У красавіку 2021 г. Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Своеасаблівым каардынацыйным цэнтрам па даследаванні і абагульненні ўстаноўленых гістарычных звестак, якія тычацца асобных пытанняў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, стаў Інстытут гісторыі НАН Беларусі.
Да пачатку 2023 г. па крымінальнай справе аб генацыдзе беларускага народа дапытана 16 тыс. чалавек, з іх звыш 7,6 тыс. — вязні лагераў смерці. Рэспубліка страціла больш за палову свайго нацыянальнага багацця. Прамая матэрыяльная шкода, нанесеная нашай краіне акупацыяй, вылічаецца ў 75 млрд рублёў (у цэнах 1941 г.), што ў 35 разоў перавысіла бюджэт рэспублікі.
У ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе ўстаноўлена больш за 10,5 тыс. вёсак (каля 9,2 тыс. — да пачатку расследавання), што пацярпелі ў гады акупацыі, у тым ліку не менш за 216 населеных пунктаў (186 — да ўзбуджэння крымінальнай справы), якія падзялілі лёс Хатыні, гэта значыць былі цалкам знішчаны разам з жыхарамі і не адрадзіліся пасля вайны.
Страшным пацвярджэннем зверстваў фашыстаў з’яўляюцца вынікі правядзення пошукавых работ, у тым ліку раскопак у месцах масавага знішчэння насельніцтва. У 2022 г. пры каардынацыі Генеральнай пракуратурай дзейнасці 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна праведзены палявыя пошукавыя работы ў 25 месцах пахаванняў ахвяр генацыду. У 2023-м запланавана правядзенне палявых пошукавых работ у 35 такіх месцах. Адно з буйных месцаў масавага знішчэння людзей, устаноўленае падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе, знаходзіцца ва ўрочышчы Іванаўшчына Лагойскага раёна. Згодна з заключэннем экспертаў, на гэтай тэрыторыі знойдзены астанкі 1 020 чалавек, больш за палову з якіх — жанчыны і дзеці.
У ходзе пошукавых работ у Бешанковіцкім раёне з зямлі падняты астанкі не менш за 80 чалавек, большасць з якіх — жанчыны і дзеці. Знойдзены шматлікія фрагменты абутку, у тым ліку дзіцячага, гузікі, расчоскі, а таксама патроны і гільзы, некаторыя з якіх прамаркіраваныя эмблемай SS.
Атрыманы звесткі аб наяўнасці не менш як 7 месцаў масавага пахавання часоў Вялікай Айчыннай вайны паблізу ўрочышча Уручча пад Мінскам з агульнай колькасцю пахаваных каля 38 тыс. чалавек.
Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа працягваецца.
***
…22 сакавіка 1943 г. карнікі з’явіліся ў Хатыні. Жыхароў вёскі сагналі ў хлеў і падпалілі, тых, хто выбягаў, расстрэльвалі. Усяго было знішчана 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. Выратавацца змаглі 6 дзяцей і 1 дарослы. Вёска (26 двароў) была цалкам спалена. Дакладна вядома, што адзіным дарослым, хто цудам выжыў у трагедыі, быў Іосіф Камінскі. Гэта наш Непакорны чалавек, яго асоба непарушная, як і сама Хатынская трагедыя.
З успамінаў І. Камінскага: «…І мяне павялі ў той хлеў… Дачка, сын і жонка — там. І людзей столькі нагналі, што руку не падымеш… Падпалілі зверху, гарыць дах, агонь на людзей сыплецца, душацца гэтыя людзі, так здушылі, што і дыхаць ужо няма магчымасці… Тут дзверы расчыніліся, а людзі не выходзяць. Што такое? А там страляюць, гавораць. Але крык такі, што стрэлу таго і не чуваць… Я сыну кажу: «Праз галовы, праз галовы трэба!». Падсадзіў яго. А сам па нізе, па нагах… Толькі да парога дапоўз, а дах і абваліўся, агонь на ўсіх… Сын выскачыў таксама. Адбег метраў пяць — яго і паклалі. На ім людзі пабітыя — з кулямёта ўсе… «Уставай, яны паехалі ўжо!», — кажу. Стаў яго выцягваць, аж у яго і кішкі ўжо… Спытаў яшчэ толькі, ці жывая мама… Не дай бог нікому, хто на зямлі жыве, бачыць і чуць гора такое…».
Надзея ЦЕРАХАВА
Фото с сайта khatyn.by