Педагогі абмеркавалі інавацыйныя падыходы ў фарміраванні духоўна багатай асобы

- 11:53Духовность и патриотизм, Компетентно

Семінар педагагічных работнікаў устаноў адукацыі, які прайшоў у сталічнай школе № 207, па сутнасці, стаў працягам размовы аб духоўна­-маральным выхаванні, пачатай у “Настаўніцкай газеце” з удзелам педагогаў краіны.

Удзельнікі семінара змаглі больш пад­рабязна азнаёміцца з інавацыйным праектам аб укараненні мадэлі семантызацыі духоўна-маральных паняццяў і катэгорый на аснове традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа і ўзяць напрацоўкі калег сабе ў практыку. 

У размове ўзялі ўдзел Г.І.Нiкалаенка, прафесар кафедры педагогiкi i мене­джменту АПА, доктар педагагiчных навук, кансультанты iнавацыйнага праекта І.У.Таяноўская, прафесар кафедры рыторыкi i методыкi выкладання мовы i лiтаратуры БДУ, доктар педагагiчных навук, Т.Ф.Пашковiч, намеснiк начальнiка цэнтра развiццёвых педагагiчных тэхналогiй АПА, кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі рэгіёнаў краіны.

Асаблівы сэнс

Словамі аб духоўнасці пачаў сустрэчу іерэй Мікалай Поўны, намеснiк кіраўніка Сінадальнага аддзела БПЦ па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі. Ён гаварыў пра духоўна-маральнае развіццё дзяцей і падлеткаў, ролю педагогаў, творчае ўзаемадзеянне Беларускай Праваслаўнай Царквы і ўстаноў адукацыі. Высока ацаніў назапашаны вопыт сталічнай школы № 207. Яе дырэктар К.П.Саўчук, знаёмячы гасцей з установай, адзначыла: “Па ўзросце мы яшчэ вельмі маладыя (у красавіку будзе 30 гадоў), але маем свае традыцыі ў выхаванні і навучанні. Місія школы — фарміраванне духоўна багатай, фізічна здаровай, творчай асобы, і тут мы маем добрыя вынікі. Толькі за мінулы навучальны год нашы выхаванцы атрымалі больш за 200 дыпломаў”.

Транслятарам новых педагагічных ідэй, сучасных падыходаў і творчых педагагічных знаходак з’яўляецца гарадскі рэсурсны цэнтр эстэтычнай накіраванасці, створаны на базе ўстановы. Акрамя таго, школа — базавая пляцоўка для правядзення метадычных семінараў, майстар-класаў, круг­лых сталоў і творчых конкурсаў.

З 2021 года навучальная ўстанова ўдзель­нічае ў рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэ­лі семантызацыі духоўна-маральных паняццяў і катэгорый на аснове традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа”. Калі характарызаваць паняцце “семантызацыя”, то гэты працэс увасабляе разнастайныя спосабы разумення навучэнцамі глыбокага сэнсу духоўна-маральных паняццяў, уплывае на фарміраванне ўстойлівай светапогляднай пазіцыі, на прыняцце хрысціянскай маральнасці. Педагагічная мэтазгод­насць праекта заключаецца ў выкарыстанні ўнікальных магчымасцей вопыту праваслаўнай педагогікі, развіцці патэнцыялу праваслаўных традыцый і каштоўнасцей у духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні дзяцей і навучэнскай моладзі. Сут­насць праекта — стварэнне прадуктаў, дзякуючы якім больш шырокае кола навучэнцаў зможа актыўна знаёміцца з духоўна-маральнымі паняццямі. Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей з’яўляецца ключавым для бацькоў, грамадскасці і дзяржавы ў цэлым. Актуальнасць яго была ва ўсе часы, а сёння асаб­ліва. На жаль, цяпер назіраецца зніжэнне духоўнага здароўя сучаснага грамадства. Бездухоўнасць, нізкі ўзровень маральнасці, адсутнасць сапраўднага паняцця любові да роднай зямлі — усё гэта здольна разбурыць чалавека.

