СДУГ:

— Мая прапанова — унесці ў ІМП пункт, што дзіцяці з асаблівасцямі ў паводзінах варта вызначыць месца ў класным кабінеце, лепш у крокавай даступнасці да настаўніка. Я сутыкнулася з тым, што настаўніку прасцей адса­дзіць шумнае дзіця падалей ад сябе. Мне раней не даводзілася працаваць з вучнямі са СДУГ, а сёння ў маім класе ёсць такое дзіця. І з усяго педагагічнага калектыву я адна з нямногіх, хто гаворыць пра яго: “Нармальнае дзіця. Ну сядзіць яно пад партай — няхай сядзіць. Яно ж там вучыцца”.

 

Алена Муліца:

— У інструктыўна-метадычным пісьме да пачатку бягучага навучальнага года ўжо ёсць падраздзел “Работа з дзецьмі з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіпер­актыўнасцю”. Там педагогам даюцца канкрэтныя рэкамендацыі па прымяненні пэўных прыёмаў: утрыманне ўвагі дзіцяці, змены заданняў і г.д. З рабочым месцам для дзіцяці са СДУГ рэкамендацыі бываюць розныя: дзесьці гэта месца побач з настаўнікам, а дзесьці гэта некалькі рабочых месцаў у класе (асноўная парта і канторка), каб дзіця магло з аднаго месца перайсці на другое і знізіць свой узровень трывож­насці. У далейшым мы плануем падрыхтаваць асобнае ІМП для работы з дзецьмі са СДУГ — на аснове рэкамендацый, распрацаваных Інстытутам псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. 

Альбіна Давідовіч:

— Любое пытанне патрабуе дэталёвага абмеркавання, у якім удзельнічаюць на роўных усе зацікаўленыя. Мы будзем выбудоўваць паслядоўныя дзеянні, і наша сустрэча — пачатак работы. Толькі разам і на пазітыве мы пачнём фарміраваць культуру прыняцця дзяцей са СДУГ.

Наталля КАСТЭНКА
Фота с сайта pixabay.com