Яна ведае! 10-класніца стала фіналістам рэспубліканскага тэлепраекта і падзялілася ўражаннямі

- 9:00Новости

Навучэнка 10-га класа сярэдняй школы № 1 Чавусаў Яна Ратнікава — пераможца алімпіяд і даследчых конкурсаў. Нядаўна дзяўчына выйшла ў фінал рэспубліканскага тэлепраекта «Я ведаю!» — сумеснага праекта Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Яна адзінае дзіця ў сям’і, яе бацькі прыкладаюць шмат намаганняў для ўсебаковага развіцця дачкі. Цеснае ўзаемадзеянне школы і сям’і Яны — важная ўмова яе поспехаў. Дзяўчына двухразовая пераможца абласной алімпіяды па геаграфіі, рыхтавалася пад кіраўніцтвам настаўніка Паўла Кнігі. Таксама з’яўляецца пераможцай раённай алімпіяды па англійскай мове, раённых даследчых конкурсаў па біялогіі і рускай мове.

На беларускае тэлебачанне для ўдзелу ў праекце «Я ведаю!» Яна адправілася разам з класным кіраўніком, настаўніцай хіміі і біялогіі Марынай Казак. За перамогу змагаліся 12 школьнікаў з розных куткоў Беларусі. Але стаць фіналістам атрымалася толькі ў Яны.

Разам з маёй сям’ёй я ўвесь час гляджу тэлеперадачу, марыла паўдзельнічаць у ёй, — гаворыць Яна. — З радасцю пагадзілася, калі мне прапанавалі паспрабаваць свае сілы. Прайшла папярэдні анлайн-адбор, дзе трэба было адказаць на 20 пытанняў з розных галін навукі. Мая мара спраўдзілася! Рыхтавалася з настаўнікамі па ўсіх прадметах, разбірала складаныя тэмы. Шмат чытала, асабліва энцыклапедычную літаратуру. Нават па дарозе ў Мінск з маёй настаўніцай Марынай Іванаўнай абмяркоўвалі тэорыю па хіміі і біялогіі. Хвалявалася падчас гульні. Складанымі для мяне аказаліся заданні па выяўленчым мастацтве і музыцы. Алімпіядны вопыт па геаграфіі дапамог справіцца з пытаннямі з гэтай сферы. Напрыклад, пра значэнне зорак на сцягу Аўстраліі — у сузор’і Паўднёвы Крыж. Рэзка выйшла наперад у параўнанні з сапернікамі я толькі напрыканцы гульні ў чацвёртым туры. Пытанні прапаноўваліся вельмі цяжкія, але і ўдзельнікі спаборніцтваў выступалі годна, сярод іх былі ліцэісты і гімназісты. Здараліся моманты, калі ў мяне была аднолькавая колькасць балаў з асноўнымі сапернікамі, і тады вырашальную ролю мела хуткасць адказаў, хто з дзяцей першым націснуў кнопку.

Я. Ратнікава набрала 45 балаў, а яе найбліжэйшы сапернік — 37. Хваляванне перайшло ў слёзы радасці і масу іншых станоўчых эмоцый ад атрымання падарункаў, віншаванняў сваякоў, аднакласнікаў і настаўнікаў. Зараз школьніца рыхтуецца да суперфіналу праекта «Я ведаю!», які адбудзецца 22 сакавіка.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва школы