“Таму мы імкнёмся процістаяць гэтаму і выхоўваць навучэнцаў на ідэалах духоўнасці, — адзначыла М.А.Варакса, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. — Няма вышэйшага мастацтва, як мастацтва выхавання. Таму ідзе пошук новых шляхоў і інавацыйных падыходаў у фарміраванні духоўна багатай асобы”. 

Па словах Марыны Алегаўны, рэалізацыя праекта дапамагае навучэнцам на­быць асабісты вопыт духоўна-маральнага характару, які дазваляе ствараць аўтарскія, адукацыйныя, творчыя прадукты і ажыццяўляць сацыяльна значную дзей­насць. Гэты вопыт старэйшыя вучні з высокай зацікаўленасцю перадаюць малодшым у хо­дзе сумесных мерапрыемстваў, дзе зроблены асаблівы акцэнт на пе­раемнасці. Педагагічны калектыў школы, які складаецца з энтузіястаў, творчых людзей, адданых сваёй прафесіі, імкнецца быць узорам духоўнасці і маральнасці для сваіх выхаванцаў. Інакш і нельга. Выхаванне дзяцей пачынаецца з асобы педагога, таму яго прафесійны і духоўны рост — важны складнік выхавання падрастаючага пакалення.

Каштоўнасць традыцый

Усе праектныя тэмы, над якімі працу­юць педагогі, маюць практычную накіраванасць. Іх мэта — ствараць аўтарскія метадычныя прадукты для выхаваўчай работы. Сярод іх — электронныя сродкі (вучэбныя вэб-квесты, медыяазбука); асабістыя даследаванні навучэнцаў; вучэбна-метадычны дапаможнік “Урокі маральнасці” і відэаматэрыялы з інсцэніроўкамі прытчаў аб духоўнасці. Рыхтуецца наглядна-метадычны дапаможнік на дзвюх дзяржаўных мовах пад назвай “Які ён, беларус?!”, дзе будуць адлюстраваны лепшыя якасці душы беларускага народа: міралюбнасць, працавітасць, гасціннасць, таленавітасць, добразычлівасць, адданасць роду, гісторыі, традыцыям. Вельмі актыўна выкарыстоўваюцца элементы драматызацыі, кінаўрокі, гульнявыя заданні з прымяненнем IT-тэхналогій, розныя сацыяльныя практыкі, тэхналогіі народнай педагогікі.

Вопыт практычнага выкарыстання асобных форм і метадаў праектнай дзейнасці быў прадстаўлены ў майстар-класах педагогаў. На майстар-класе Л.С.Гурынай дзеці вучыліся ствараць сапраўдную беларускую ляльку-матанку, даведаліся пра яе віды, гісторыю ўзнікнення і сферу прымянення. А вось на майстар-класе С.Г.Шэшукавай і Н.К.Лагуновіч госці сталі сведкамі літаратурна-музычнай кампазіцыі “Сямейныя сустрэчы”. Дзеці ігралі інсцэніроўкі, выразна чыталі тэксты, рабілі літаратурны мантаж і нават стваралі дрэва ўдзячнас­ці. Для выхавання такой якасці, як удзячнасць, на майстар-класе “Удзячнае слова” настаўнікі С.Л.Зусько і А.Ф.Гулюк выкарыстоўвалі разнастайныя інтэрактыўныя прыёмы, разам рашалі крыжаванку, слухалі вершы і глядзелі мультфільм па тэме. Яшчэ адзін цікавы майстар-клас “Духоўна-маральнае выхаванне з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій” падрыхтавалі настаўнікі В.С.Васільцова і А.С.Трус. Падчас заняткаў яны прымянілі гульнявыя метады, у тым ліку тэхналогію вэб-квеста, а таксама метады работы з інфармацыяй — вэб-сайты, прэзентацыі, метад асацыяцый “Воблака слоў” і іншыя тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення. Прыйшліся даспадобы прысутным інсцэніроўкі лялечнага тэатра батлейка, які сваімі павучальнымі спектаклямі дапамагае пазнаць найлепшыя чалавечыя якасці, узбагачае душу станоўчымі эмоцыямі.

“Рэалізуючы інавацыйны праект, педагогі нашай школы імкнуцца сказаць дзецям галоўныя словы, вызначыць з імі асноўныя кірункі, на якіх трымаецца наша жыццё, увесь свет, — падкрэсліла дырэктар К.П.Саў­чук. — Гэта словы аб духоўным багацці, справядлівасці і спачуванні, міласэр­насці і шчырасці душы. Ад гэтых слоў залежыць наша будучыня”.

Стварэнне сістэмы работы з навучэнцамі па духоўна-маральным выхаванні немагчыма без прадуманай сістэмы работы з педагогамі. Таму ў школе праводзіцца мэтанакіраваная работа па павышэнні духоўнай культуры педагогаў.

За рамкамі праекта

Школа не абмяжоўваецца рамкамі інавацыйнага праекта і шырока распаўсюджвае практыку супрацоўніцтва з БПЦ у духоўна-маральным выхаванні маладога пакалення. Шэраг такіх мерапрыемстваў прадстаўлены ў плане пад назвай “Дарогу асіліць той, хто ідзе”. Сёння асаб­ліва востра адчуваецца патрэба ў адукацыйных мадэлях, якія забяспечваюць менавіта духоўна-маральны кірунак у змесце адукацыі. Задача педагогаў школы — паказаць сапраўдныя чалавечыя якасці, са­дзейнічаць вяртанню да духоўных крыніц і на каштоўнасных асновах фарміраваць асобу навучэнца. Безумоўна, надзейнымі партнёрамі ў гэтым павінны быць бацькі, з якімі трэба трымаць трывалую сувязь. Гутаркі па пытаннях маральнага выхавання дзяцей у сям’і павінны стаць пастаяннымі, эфектыўнымі і мець асветніцкі характар.

Педагог-псіхолаг школы А.Д.Гусева паведаміла, што мерапрыемствы носяць культуралагічны характар, што дазваляе аб’яднаць сацыяльна значныя справы з духоўна-маральным і патрыятычным выхаваннем маладога пакалення ў духу праваслаўных традыцый, захаваўшы пры гэтым свецкі характар адукацыі. Стварэнне сістэмы работы з навучэнцамі па духоўна-маральным выхаванні немагчыма без прадуманай сістэмы работы з педагогамі. Таму ў школе праводзіцца мэтанакіраваная работа па павышэнні духоўнай культуры педагогаў. Яны вучацца праваслаўнай педагогіцы ў сучасным выхаваўчым працэсе, асновам праваслаўнай культуры і методыцы яе выкладання.

У школе праходзяць семінары духоўна-маральнага напрамку як для педагогаў, так і непасрэдна для класных кіраўнікоў, удзяляецца належная ўвага курсавой пад­рыхтоўцы педагогаў. Навучэнцы наведваюць Беларускі культурны цэнтр духоўнага адраджэння, які размяшчаецца на тэрыторыі храма-помніка, дзе знаёмяцца з гісторыяй стварэння мемарыяла памяці герояў войн, а таксама Свята-Елісавецінскі манастыр і іншыя духоўныя аб’екты. У рамках узае­мадзеяння з Беларускай Праваслаўнай Царквой наладжана цеснае супрацоўніцтва з нядзельнай школай прыхода прападобнага Серафіма Сароўскага як з сацыяльнай установай для арганізацыі дабрачынных акцый і рэалізацыі валанцёрс­кай дапамогі.

Дзіцячаму харавому калектыву “Камертон” пад кіраўніцтвам Ю.А.Жыліч, які выконвае духоўную музыку, уласціва высокае майстэрства пагружаць слухачоў у асабліва пранікнёную атмасферу, у якой схаваны глыбокія нацыянальныя карані, бо гэта — жывая крыніца духоўнасці, новых інтанацый, гармоніі светаўтварэння. Дзеці з задавальненнем выконваюць духоўныя спевы. І такіх прыкладаў духоўнага выхавання падрастаючага пакалення ў школе шмат.

Аб’яднанне намаганняў установы адукацыі, бацькоўскай грамадскасці, царкоўных і грамадскіх арганізацый у выхаваўчай рабоце з дзецьмі дазваляе выкарыстоў­ваць патэнцыял праваслаўных традыцый і каштоўнасцей з найбольшым эфектам.

Ала КЛЮЙКО